Вы тут

Як хлопец з далёкага Узбекістана стаў старастам пружанскай вёскі


У невялікім узбекскім гарадку, каля самага Самарканда, амаль паўвека таму ў сям'і Намазавых нарадзіўся хлопчык. Паводле дакументаў яго запісалі Жаўкон, але маці больш падабалася імя Рахім — так яго і сталі называць з лёгкай рукі матулі. Хто б мог падумаць, што Рахім стане жыхаром беларускай вёскі, нават яе старастам, і ўсе аднавяскоўцы ў Бакунах будуць яго паважаць і называць «наш Рахім»?


Свят­ла­на і Ра­хім На­ма­за­вы.

Пад Самаркандам у яго быў свой дом са светлай тэрасай і вялікім вінаграднікам. Паводле тамтэйшага звычаю, бацька ўзводзіць дамы для кожнага з сыноў. У іх сям'і ўсяго восем дзяцей — чатыры браты і чатыры сястры. Так што бацька Рахіма з дапамогай сыноў пабудаваў чатыры дамы. Браты справілі наваселлі, а Рахімаў дом стаяў без гаспадара. І 23 гады таму яны з жонкай пачалі пераезд ва Узбекістан. Пачаць-пачалі, ды не закончылі, бо не лёс...

...Пасля заканчэння школы і сельскагаспадарчага тэхнікума Рахім Намазаў быў прызваны ў армію. Служыць трапіў пад Пружаны, у пасёлак Засімавічы. Тут і сустрэў мілавідную ўкраінку Святлану. Яна спачатку працавала ў родным Луцку на заводзе. А потым сяброўка выцягнула на Пружаншчыну. Таксама лёс. Такім чынам у пружанскай вёсцы ўтварылася новая інтэрнацыянальная сям'я, як аказалася, шчаслівая. Працавалі муж з жонкай у калгасе жывёлаводамі. Атрымалі ў Бакунах спачатку пакой ў інтэрнаце, потым кватэру ў двухкватэрным доме. У савецкія часы кожны год ляталі на радзіму мужа.

— Білет ад Мінска да Ташкента каштаваў 60 рублёў, — згадвае Рахім. — Цяпер прамога самалёта няма, трэба дабірацца праз Маскву. Апошні раз, як наведвалі радню, паездка для аднаго ў адзін бок абышлася прыкладна ў 1000 долараў.

Калі з распадам Саюза выбірацца на радзіму стала ўсё цяжэй, задумаў галава сям'і вярнуцца ў свой дом, які доўга яго чакаў, назаўсёды. У 1993 годзе быў заказаны кантэйнер, і ўсе хатнія пажыткі вагой у тры тоны адправілі чыгункай у Самарканд. Пераехаў і Рахім. Святлана з малодшым сынам павінны былі прыехаць крыху пазней, калі муж усё падрыхтуе да іх прыезду. І раптам яна захварэла, трапіла ў бальніцу. Праблема аказалася сур'ёзнай, месяц-другі ўрачы забаранілі ёй рухацца.

Цяпер Святлана Іванаўна гаворыць, што так, відаць, трэба было. Рахім не змог доўга чакаць — узяў білет і вярнуўся ў Беларусь. Цяпер яны ніколькі не шкадуюць, што так склалася. Мінулі 90-я, жыццё наладзілася. Святлана і Рахім працавалі на ферме. Падрасталі два сыны і дачка.

Цяпер усе дзеці на сваім хлебе, усе працуюць. Але ж, вядома, бацькі ўсім дапамагаюць. Дачка Наргіза стварыла сям'ю першай і парадавала бацькоў унукамі. Нядаўна і малодшы сын прадставіў бацькам нявесту. Ну а старэйшы пасля ўніверсітэта заняты вытворчымі клопатамі ды кар'ерным ростам, сям'я — у яго пазнейшых планах.

