Вы тут

Прыродны феномен уплывае на ўсю планету


Летась ахвярамі стыхійных бедстваў на планеце сталі 23 тысячы чалавек. Самым разбуральным аказаўся землятрус у Непале — 9 тыс. жыццяў. З прычыны анамальнай спякоты ў Індыі і Пакістане мінулым летам загінулі 3670 чалавек, а ў Еўропе — 1250. Усе гэтыя лічбы, Зразумела, паводле афіцыйнай статыстыкі. Рэальны маштаб можа адрознівацца.

Увогуле матэрыяльныя страты ад разгулу стыхіі цягам мінулага года ацэньваюцца ў 90 мільярдаў долараў. Прыкладам, «кошт» землятрусу — амаль $5 млрд. Як заўважаюць спецыялісты, пераважная большасць (94 працэнты) усіх прыродных катаклізмаў звязана з кліматычнымі зменамі. Адна з самых «уплывовых» прыродных з'яў — Эль-Ніньё. На яе рахунку засухі, ураганы, цунамі, незвычайнай сілы і працягласці ліўні, паводкі. І ў выніку — не толькі разбурэнні, чалавечыя жыцці, а і павышэнне цэн на шэраг харчовых тавараў і нават змяншэнне нафтавых каціровак. Чаго чакаць ад загадкавага Эль-Ніньё?


Выхад «Бруса Лі»

Як тлумачаць навукоўцы, Эль-Ніньё — гэта натуральная прыродная з'ява, якая паўтараецца з даволі няпэўнай перыядычнасцю (з'яўляцца можа праз розную адлегласць часу — ад двух да сямі гадоў, працягласць таксама не аднолькавая). Узнікае, калі тэмпература марской паверхні ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна павялічваецца і пачынае ўплываць на паветраныя масы і маршруты іх перамяшчэння на планеце. Упершыню таямнічую з'яву заўважылі шмат гадоў назад на Каляды, адсюль і назва — з іспанскай «эль ніньё» перакладаецца як «хлопчык, немаўля». Самыя магутныя Эль-Ніньё назіраліся ў 1972-1973, 1982-1983 і 1997-1998 гадах. На думку спецыялістаў цэнтра прагназавання кліматычных змен пры Нацыянальным упраўленні акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША, цяперашні «хлопчык» (якога, дарэчы, назвалі сімвалічна — «Брус Лі») можа стаць адным з найдужэйшых за апошнія 65 гадоў.

Што ж рабілася летась на «блакітнай прасторы»? Сезон ураганаў — 2015 у Атлантычным акіяне, усходняй і цэнтральнай частках Ціхага акіяна, у адпаведнасці з метэаралагічным календаром, завяршыўся 30 лістапада. Як адзначаюць у НАСА, ён быў адзначаны вялікай колькасцю бур і новымі метэаралагічнымі рэкордамі.

Сітуацыя ў Атлантычным акіяне была некалькі спакайнейшай, чым звычайна — трэці год запар сярэдняя актыўнасць штормаў ніжэй за сярэднюю. Тым часам ураганы і цыклоны летась ахапілі рэгіёны, якія звычайна застаюцца ўбаку ад штармавых цэнтраў — цэнтральную частку Ціхага акіяна і Аравійскае мора (паўночны захад Індыйскага акіяна). У сваю чаргу «блакітная прастора» ад Азіі да Амерыкі ў гэты перыяд была пад уладай штормаў, справакаваных менавіта Эль-Ніньё.

У 2015 годзе ў паўночным паўшар'і прашлі 30 моцных ураганаў, тайфунаў і цыклонаў. Гэта новы рэкорд (папярэдні — 23 патэнцыйна разбуральныя кліматычныя з'явы — быў усталяваны ў 2004-м). Як заўважаюць спецыялісты, 25 з гэтых штормаў дасягнулі катэгорыі 4 ці 5, што таксама з'яўляецца новым рэкордам (папярэдні складаў усяго 18). У НАСА на падставе інфармацыі, атрыманай ад Нацыянальнай метэаралагічнай службы і Грамадскага цэнтра папярэджання пра тайфуны, склалі карты руху і інтэнсіўнасці ўсіх трапічных цыклонаў 2015 года.

У пачатку мая ў Атлантычным акіяне сфарміраваўся трапічны шторм «Ана», недалёка ад паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа ЗША. Прычым адбылося гэта практычна за месяц да 1 чэрвеня — афіцыйнага старту сезона ўраганаў. Наступныя месяцы былі адносна спакойнымі. І ўсё ж ужо ў верасні быў устаноўлены яшчэ адзін рэкорд — шторм «Фрэд», які абрушыўся на астравы Каба-Вердэ, стаў самым усходнім ураганам за ўсю гісторыю метэаназіранняў у рэгіёне. Апроч таго, у лістападзе ўраган «Кэйт» прайшоўся па Багамах, стаў адным з найбольш позніх за сезон штормаў у гісторыі астраўной дзяржавы.

