Вы тут

Гісторыя кахання, якую вам наўрад ці раскажуць у Камянцы


Некаторыя насельнікі мінулых часоў маюць дрэнную звычку спачатку памерці, а потым вяртацца з мёртвых і рабіць людзям шкоду. Але ўсё перамагае каханне.


Вежа сён­ня.

Гэта гісторыя не пра тое, як князь-манах Войшалк быў забіты сваяком — Львом Галіцкім у горадзе Уладзіміры-Валынскім у 1267 годзе. Не пра тое, як, паміраючы, Войшалк наслаў праклён на род гаспадара горада, князя Васількі і на сам горад. Нават не пра гэты горад размова. І не пра князя Васільку. Але калі б не было тых падзей, не было б і аб'екта для гэтага падарожжа.

Памёр, значыцца, Войшалк, а Васілька за ім следам, праз года паўтара ў нябыт выправіўся. Праклён падзейнічаў. І вось сын яго Уладзімір з жонкай сваёй Вольгай пакляліся рабіць справы добрыя, Богу патрэбныя, каб праклёну таго пазбегнуць. Аддавалі ў храмы абразы дарагія і кнігі, золатам пісаныя, у срэбра з перламі закаваныя. Князь будаваў цэрквы, княгіня вышывала харугвы — зноў жа золатам і перламі. Адлівалі таксама званы цудоўныя, «слуханнем небывалыя».

І што? І ўсё роўна праклён дзейнічаў: спадчынніка ў Вольгі і Уладзіміра не было. Тады яны ўзялі ў беднай шматдзетнай сям'і дзяўчынку нованароджаную. Заплацілі бацькам столькі, каб тыя больш ніколі не бедавалі, і выхоўвалі яе як князёўну, Ізяславай назвалі.

На­па­ле­он Ор­да ба­чыў ве­жу ў Ка­мян­цы вось та­кой.

А яшчэ аднаго разу пачула княгіня, што калі адкрыць Біблію наўгад і прачытаць, што напісана ў першым вершы, і зрабіць тое, то можна праклёну пазбавіцца назаўсёды. Адкрыла Вольга Біблію — і прачытала: «Воздвигнути городы пусты...» Горад, значыцца, на пустой зямлі збудаваць.

Ну, добра.

Зямлю знайшлі не проста пустую, а спрэс каменную. І назвалі горад Камянцом з той прычыны. І як збудавалі яго, дык і іншы горад, дзе праклён прамаўляўся, святлець пачаў — быццам ачуняла ўсё.

Думалі, цяпер будзе добра. Дзе там...

Памёр князь Уладзімір Васількавіч, да сарака гадоў не дажыўшы, ад нарыву на твары. А перад тым як памерці, сказаў, што княгіні сваёй завяшчае горад Кобрын «з людзьмі і данінаю», і сяло Гарадло «з мытам», і яшчэ манастыр. І што калі Вольга раптам не захоча ў манашкі пастрыгчыся, дык няхай жыве, як ёй лепш будзе, бо яму ўсё роўна не ўстаць і не паглядзець, што робіцца.

Рамантыкам

Трапіўшы ў Камянецкі раён, варта знайсці схаваную ў глыбіні Белавежскай пушчы вёску Ражкоўка, каб пакланіцца іконе Божай Маці Ражкоўскай. Ікона гэта напісана ў 1943 годзе раненым нямецкім салдатам па загадзе нямецкага афіцэра — пасля таго як апошняму з'явілася на аблоках незвычайнай прыгажосці жанчына з немаўлём на руках. Афіцэр той збіраўся выканаць прысуд у дачыненні да жыхароў Ражкоўкі — аддаць каманду расстраляць іх за дапамогу партызанам. Ужо была выкапана яма, ужо «асуджаныя» былі сагнаны да яе, ужо падлятаў да месца «пакарання» нямецкі самалёт з пісьмовым прысудам, які збіраліся зачытаць вяскоўцам перад іх смерцю, і раптам... Афіцэр узіраецца ў аблокі — а там Маці Божая паказвае на зямлю, у бок Ражкоўкі. Зразумеў немец, што прысуд лепш адмяніць, а самалёт разварочваць назад і ляцець па дакумент аб «памілаванні». Так была выратавана цэлая вёска. А салдат, які пісаў пасля ікону, — напісаўшы яе, акрыяў. У тым жа годзе ў вёсцы была збудавана драўляная цэркаўка. Яна і цяпер там стаіць, сінім колерам вабіць.

Трэба толькі ведаць, што Ражкоўка — населены пункт, размешчаны ў пагранічнай зоне, і значыць, для наведвання яе трэба мець пры сабе дакумент для пацвярджэння асобы, а таксама квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны (0,2 базавай велічыні, дзейнічае на тэрыторыі ўсіх пагранічных зон Беларусі на працягу года). Каардынаты Ражкоўкі для вашага навігатара: 52.53302, 23.69519.

А княгіня Уладзіміра вельмі кахала. І пастрыглася ў манашкі яшчэ да яго пахавання. І паверыла, што ён цяпер у царстве нябесным і сам Бог яму ўсміхаецца. І каханне яе, і вера мелі такую моц, што, кажуць, праз нейкі час, калі ў сераду на перадвелікодным тыдні адкрылі труну Уладзіміра, цела яго ўбачылі белым і непарушным. І сыходзіў ад таго цела чароўны водар.

