Вы тут

Чаму таксісты выступаюць супраць Uber?


На мінулым тыдні Мінск увайшоў у спіс гарадоў, жыхары якіх разам з традыцыйнымі спосабамі выкліку таксі могуць карыстацца сервісам Uber — папулярным мабільным дадаткам. Хутчэй за астатніх на навіну адрэагавалі сталічныя таксісты — дзясяткі кіроўцаў сабраліся на стыхійную сустрэчу, падчас якой абмяркоўвалі план дзеянняў па абароне сваіх правоў. Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў разабрацца, што насамрэч прынясе ў Беларусь Uber.


Заказ аўтамабіля адбываецца пры дапамозе праграмы на смартфоне. Дадатак прапаноўвае карыстальніку некалькі варыянтаў машын паблізу, пасля чаго пасажыр выбірае кіроўцу. У салоне — ніякіх звыклых лічыльнікаў і дыспетчарскай апаратуры, толькі ўсё той жа смартфон. Дыстанцыю паездкі і яе час вызначаюць праз датчыкі прылады, яна ж і разлічвае кліента. Даставаць кашалёк не трэба — акаўнты Uber прывязаныя да банкаўскіх картак. Пасля паездкі — выстаўленне адзнак: пасажырам — кіроўцу і наадварот. Такім чынам, з цягам часу нядобрасумленныя таксісты і карыстальнікі пазбаўляюцца права карыстацца Uber-ам.

Дарэчы, таксісту ўладкавацца ў кампанію на працу з машынай, старэйшай за 5 гадоў, не атрымаецца. Пазнаць аўто Uber цяжка — ніякіх звыклых «шашак» і налепак на бартах. Працаваць такім чынам могуць практычна ўсе ўладальнікі аўтамабіляў сярэдняга (Uber X) і прадстаўнічага (Uber Black) класаў. Час «таксавання» кіроўца вызначае сам — графік абсалютна вольны.

Ключавое пытанне — кошты. Тарыфы ў сервісу даволі дэмакратычныя. Паездка на папулярным Uber X каштуе 5 700 рублёў за кіламетр і 600 рублёў за хвіліну (лічбы складаюцца), яшчэ 27 тысяч спішуць за падачу машыны. Гэта параўнальна з ужо існымі ў Мінску службамі таксі. Паездка на прэміяльным Uber Black у сярэднім абыходзіцца прыкладна ў 1,5 раза даражэй.

Што гэта значыць для звычайных карыстальнікаў? Вядома, канкурэнцыя яшчэ нікому не замінала, наадварот — яна заўсёды на руку пакупніку. Магчымасць нядорага перасоўвацца па горадзе на новых аўтамабілях са зручнай і сучаснай сістэмай замовы і разліку — гэта выдатна. Ды і сістэма водгукаў і абароненасці як кліента, так і кіроўцы заслугоўвае станоўчай адзнакі.

На практыцы ж, Uber X у Беларусі пакуль працуе не так дасканала — удзень вольную машыну часам даводзіцца чакаць даволі доўга. Хутчэй за ўсё, сітуацыя з цягам часу зменіцца ў лепшы бок, калі працаваць з новым сэрвісам пачне больш кіроўцаў. Мяркуючы па водгуках у інтэрнэце, сам узровень абслугоўвання пытанняў у большасці пасажыраў не выклікае. Асабліва такі транспарт падабаецца моладзі — ніякага табе расійскага шансону з калонак ці непрыемных пахаў у салоне. У дадатак — развітая сістэма зніжак і бонусаў. Так, першую паездку на Uber X цяпер можна здзейсніць увогуле бясплатна, дастаткова ўвесці ў дадатку спецыяльны прама-код.

Што ж не задавальняе «традыцыйных» таксістаў? Галоўнае пытанне да Uber — няроўныя ўмовы працы. Маўляў, аплата страхоўкі, дарожнага збору, абслугоўванне таксометраў і шматлікія праверкі з боку дзяржавы закранаюць толькі звычайных таксістаў, тым жа, хто працуе з Uber, такія працэдуры не страшныя. Але прадстаўнікі сэрвісу сцвярджаюць, што ўсе кіроўцы аформлены як індывідуальныя прадпрымальнікі, маюць страхоўку, праходзяць кантроль з боку медыкаў і механікаў, а таму пытанняў з боку закона быць да іх не павінна... Юрыдычна Uber — гэта ўсяго толькі праграма, якая прадастаўляе асобным кіроўцам паслугі дыспетчара. Беларускім транспартным заканадаўствам магчымасць аказання дыспетчарскіх паслуг камп'ютарам пакуль ніяк не рэгламентуецца.

Тым не менш, ужо сёлета будзе распрацавана новая рэдакцыя Закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», пра гэта яшчэ ў канцы мінулага года казаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Леанід Мажэйка. Цалкам магчыма, што зусім хутка паняцце анлайн-дыспетчарскай службы і, адпаведна, сэрвісаў кшталту Uber, увойдзе ў заканадаўчы ўжытак нашай краіны.

У Міністэрстве транспарту і камунікацый даваць ацэнкі і каментаваць прыход Uber у Беларусь пакуль не спяшаюцца. І гэта не дзіўна — рэч для Беларусі новая, пакуль не зусім зразумела, у чыю зону адказнасці ўваходзіць праблема.

Трэба заўважыць яшчэ адзін аспект — прыход Uber не задавальняе далёка не ўсіх таксістаў сталіцы. Па ацэнках журналістаў, на сустрэчу ў выхадныя прыйшло каля 80 кіроўцаў. Гэта пры там, што афіцыйна зарэгістраваных перавозчыкаў у Мінску каля 6 тысяч. У размове з карэспандэнтам «Звязды» кіраўнік адной са сталічных службаў таксі сказаў, што ў яго супрацоўнікаў ніякіх пытанняў да Uber няма, яны працягваюць працаваць, як і раней.

Дарэчы, прыход Uber у большасці краін таксама суправаджаўся пратэстамі «звычайных» таксістаў, таму Беларусь далёка не першая ідзе па гэтым шляху. У Францыі, напрыклад, дайшло да масавай забастоўкі і сутыкненняў з паліцыяй. Праўда, там галоўнай праблемай было існаванне закрытага цяпер сэрвісу Uber Pop — самага таннага віду перавозак ад Uber, кіроўцамі якога могуць быць простыя аўтааматары без аніякай рэгістрацыі. Тым не менш з цягам часу незадаволенасць таксістаў ва ўсіх краінах сыходзіла на нуль, і традыцыйныя службы пачыналі суіснаваць з новымі, прычым агульная колькасць перавозак толькі павялічвалася. Хутчэй за ўсё, такі сцэнарый чакае і Беларусь, бо заўсёды знойдуцца тыя, каму зручней выклікаць машыну пры дапамозе звыклага званка ў дыспетчарскую.

Апошнія навіны па праблеме гавораць аб тым, што пэўны плён выступленне таксістаў займела — днямі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў правесці праверку ў дачыненні да працы Uber і азнаёміць з вынікамі работнікаў сферы. Таму ў хуткім часе адказ на пытанне аб правамоцнасці існавання сэрвісу ў Беларусі будзе атрыманы.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Уберагчыся ад канкурэнцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?