Вы тут

«Скеміць на траіх» могуць не толькі мужчыны


На сваю галаву

Не вам казаць: «скеміць на траіх» могуць не толькі мужчыны.

Да навагодніх свят тры суседкі сярэдніх гадоў — Ніна, Зіна і Марына — надумалі падмаладзіцца. І не проста там валасы пафарбаваць, а яшчэ і прамеліраваць (выбеліць асобныя пасмачкі).

У цырульню для гэтага вырашылі не звяртацца: навошта траціць грошы на тое, што і сам можаш зрабіць? Ну сапраўды: не бязрукія ж яны, не дурныя — бачылі, як працуюць прафесіяналы... Загадзя накуплялі фарбаў. А далей...

У невялічкай місачцы змяшалі іх і прыступілі да справы. Гэта значыць, на кожную галаву «ўсклалі» спачатку па спецыяльна прадзіраўленым поліэтыленавым пакеце, потым — праз тыя дзірачкі — пасмачкамі навыцягвалі валасоў і густа напэцкалі іх фарбай з місачкі. Пасля гэтага — для паскарэння працэсу — завязалі на галовы па некалькі хусцінак і «засяклі» час. Цяпер заставалася хіба чакаць.

Але ж не толькі! У Марыны сто спраў яшчэ: гаспадарка не агледжана! Значыць, пайшла яна насіцца па дварэ.

А вось Ніна з Зінай — не: яны ў хаце засталіся: сядзяць, уважліва «прыслухоўваюцца», што ў іх на галовах, пад хусткамі, робіцца.

— Ой, — раптам падхапілася першая, — у мяне, здаецца, скура смыліць!

— Не прыдумляй, — супакоіла яе сяброўка. — Мне ж нічога не робіцца, значыць, і табе не павінна. Цярпі, каралевай будзеш!

Ніна паспрабавала (чаго не зробіш для прыгажосці?!), але ж цярпення ў яе хвілінкі на тры хапіла, не болей, бо галава ў яе проста «загарэлася» — сінім полымем, можна сказаць.

А таму кабета з усіх ног, з крыкам паляцела ў кухню. Мусіць, з перапуду адкруціла там кран з халоднай вадою — падсунула пад яго галаву.

Тут ужо і Зіне страшна стала — не столькі за сябе, колькі за Марыну: а яна як там? Схапіла мабільнік, спехам набрала нумар, пераблытаўшы лічбы, спытала (як высветлілася, у нейкага дзядзькі):

— Ну як ты? Галава не гарыць?

Бог ведае, што чалавек падумаў, але ж «кумпал», напэўна, абмацаў.

А Марына тым часам «тушыла» свой: ліхаманкава бегала па двары, зрывала з галавы хусцінкі, цэлафан і, здавалася, нават валасы, бо ўжо не да прыгажосці ёй было — баялася, што пасля «працэдуры» галава як тое калена стане — гладкая-гладкая.

Але ж, дзякаваць Богу, пранесла, усё абышлося. І малой крывёю, як той казаў: месцамі падпаленай скурай, месцамі — пасмамі «нежывых» валасоў.

А галоўнае, што атрымалася ў сябровак сякое-такое меліраванне, што Новы год яны сустрэлі прыгожыя і вясёлыя! Бо, згадзіцеся, нам, жанчынам, нішто не пасуе больш, чым добры настрой і шчырая ўсмешка.

Ф. К.,

г. Паставы.


Шлях да сэрца жанчыны

Захапленняў у свеце шмат, і ў кожнага яны свае. Нехта ходзіць на паляванне, нехта — на футбол. Хтосьці збірае маркі, паштоўкі, грошы, значкі... Анатоль, мой знаёмец па хімзаводзе, збіраў... пустыя бутэлькі.

Скажаце, знайшоў чым здзівіць: такіх «зборшчыкаў» — як правіла, з адметным колерам твару і ў бруднай вопратцы — у кожным горадзе хоць гаць гаці...

Але ж да іх Анатоль быў зусім не падобны. Ён, па-першае, увогуле не ўжываў спіртное і сачыў за сабой. Па-другое, перыядычна наведваў оперныя тэатры (нават у Маскве і Ленінградзе) і потым сябрам па цэху з імпэтам расказваў пра пастаноўку «Паяцаў» альбо «Кармэн».

