Вы тут

Чаго чакаюць творцы ад сімпозіуму пісьменнікаў?


Сімпозіум «Пісьменнік і час: традыцыі і пераемнасць», які пачаў учора сваю працу ў межах ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, сабраў літаратараў з 15 краін свету. Актыўны ўдзел у дыскусіях, «круглых сталах», семінары маладых пісьменнікаў прымаюць і яшчэ прымуць паэты, празаікі, літаратурныя крытыкі і з Беларусі. Вось якімі першымі ўражаннямі дзеляцца госці і гаспадары сімпозіума.


Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Яшчэ нядаўна з размоў з калегамі з краін СНД было няцяжка зразумець, што іх веданне беларускай літаратуры абмяжоўваецца, у асноўным, імёнамі, якія піку сваёй вядомасці дасягнулі ў савецкі час. Ды і наша ўяўленне пра іх літаратуры заканчвалася на той жа эпосе. Сёння сітуацыя вельмі змянілася. Не толькі паасобныя творы ў перыядычным друку — аўтарскія кнігі сучасных айчынных пісьменнікаў выходзяць і ў Расіі, і ва Украіне, і ў Азербайджане, Арменіі, Таджыкістане, іншых постсавецкіх краінах. Тое ж можна сказаць і пра адваротны працэс. Асабліва радуе, што наладжваюцца кантакты паміж маладымі літаратарамі, за якімі будучыня не толькі нашых літаратур, але і нашых міжлітаратурных узаемаадносін.

Валерый Казакоў, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі:

— 23 раз у Беларусі праходзіць Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. А ў яе рамках — унікальнае для постсавецкай прасторы мерапрыемства, на якое з'язджаюцца пісьменнікі, літаратары і выдаўцы амаль з усіх былых рэспублік Савецкага Саюза. Не, гэтыя сімпозіумы і семінары далёка не настальгічныя сустрэчы старэючых мэтраў некалі вялікай літаратуры, гэта знакавыя для нашага хуткабежнага часу сустрэчы, якія даюць энергічны імпульс усёй узаемазвязанай і жывой літаратуры нашых народаў. Асаблівае значэнне гэты форум набывае сёння, калі свет ужо па-сапраўднаму вар'яцее і на поўным сур'ёзе гатовы да новай, і хутчэй за ўсё апошняй сусветнай бойкі. Ні правадыры, ні палітыкі не ў стане спыніць катастрофу, якая насоўваецца на грамадствы і краіны, толькі пісьменнікі, толькі соль і сумленне народаў, могуць спыніць варажнечу. Галоўнае — пачуць іх галасы.

Мяркую, што мы невыпадкова сабраліся на шматпакутнай беларускай зямлі. У апошнія гады гэтая рэспубліка, гэтая дзяржава становіцца цэнтрам свету і ўзаемаадносін нават варожых паміж сабою бакоў. Заўважу, у той час, калі некаторыя дзяржавы думаюць толькі пра сваю выключнасць і ўласную шматзначнасць. І гэтая беларуская работа прыносіць свае вынікі, дае свой плён. Гэта заўважна на самым шырокім сусветным узроўні. Не выпадкова і Нобелеўская прэмія дадзена беларускай пісьменніцы. Пасля развалу Савецкага Саюза гэта першая і пакуль адзіная такога кшталту адзнака мастакоўскага таленту. Прэмія сярод усіх незалежных дзяржаў. Так што, толькі ў беларускай літаратуры ёсць свой Нобель. Упэўнены, што і сённяшні сімпозіум унясе сваю лепту ў адраджэнне нашай чалавечнасці і добрасуседства, а галоўнае — дапаможа маладым пісьменнікам напоўніцу, ва ўвесь голас заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Юлія Алейчанка, рэдактар аддзела часопіса «Полымя», літаратуразнаўца, паэт, перакладчык:

— Сімпозіум «Пісьменнік і час» павінен не толькі канстатаваць рэаліі сучаснага літаратурнага працэсу, але і акрэсліць вострыя надзённыя праблемы. Як не згубіць «твар» нацыянальных літаратур у эпоху глабалізацыі? Якія фактары станоўчым чынам уплываюць на фарміраванне ментальнай карціны свету? Як не губляць традыцыі і ўпэўнена крочыць наперад у шчыльна напоўненай інфармацыйнай прасторы? Гэтыя і іншыя пытанні мусяць быць акрэслены і асэнсаваны творчай элітай розных краін, бо паліфанія нараджае цэласную фактуру гучанння.

Беларуская літаратура набывае ўсё большы рэзананс у свеце. Таму што і самі беларусы актыўна прапагандуюць іншыя культуры і літаратуры. Нармальныя сувязі грунтуюцца не на лозунгах пра дружбу народаў, а на ведах, якія потым перадаюцца праз школу, праз мастацкі пераклад, праз жыццё. «Полымя», «Нёман», «ЛіМ» перыядычна рыхтуюць спецыяльныя выпускі, прысвечаныя літаратуры краін замежжа. Так і «беларускія» нумары пабачылі свет у перыёдыцы Расіі, Казахстана, Туркменістана, Арменіі, Таджыкістана... Супольныя кніжныя праекты яднаюць Выдавецкі дом «Звязда» з кітайскімі выдавецтвамі. А кніжная серыя «Сугучча сэрцаў» і адпаведны інтэрнэт-партал знаёмяць беларусаў з сучасным развіццём літаратуры краін СНД. Многае залежыць і ад асабістых кантактаў, творчых ініцыятыў асобных людзей. Напрыклад, у Таджыкістане беларускую літаратуру актыўна прапагандуе Ато Хамдам, у Казахстане — Святлана Ананьева, у Азербайджане — Чынгіз Алі аглу.

Як бачым, трывалыя адносіны могуць будавацца толькі на адкрытым, шчырым дыялогу і ўзаемаўзбагачэнні. «Каб несці людзям сваё, каб браць лепшае ад іншых», як раіў Вацлаў Ластоўскі яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.

Гутарыў Сяргей Шычко.

Фота Сяргея Нікановіча і Яўгена ПЯСЕЦКАГА. 

Загаловак у газеце: ...Несці людзям сваё, браць лепшае ад іншых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».