Вы тут

Усё пра стаматалогію пад наркозам


Рэакцыя на слова «наркоз» амаль ва ўсіх бацькоў аднолькавая — страх. За рэдкім выключэннем — калі нехта ўжо даверыўся такому гуманнаму спосабу лячэння і добра ведае, наколькі гэта проста, бяспечна і даступна. Стаматалогіяй пад наркозам у нашай краіне займаюцца дзве сталічныя ўстановы — 4-я гарадская дзіцячая клінічная бальніца і стаматалагічны цэнтр «Медэксперт-плюс», дырэктар якога, Андрэй БОБІН,
тлумачыць падрабязнасці.


— Мясцовая анестэзія, або «замарозка», як кажуць у народзе, добра ўсім вядомая і вельмі шырока прымяняецца ў стаматалогіі. Агульная анестэзія — гэта наркоз, пры якім поўнасцю страчваецца прытомнасць. Ідэя выкарыстання наркозу ў сусветнай стаматалогіі нарадзілася даўно, а распаўсюджванне атрымала дзякуючы ўсведамленню таго, што многім пацыентам абсалютна не дастаткова «абязболіць». У некаторых яшчэ трэба «выключыць» страх.

— Адкуль наогул бярэцца страх перад урачамі-стаматолагамі?

— З папярэдняга няўдалага вопыту лячэння зубоў. Такі вопыт мы маем з дзяцінства. Бывае, пацыент баіцца ўжо нават не самога болю, а гуку бормашыны, урачоў-стаматолагаў і г.д. Моцны страх і стрэс, перажытыя ў малодшым дзіцячым узросце, могуць атруціць усё жыццё.

— Можа быць, стаматолагі павінны шукаць нейкія спецыфічныя падыходы да пацыентаў?

— Ёсць пацыенты, у дачыненні да якіх лепшым падыходам будзе наркоз. Скажам, дзеці. Бацькі, якія месяцамі (!) спрабуюць угаварыць дзіця пагадзіцца адкрыць роцік, ведаюць, аб чым размова. У 3-4 годзікі дзіця проста не разумее, што вы ад яго хочаце, а крыху пазней, як правіла, ужо мае адмоўны вопыт лячэння, і вы дакладна нічога не растлумачыце.

Ёсць яшчэ дарослыя, якія захавалі стэрэатыпы страху з дзяцінства — яны заўсёды прыгадваюць, як жудасна іх, малых, «палячылі», якім шокам гэта стала. І гэта не дзіўна. Дзіцячая псіхіка моцна адрозніваецца ад дарослай.

Магчымасць лячэння пад наркозам патрабуецца і пацыентам, у якіх ёсць цяжкія захворванні — аўтызм, алігафрэнія і іншыя. Але асноўныя нашы пацыенты — здаровыя дзеці і дарослыя з глыбокім стэрэатыпам страху. Простай размовай, двума-трыма фразамі, якія можа дазволіць сабе ўрач падчас прыёму, праблему не вырашыш...

Не сакрэт, што ў развітых краінах даўно і паспяхова выкарыстоўваюць, напрыклад, спінальны наркоз падчас родаў. На жаль, у нас гэтая паслуга для невялікай часткі кліентаў. Лячэбныя ўстановы не спяшаюцца асвойваць падобны вопыт. Тое ж самае і ў стаматалогіі — пакуль проста няма зацікаўленасці ў аказанні такой паслугі. Відавочна, патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты-анестэзіёлагі. Што характэрна, яны ёсць.

— Значыць, галоўнае — трапіць да добрага спецыяліста, а наркозу самога па сабе можна не апасацца?

— Анестэзія ў стаматалогіі з'явілася ў канцы 1990-х. Анестэтык, які мы выкарыстоўваем, — сучасны нізкаалергенны і высокакіруемы прэпарат, выкарыстоўваецца ў многіх клініках нашай краіны, як кампанент — нават у кардыяхірургіі... Калі б выбар быў за дзецьмі, то яны, запэўніваю вас, выбралі б агульную анестэзію, і ніяк інакш. Аднак бацькі сапраўды баяцца нават самога слова «наркоз», бо не ўсведамляюць, што сумны вопыт наведвання стаматолага значна горшы.