У НАСА таксама адзначаюць, што воды Ціхага акіяна ва ўсходняй яго частцы значна мацней нагрэліся ў 2015 годзе з-за магутнага Эль-Ніньё. Паводле звестак амерыканскага Нацыянальнага ўпраўлення па даследаванні акіянаў і атмасферы, у гэтым рэгіёне за сезон адбылося 18 штормаў і 13 ураганаў (9 з іх аднеслі да разраду актыўных). Гэта максімальная колькасць з 1971 года.

У цэнтральнай частцы Ціхага акіяна ў гэтым сезоне таксама было надзвычай неспакойна: у рэгіёне вышэй экватара ад 140 да 180 градусаў заходняй шыраты было зафіксавана 14 штормаў і 8 ураганаў (папярэдні рэкорд, устаноўлены ў 1982 годзе, складаў 4 ураганы). Пяць штормаў сёлета дасягнулі катэгорыі 3 ці вышэй, тым часам як папярэдні рэкорд складаў тры штормы. Больш за тое, у жніўні ўпершыню на памяці метэаролагаў адразу тры буйныя ўраганы прайшліся па ўсходзе ад міжнароднай дэмаркацыйнай лініі сутачнага часу.

Што да заходняй часткі Ціхага акіяна, то для рэгіёна, што прылягае да Азіі і астравоў Акіяніі, цяперашні сезон быў адзначаны не гэтулькі рэкорднай агульнай колькасцю штормаў, колькі іх інтэнсіўнасцю. Так, адразу 15 тайфунаў летась дасягнулі катэгорыі 3 ці вышэй, пабіўшы рэкорды 1958 і 1965 гадоў. Як тлумачаць спецыялісты, гэта таксама звязана з уплывам Эль-Ніньё: у заходняй частцы Ціхага акіяна некаторае зніжэнне тэмпературы вады і ветру адсоўваюць цэнтр утварэння штормаў далей на ўсход, што дае ім дадатковы час «набрацца сіл».

Яшчэ адной анамаліяй сталі два цыклоны, якія раскінуліся над Аравійским морам бліжэй да канца сезона. Звычайна гэты рэгіён характарызуецца сухім надвор'ем, што не дае штормам дасягнуць сушы. І ўсё ж у лістападзе практычна цягам тыдня Емен і блізкі востраў Сакотра былі ва ўладзе магутнага трапічнага шторму і ўрагану.

З засухі — у залеву

Пакуль навукоўцы дакладна не высветлілі прычыны з'яўлення Эль-Ніньё. Прадказаць яго даволі складана. У наш час спецыялісты спрабуюць зразумець, ці з'яўляецца гэты прыродны феномен вынікам глабальнага пацяплення альбо ён мае іншую прыроду.

Амерыканскія навукоўцы забілі трывогу: даследаванні паказваюць, што з'ява Эль-Ніньё перавышае ўсе прагнозныя паказчыкі. Даследчыкі зафіксавалі павышэнне тэмпературы вады Ціхага акіяна на тры градусы. Феномен звязалі з глабальным пацяпленнем і Эль-Ніньё. Разаграванне акіяна — часовая з'ява, але, лічаць навукоўцы, яна можа паўтарыцца.

Як адзначае Сусветная метэаралагічная арганізацыя, Эль-Ніньё-2015 увойдзе ў тройку наймацнейшых паўднёвых асцыляцый
з 1950-га. Увогуле мінулы год аказаўся насамрэч непрадказальным і патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы цёплы за ўсю гісторыю назіранняў ажно з 1880-га. «Летась быў наймацнейшы Эль-Ніньё ў гісторыі», — перакананы прафесар Нік Клінгаман з Рэдзінгскага ўніверсітэта.

У мінулым годзе дзякуючы Эль-Ніньё ўтварыўся цёплы пласт вады, які звычайна меў выгляд танюткай палоскі, што праходзіць вакол Аўстраліі і Інданезіі. Цяпер жа ва ўсходніх тропіках Ціхага акіяна звычайна халаднаватыя воды накрыў пласт «цёпленькай».

