Вы тут

Прэзідэнт даручыў наладзіць новую сістэму работы Мінгандлю


Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў, прымаючы з дакладам міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча.


Кіраўнік заявіў аб сваім намеры ўдзяляць найбольшую ўвагу рабоце сферы гандлю. Ён прыгадаў, што ў савецкія часы «гандаль быў тварам улады». Тое самае можна сказаць і сёння, бо чалавек сутыкаецца з ім кожны дзень. Але ў пераходны перыяд, па словах Прэзідэнта, «мы вырашылі, што, у прынцыпе, гандаль не патрэбны: ёсць прадпрыемствы, у залежнасці ад попыту і прапановы гандлюем...»

Гэта прывяло да таго, што гандаль, з аднаго боку, прыціснуў вытворцаў, а другой рукой забраў грошы ў спажыўца. «І ў нас, паглядзіце, сёння людзі, якія працуюць у гандлі, сталі самымі заможнымі. Я не супраць прадпрымальнікаў, я не супраць элементаў уласна гандлю, але я катэгарычна супраць незаробленых грошай», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Я лічу, што грошы, перш за ўсё, павінны атрымліваць тыя, хто тавар вырабляе, а гандаль павінен мець сваю нейкую маржу або долю ад цаны гэтага тавару, але гандаль не павінен быць абдзіралаўкай. Я падводжу да таго, што якое б мы даследаванне ні праводзілі, народ больш за ўсё хвалюе рост цэн», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у краіне трэба стварыць сістэму гандлю і паказаць усім, што гэта сур'ёзная галіна, і яна можа быць адносна сумленнай. Дамагчыся апошняга будзе няпроста. «Але падысці да гэтага, імкнуцца да гэтага трэба. І вы павінны ў краіне стварыць гэтую сістэму», — запатрабаваў Прэзідэнт. Звяртаючыся да міністра гандлю, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:» Хто б вам што ні казаў, вы будзеце наўпрост адказваць перада мной. І перад народам». Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у гэтым годзе былі прынятыя меры для працы ў роўных умовах усіх гандлёвых структур: дзяржаўных і прыватных, замежных і айчынных.

«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась! Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, трэба разумець, што, завёзшы ў краіну тавар нават добрай якасці, «мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасць. Не будзе яна развівацца». Тым больш калі завезены тавар — без дакументаў, без сертыфікатаў. «Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. «І потым, яны павінны разумець, што сертыфікацыя тавараў — гэта толькі першы крок. Мы ў гэтым годзе зробім усе крокі. Тавар, таваратранспартныя накладныя, усе суправаджальныя дакументы, сертыфікацыя — прыязджай, гандлюй. Няма гэтага — гандляваць не будзеш», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што надалей гэты бізнес будзе падкантрольны: «Тады лёгкая прамысловасць, гандаль будзе ў нас у Беларусі для ўсіх: і для іпэшнікаў, іншых прыватнікаў, і для дзяржпрадпрыемстваў — у роўных умовах. Яны гэтага заўсёды патрабуюць — дайце нам роўныя ўмовы. Вось роўныя ўмовы».

Паводле слоў Прэзідэнта, ствараючы новую сістэму гандлю ў краіне, трэба разгледзець пытанне і аб перадачы Мінгандлю функцый іншых ведамстваў: «Калі вы возьмеце антыманапольную службу сабе, калі возьмеце інспекцыю па кантролі за цэнаўтварэннем, за арганізацыяй гандлю, — калі ласка».

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад новага міністра арганізаваць «сістэму пасярэдніцтва паміж вытворцам і спажыўцом такім чынам, каб яны мелі сваё, але заробленае. Каб тыя, хто вырабляе тавар, меў сваё ад той цаны, якая сёння даходзіць да спажыўца». Прэзідэнт параіў міністру адарвацца ад усіх канонаў і стварыць «нармальную сістэму, якая б дазваляла арганізаваць прыватны і дзяржаўны гандаль».

Прэзідэнт даручыў таксама звярнуць увагу на працу пасярэднікаў. Паводле яго слоў, у гэтай сферы апошнім часам адзначаюцца буйныя правапарушэнні: «Дзесьці танна за мяжой купілі, тут да 200-300% даражэй прадалі, грошы вывелі ў афшор». Прэзідэнт дадаў, што не варта забываць і пра гандаль па экспарце, на знешніх рынках. «Гэта значыць трэба гэтую галіну зрабіць нармальнай, карыснай для дзяржавы і для людзей і прапісаць нармальныя правілы, каб і гандляры на нас не крыўдзіліся, яны патрэбныя, і каб народ перадусім быў задаволены той сістэмай, якая ў нас павінна існаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Калтовіч у сваю чаргу далажыў, што ў галіне занята 14% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры гэтым па меры развіцця гандаль сыходзіць з рынкаў. Так, за 10 гадоў удзельная вага рынкаў знізілася з 37% да 18%.

На сустрэчы размова ішла аб мерах па абароне ўнутранага рынку, аб неабходнасці павелічэння долі айчынных тавараў, недапушчэнні зніжэння асартыменту, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Асаблівая ўвага была ўдзелена тэме кантролю за пратэрмінаванымі выплатамі. У сувязі з гэтым прынята рашэнне аб стварэнні міжведамаснай камісіі, якая будзе займацца гэтымі пытаннямі.

Асобна ўвага была засяроджана на неабходнасці забеспячэння таварамі насельніцтва, якое пражывае ў малых гарадах. Прэзідэнт даручыў узяць гэтае пытанне на кантроль. Кіраўнік дзяржавы лічыць таксама неабходным аднавіць былую сістэму камбінатаў бытавога абслугоўвання, а яшчэ ствараць крамы крокавай даступнасці.

Прэзідэнт даручыў на працягу першага квартала стварыць неабходную прававую базу для дзейнасці міністра гандлю, а таксама прадставіць яму праект указа, у якім будуць прапісаныя новыя функцыі Міністэрства гандлю.

Загаловак у газеце: Ад вытворцы да спажыўца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?