У гаспадарцы Намазавы заўсёды былі ў ліку найлепшых. Абое шмат гадоў працуюць на ферме тэхнікамі-асемянатарамі. Рахім па спецыяльнасці заатэхнік, за столькі гадоў работы вывучыў і тонкасці ветэрынарыі. Ва ўсёй акрузе ведаюць яго як знаўцу свойскай жывёлы. Усе клічуць, як прыхварэе свінка альбо карова целіцца, і патрэбная кваліфікаваная дапамога. Не было выпадку, каб Рахім некаму адмовіў. Таму і ведаюць яго ў навакольных вёсках, нават у аддаленых.

У гэтай сувязі аднойчы здарыўся канфуз на выбарах у мясцовыя Саветы, які Святлана цяпер згадала са смехам. Яна тады была членам участковай камісіі. А па Бакунах у сельскі Савет выбіралі яе мужа. Прыйшла на ўчастак бабулька з іншай вёскі, атрымала бюлетэнь і спытала, дзе тут паставіць адзнаку, каб прагаласаваць за Рахіма. Ёй сталі тлумачыць, што па яе вёсцы вылучаны іншы кандыдат. Але выбаршчыца стаяла на сваім: «Я прыйшла галасаваць за Рахіма!».

Таму не даводзіцца здзіўляцца, што ўзбека Намазава жыхары беларускіх Бакуноў абралі сваім старастам. Многія грамадскія справы робяцца цяпер у двары Намазавых. Тут людзі збіраліся, напрыклад, каб вырашыць пытанне наконт пакупкі электрапастуха. Сабралі грошы, купілі. Цяпер, як той казаў, гора не ведаюць.

Але любое электраабсталяванне, як вядома, патрабуе догляду. Менавіта Святлана сочыць за тым, каб у запасе былі элементы сілкавання да таго «пастуха». «Яшчэ ў мяне 105 тысяч рублёў ляжыць на батарэйкі, — кажа яна, — і ўсе гаспадары кароў гэта ведаюць». З фінансамі — поўная празрыстасць.

І хоць старастам з'яўляецца Рахім, усю грамадскую работу яны робяць удваіх. Гэта і веснавая альбо асенняя ўборка вёскі: вуліц і асноўных грамадскіх месцаў. І асаблівы клопат пра могілкі, якія знаходзяцца ў Радзецку. Вось і цяпер працягваецца збор сродкаў на рамонт капліцы. Дарэчы, сама вёска Радзецк маленькая, засталося ў ёй менш за два дзясяткі чалавек. Там нічога няма з сацыяльных аб'ектаў, толькі аўталаўка прыязджае. Таму сёлета жыхары Бакуноў вырашылі павіншаваць суседзяў на калядныя святы. Сабраліся ўдзельнікі самадзейнасці на чале са Святланай, запрэглі каня і паехалі калядаваць. «Ой, як яны былі рады! — расказвае Святлана Іванаўна, — запрашалі ў хату, прасілі прыязджаць яшчэ. Мы зразумелі, што трэба часцей ладзіць такія выезды, каб падтрымаць людзей з маленькай аддаленай вёскі».

Старасту паважаюць яшчэ і таму, што ён можа не толькі арганізаваць, але і многае робіць сам. Ну вось, вырашылі грамадой, што крыж павінен быць не толькі ў цэнтры вёскі, але і на ўездзе. Рахім з суседам самі зрабілі той крыж і ўстанавілі. А жанчыны ўжо даглядаюць, упрыгожваюць.

— Добра жывём, дружна, — гаворыць Рахім Намазаў.

А ў тым, што ў Бакунах дружныя і добразычлівыя людзі, удалося ўпэўніцца самой. Калі мы завіталі да Намазавых, яны толькі вярнуліся з фермы. Тут жа забегла суседка, якая жыве праз дарогу, і паведаміла: «Я вашу карову пакарміла, бо яна голас падавала».

yackevіch@zvіazda.by

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Наш Рахім

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.