Такое пераразмеркаванне павялічыла тэмпературу акіяна ад цэнтральнай часткі Ціхага акіяна да Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. У адных рэгіёнах пад уплывам Эль-Ніньё ўзмацніліся паводкі, тым часам як у іншых пачасціліся засухі. «У многіх трапічных краінах мы бачым скарачэнне аб'ёму ападкаў на 20-30%. Інданезія перажыла моцную засуху, а вось мусон у Індыі быў прыкладна на 15% мацнейшы, чым звычайна», — тлумачыць Клінгаман.

Яшчэ ў сярэдзіне мінулага года метэаролагі пачалі папярэджваць, што прыродны феномен Эль-Ніньё прынясе незвычайна вільготнае надвор'е ў Парагвай, Уругвай, Аргенціну і паўднёвыя раёны Бразіліі. Менавіта гэта і адбылося. У снежні 2015-га і студзені 2016 года грандыёзныя залеўныя дажджы прывялі да таго, што рэкі Уругвай, Парагвай і Парана выйшлі з берагоў. Больш за 150 тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць сваё жыллё, ратуючыся ад горшых за некалькі дзесяцігоддзяў паводак.

Вядома, што Эль-Ніньё парушае характар надвор'я, які склаўся ў розных частках планеты, — прыкладам, можа прыводзіць да больш вільготных зім у ЗША і засух на поўначы Аўстраліі. Некаторыя кліматолагі прытрымліваюцца тэорыі пра тое, што эфекты, кшталту Эль-Ніньё, будуць рабіцца больш выразнымі па меры разагравання атмасферы планеты пад уплывам парніковых выкідаў.

У чаканні «дзяўчынкі»

Навукоўцы лічаць, што Эль-Ніньё адбіваецца не толькі на надвор'і, але і на здароўі і паводзінах людзей. У прыватнасці, у адпаведны перыяд могуць разгарнуцца маштабныя эпідэміі. Таксама ў гэты час звычайна адбываюцца сацыяльныя і вайсковыя канфлікты. Паводле інфармацыі навукоўцаў, больш за 20 працэнтаў вайсковых канфліктаў справакавана Эль-Ніньё.

Моцны ўплыў гэтай глабальнай з'явы можа істотна павялічыць сёлета пагрозу ўзнікнення голаду і хвароб для мільёнаў людзей, лічаць спецыялісты гуманітарных арганізацый. Па меры таго, як засухі і паводкі будуць працягвацца, адпаведна ўзрасце і маштаб магчымых праблем. Паведамляецца, што каля 31 мільёна чалавек у Афрыцы так ці інакш адчуваюць недахоп харчавання. Гэты працэс дасягнуў свайго піку менавіта ў лютым. Трэць гэтых людзей жывуць у Эфіопіі. Паводле папярэдніх разлікаў, каля 10 мільёнаў жыхароў краіны звернуцца сёлета па гуманітарную дапамогу. У Зімбабвэ востры недахоп харчавання можа закрануць 1,5 мільёна чалавек.

Паводле звестак Сусветнага банка, яшчэ 62 мільёны чалавек у Паўднёвай Азіі могуць да 2030 года апынуцца за рысай беднасці ў выніку зніжэння ўраджайнасці і ўплыву кліматычных змен на здароўе людзей. Прадстаўнікі арганізацыі Охfаm занепакоены, што Эль-Ніньё дадасць новых праблем, якія параўнальныя з гуманітарнымі катастрофамі ў Сірыі, Паўднёвым Судане і Емене. Засуха і мусонныя дажджы ўжо закранулі два мільёны чалавек у Гватэмале, Гандурасе, Сальвадоры і Нікарагуа.

Аналітыкі аўтарытэтна сцвярджаюць, што Эль-Ніньё аказвае значны ўплыў і на глабальную эканоміку. Па канкрэтныя прыклады хадзіць далёка не даводзіцца — так, сусветныя цэны на шэраг харчовых прадуктаў (у прыватнасці, каву, рыс, какаву і цукар) ужо выраслі на 5-10%, у тым ліку і з прычыны наступстваў узмацнення непрадказальнага «хлопчыка».

Чаго ж чакаць сёлета? Навукоўцы, абапіраючыся на звесткі спецыяльных даследаванняў, прагназуюць, што сёлета Эль-Ніньё (які цяпер пайшоў на змяншэнне) можа атрымаць зваротную тэндэнцыю, — яго, магчыма, заменіць з'ява Ля Нінья (у перакладзе з іспанскай — «дзяўчынка»), якая прыносіць халоднае паветра і спрыяе ўтварэнню ўраганаў у Заходняй Атлантыцы. Пакуль уявіць сабе больш дэталёвы «сцэнарый» развіцця падзей не могуць нават спецыялісты. Чакаем «дзяўчынку».

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вялікае «рэха» Эль-Ніньё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.