Грошы ж ён збіраў зусім на іншае. Не ведаю, ці праўда, але ж казалі, што вельмі падабалася яму Люся, прадавачка бачкавога піва, што ён спрабаваў заляцацца да яе. Аднак тая — не: сказала, нібыта, што будзе размаўляць з ім толькі пасля таго, як ён на кожны яе пальчык па залатым пярсцёнку надзене. Вось і стараўся чалавек — кожную капейку эканоміў, над кожнай бутэлькай дрыжаў. Я, дарэчы, сам гэта бачыў: падмяняў неяк майстра змены і падчас абходу заўважыў, што ў Анатоля фільтравальная тканіна пашкоджана.

— Трэба замяніць, а то брак пойдзе, — папярэдзіў хлопца і пайшоў сабе далей.

Вяртаюся назад, там усё па-ранейшаму: Анатоль маіх слоў як не чуў!

Чым жа, думаю, цябе застрашыць? Ага!

— Калі зараз жа не заменіш палатно, — кажу яму, — застанешся без прэміі... Сама мала — на сто бутэлек.

Пагроза тут жа спрацавала: замяніў.

Але найбольшую вядомасць гэты апаратчык займеў пазней.

Неяк пасля вячэрняй змены надумалі мужыкі выпіць: не тое ажаніўся хтось, не тое бацькам ці дзедам стаў... Факт, што віноўнік загадзя купіў гарэлкі (бо пасля 19-00 у той час не прадавалі) і схаваў яе ў гардэробе.

Поўную «тару» Анатоль, вядома ж, згледзеў, парадаваўся яшчэ: маўляў, вось яна, гатовая здабыча. Застаецца пачакаць, калі апарожняць.

Змена тым часам скончылася, а «банкета» няма і няма. «Можа, нават не будзе? Можа, нікому і не трэба тая гарэлка?» — так ці не так падумаў Анатоль, але ж факт, што выставіў з шафкі поўныя бутэлькі і змесціва іх стаў... выліваць у ракавіну.

За гэтым заняткам яго і заспелі.

Перш-наперш, вядома ж, накрычалі. І, напэўна, збілі б на горкі яблык, але ж аднаго з тых «пацярпелых» чамусьці «прабіла» на рогат. Следам — засмяяліся астатнія. Карацей — пранесла небараку.

Праўда, пасля гэтага на заводзе ў твар яго ведалі ўсе. Прыкладна, як дырэктара... Ці намесніка...

Магчыма, што гэта слава выйшла і за межы прадпрыемства — «дакацілася» да бочкі са свежым півам... Але ж як да яе паставілася Люся, я, на жаль, не ведаю.

Мікалай Старых,

г. Гомель.


Вялікая лыжка рот не дзярэ?

...Маё дзяцінства птушкай, як той казаў, праляцела ў мінулым стагоддзі і засталося ў яго далёкіх шасцідзясятых. Было яно паўгалодным, у старой сярмяжцы ды стаптаных валёнках, але з вялікімі снягамі, траскучымі маразамі і цёплай печчу, на якой так добра сядзелася-ляжалася і з якой так цікава было пазіраць, што робіцца ў хаце.

А яна, бацькоўская, у акрузе мела славу гасціннай. Ва ўсякім разе доўгімі зімовымі вечарамі менавіта да нас сыходзіліся вяскоўцы на так званыя вячоркі: рэзаліся ў карты, як малыя дзеці радаваліся, калі выйгравалі, спявалі (у майго таты быў прыгожы, высокі голас), як з перакуленай бочкі, сыпалі прымаўкамі, прыказкамі ды рознымі павучальнымі байкамі.

Тата, помню, любіў расказваць пра свае прыгоды на рацэ, пра сплаў плытоў.

Гэта была, відаць, нялёгкая праца — вымагала ад мужчын спрыту і смеласці, умення абыходзіць мелкаводдзе ды крутыя выступы берагоў. Але ж хто на што вучыўся, як той казаў: нехта кіраваў плытамі, нехта для сплаўшчыкаў гатаваў ежу.