Вам, можа, пра гэта ў Камянцы не раскажуць, бо будуць распавядаць больш пра вежу, чым пра князя, што яе збудаваў.

Ну, а пра вежу што скажаш? Велічная, манументальная, «уверсе крыху вузейшая». Цэгла пакладзена на балтыйскі манер: дзве цаглінкі ўздоўж — адна ўпоперак. За стагоддзі старая кладка ператварылася ў маналіт, толькі папраўленыя месцы вылучаюцца. Уваход у вежу з ніжняга яруса быў прабіты ў мінулым стагоддзі — спецыяльна для такіх, як мы, цікаўных. Раней жа ён знаходзіўся на ўзроўні чацвёртага яруса, на вышыні каля 16 метраў, і вялі да яго прыстаўныя драўляныя лесвічкі. У ніжні ярус тым часам вёў таемны ход, па якім дастаўлялася харчаванне. Падчас асады, зразумела. І паколькі ніякай асады даўно не здараецца, ход гэты знішчаны і не ўзноўлены.

Ува­ход у ве­жу, пра­бі­ты ў мі­ну­лым ста­год­дзі  для ту­рыс­таў.

Што самае цікавае ў падарожжы, калі яно не марнае бадзянне, а ладзіцца з мэтай (ведаць сваю гісторыю, мець сваё меркаванне)? Не глядзець і бачыць, не захапляцца і ўражвацца, а трошкі іншае: назіраць і запамінаць, а потым згадваць, параўноўваць, аналізаваць. І чытаць не «пуцяводнікі»-брашуркі, а Ткачова, Чарняўскага, Рапапорта... І пачуўшы аднойчы ад некага, што Камянецкая вежа — данжон, пацікавіцца, што за данжон, — і як мінімум засумнявацца. Камянецкі «стоўп», як пішуць некаторыя гісторыкі, хутчэй нагадвае германскі бергфрыд, а не французскі данжон. Бо вежа, якая выкарыстоўваецца як часовае жыллё на час аблогі, не можа называцца данжонам. таму што данжон — гэта вежа, прыстасаваная для жылля сталага: з прадугледжаным не толькі харчаваннем, але і ацяпленнем. З іншага боку, калі данжон — гэта данжон, а бергфрыд — гэта бергфрыд, то чаму не можа быць стоўп беларускі — стаўпом? Гісторыкі на гэты конт спрачаюцца, а цікаўныя падарожнікі за спрэчкамі сочаць.

Але вернемся ў нетры Камянецкай вежы, мы ж яшчэ не ўсё паглядзелі.

Паслядоўнікам

Падарожжа да Камянецкай вежы нелагічна не сумясціць з падарожжам у суседнюю пушчу. Белавежскую, як яе называюць. Хоць вежу камянецкую не называлі белай. Ёсць меркаванне, што пушча павінна называцца Белавескай, з наўмысна прапушчанай літаркай «ж». Бо не ад слова «вежа», а ад слова «весь» — паселішча ці вёска. Ну, а чаму «весь» белая — пра гэта нікому, хто з Белай Русі, тлумачыць не трэба. Дык вось, пушча. Сядзіба Дзеда Мароза — раз, музей народнага побыту — два, музей прыроды — тры, зубры-гаспадары і К° — чатыры... Крыўдна будзе ўбачыць нешта адно і не ўбачыць нешта другое. Парада: збіраючыся ў падарожжа, высвятляйце загадзя, што ёсць паглядзець у выбраным месцы. Поўны, так бы мовіць, асартымент.

У экспазіцыі розных «паверхаў» можна бачыць сведчанні розных часоў. Наперсны энкалпіён. Гэта, па сутнасці, маленькі нацельны каўчэг са святымі мошчамі, каўчэг-крыж, які абараняў гаспадара ад напасцяў. Маленькі, а вельмі ўражвае. Як і бронзавы пярсцёнак канца ХІІ стагоддзя: старэйшы за вежу на цэлы век — як ён тут апынуўся? Знойдзены на гарадзішчы пры раскопках. Тое, што было адкапана ў магільніках, увогуле паходжаннем з Х стагоддзя. Таксама ўражвае. Асабліва скроневыя кольцы. Што яшчэ? Кафля XVІ стагоддзя, з выявамі людзей і кветак, пабітая. Дзіцячая свістулька XVІІ стагоддзя, у выглядзе рыбкі з вочкамі, з адбітым хвосцікам.

Глядзіш на гэтыя прадметы — і губляешся ў часе, і думаецца, што час — гэта так, нешта дробнае, чаго амаль зусім не існуе. Ну, або лёгка пры патрэбе перасякаецца. А мы — па-за часам, над ім уладарым... Яго падарожнікі. І князь Уладзімір Васількавіч — наш знаёмы. Папытаць хіба ў яго састаў цэглы, якая за сем стагоддзяў мацнейшая стала?..

Загаловак у газеце: Вежа Васількавіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».