— Як выглядае сама працэдура лячэння?

— Прэпарат уводзіцца ўнутрывенна. Спачатку ставіцца катэтар — не іголка, якую некалі ўводзілі ў вену і трымалі рукой, а спецыяльная прылада для працяглага ўвядзення прэпаратаў. Укол, вядома, ёсць, і дзіця можа рэагаваць на яго, але гэта рэакцыя не працягнецца даўжэй за хвіліну, максімум дзве. Як толькі паставілі катэтар, уводзіцца прэпарат, ён пачынае дзейнічаць праз 40 секунд. Такім чынам, знаёмства са стаматолагам не адбудзецца, а значыць, захаваецца добрае стаўленне да такога спецыяліста.

— Падчас лячэння ўрач-анестэзіёлаг застаецца побач?

— Ён застаецца побач падчас усяго працэсу падачы анестэтыка. Наогул анестэзіёлаг можа пакінуць пацыента толькі ў выпадку, калі той апрытомнеў або ў стане сну пад назіраннем, напрыклад, тых жа бацькоў... Існуе паняцце кіравання наркозам — магчымасць хуткага абуджэння па нейкіх прычынах. Для гэтага, дарэчы, і ствараліся прэпараты з кароткім тэрмінам дзеяння. Пасля першага ўвядзення такога прэпарату можна разбудзіць пацыента праз 10 хвілін. Гэтага дастаткова, каб выдаліць зуб. А можна працаваць даўжэй, дадаючы новую дозу прэпарату. Кантроль за станам пацыента адсочваецца на маніторы — пульс, ціск і насычэнне кіслародам.

— Дыягностыка праводзіцца з удзелам бацькоў?

— Абавязкова, бо кожная маніпуляцыя выконваецца толькі з іх згоды — наркоз, агляд, лячэнне...

— Як доўга можа доўжыцца адзін візіт?

— Абмежаванне ў дачыненні да ўнутрывеннай анестэзіі — 1 гадзіна. За гэты час можна вылечыць да дзесяці малочных зубоў. Можна праводзіць і прафілактыку, калі паверхню здаровага зуба закрываюць пламбіровачным матэрыялам.

Якасць лячэння важная не толькі для пацыента, але і для ўрача. Наркоз з'яўляецца пэўным гарантам забеспячэння гэтай якасці. А без наркозу... Нават калі мы ўгаворым дзіця адкрыць рот, гэта яшчэ не азначае, што мы прывядзём належныя маніпуляцыі. Тым больш калі бацькі страцілі час на ўгаворы і з'явілася гнойнае ўскладненне карыесу — пульпіт.

— Ці былі выпадкі алергіі на прэпарат?

— Важнае пытанне, і адказ на яго — не было. Анестэтык, якім мы карыстаемся, не змяшчае бялковых малекул, якія здольныя выклікаць алергічны стан.

— Як адбываецца вывядзенне са сну?

— Раней урач будзіў дзіця праз 10 хвілін пасля завяршэння работы стаматолага. Дзеці былі пры гэтым вельмі незадаволенымі — як і раніцай, калі іх спрабуюць рана падняць. Гэта звязана з некаторымі асаблівасцямі прэпарату, поўнае вывядзення якога адбываецца праз пяць гадзін. Тое, што мы закончылі падаваць наркоз, яшчэ не азначае, што ён пакінуў арганізм. Наркоз ужо не дзейнічае, але на змену глыбокаму сну прыходзіць павярхоўны. Мы даём магчымасць пацыенту паспаць цягам 40 хвілін пад наглядам бацькоў.

— Што яшчэ ўплывае на дзеянне наркозу?

— Самае важнае, што неабходна мець на ўвазе, — галаданне цягам трох гадзін для дзяцей і цягам шасці — для дарослых... Проціпаказанні ж ёсць толькі для дарослых з хранічнай сардэчнай недастатковасцю ў стадыі дэкампенсацыі (калі пацыент адчувае сябе дрэнна, у яго арытмія, задышка, высокі ціск).

Увогуле, лячыць зубы пад наркозам можна хоць штодня. Той, хто працуе з наркозам, будзе гаварыць толькі аб плюсах гэтай магчымасці і будзе мець рацыю.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лечым зубы... у сне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».