Іхняга кухара звалі Пятрок, і адметны ён быў тым, што самы вялікі, самы лепшы кавалак рыбы заўсёды клаў сабе. Ды і юшкі наліваў не шкадуючы. Казаў: «Вялікая лыжка рот не дзярэ... Я свайму пузу не вораг».

Але ж з гэтага, як ні круці, вынікала, што ён, Пятрок, непрыяцель пузу чужому...

Карацей, дамовіліся мужыкі правучыць свайго кашавара, загадзя размеркавалі «ролі». Пятрок згатаваў абед, раздзяліў па місках, найлепшую з іх, як заўжды, паставіў сабе ды кліча есці.

— Пачакай крыху, — за ўсіх адказвае тата. — Зараз пройдзем паварот, тады і паабедаем. А ты сюды падыдзі на мінутку — скажу нешта.

Што ён там сказаў, не так ужо і важна. Важна, што ў гэты час адзін са сплаўшчыкаў з міскі кухара адліў крыху юшкі, а вады — дабавіў: сырой, з рэчкі зачарпнуў.

Смак ад гэтага, відаць, істотна не змяніўся: сплаўшчыкі як нічога-ніякага папалуднавалі, селі адпачываць ды тым часам пазіраць на кухара. Ён спачатку спакойным быў... Потым падхапіўся, завойкаў, сказаў:

— Хлопцы, нешта мне кішкі круціць.

А сам куляю... У канец плыта.

— Што — вялікая лыжка пуза дзярэ? — смяюцца ўслед мужыкі.

Аднаму Пятру было не да смеху: усю ноч ён, бедны, спакою не меў.

Ці здагадаўся пасля гэтага аб прычыне сваёй хваробы, ніхто не ведае. Але ж высновы, здаецца, зрабіў, бо з таго дня рыбу заўжды дзяліў пароўну.

І юшку разліваў таксама: сабе — не больш.

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ,

в. Магільна, Уздзенскі раён.

dounar@zviazda.by

Ад аўтара ж. Рэзананс, так бы мовіць. «...Гумар — гэта тыя ж лекі, можа, нават больш дзейсныя за таблеткі ды мікстуры, — піша спадарыня А. Балошка з Мінска. — Таму я з цікавасцю чытаю гісторыі з рубрыкі «Алё, народ на провадзе!», а вось пішу — упершыню і, можна сказаць, пад уражаннем. Аповед Мікалая Х. «Дыплом купіш, а веды?..» («Звязда», 30 студзеня), відаць, досыць тыповы? Ва ўсякім разе і на маёй памяці было нешта падобнае...

Такім чынам — ліхія пасляваенныя, гаспадарка разбурана, аднаўляць яе трэба, неабходных кадраў няма, ключавыя пасады займаюць людзі, далікатна кажучы, не зусім дасведчаныя.

Не, падчас вайны яны мужна змагаліся з ворагам, па ўсіх параметрах мелі добрыя характарыстыкі, а вось з ведамі... Не дзіва, што ў хуткім часе зверху паступіў загад: кадры любога ўзроўню павінны вучыцца. У прыватнасці, спадар Н., кіраўнік Лунінецкага аддзялення Дзяржбанка, паступае на завочнае аддзяленне Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума. Бездакорна (трэба разумець, не без дапамогі збоку) выконвае ўсе кантрольныя заданні. Але ж надыходзіць час ехаць на сесію, здаваць іспыты. Па алгебры нашаму герою дастаецца прыклад (а + b)2... Студэнт паглядзеў на яго, смачна прыпячатаў адпаведным словам і дадаў: «Колькі на свеце жыву, ніколі не бачыў, каб літара з літарай складвалася!»

...Як склаўся далейшы лёс гэтага кіраўніка, я не ведаю, — піша чытачка. — Хутчэй за ўсё, чалавека няма ўжо сярод жывых. А вось байка пра яго аж у новае стагоддзе сягнула! Можа, таму, што нешта падобнае, хай не такое анекдатычнае, сустракаецца і сёння?»

Што праўда, тое праўда. І не пісаць аб гэтым проста грэх. Да таго ж ёсць стымул: у канцы года рэдакцыя (з дапамогай чытачоў) плануе вызначыць дзясятку найлепшых баек і, цалкам магчыма, заахвоціць аўтараў.

Спрабуйце!

Загаловак у газеце: Алё, народ на провадзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.