Вы тут

Следчы камітэт ствараўся не для паказчыкаў, а дзеля дапамогі чалавеку


Следчы камітэт ствараўся не для паказчыкаў, а дзеля дапамогі чалавеку. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пашыраным пасяджэнні калегіі ведамства.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўсеагульную салідарнасць з тым, што рашэнне аб стварэнні Следчага камітэта было правільным і абгрунтаваным. Палепшыліся паказчыкі следчай працы. «Але мы гэта рабілі не дзеля паказчыкаў. Гэта было зроблена дзеля людзей», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы арыентаваў следчых на тое, што іх задача — разгледзець ва ўстаноўлены тэрмін кожную заяву, пры наяўнасці складу злачынства неадкладна распачаць крымінальную справу, а затым яе расследаваць, збіраць доказы і шукаць вінаватых. «І не трэба следчым таксама чакаць ад аператыўнікаў нейкай гатовай крымінальнай справы, каб яе прыгожа падпісаць, падшыць або адправіць пракурору, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Памятайце, што за вашай работай стаяць простыя людзі, якія хочуць, каб іх правы былі абароненыя, а вінаватыя — пакараныя! І не толькі простыя людзі».

Пры гэтым Прэзідэнт перасцярог і ад іншай крайнасці: органы дазнання не павінны спрабаваць перадаць следству для прыняцця працэсуальных рашэнняў не да канца правераныя матэрыялы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія гады нагрузка на следчых істотна знізілася. На яго думку, гэта павінна быць выкарыстана для павышэння якасці і скарачэння тэрмінаў расследавання, а таксама для правядзення непасрэдна следчымі большай колькасці праверак па заявах пра злачынствы. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў сітуацыю з крадзяжамі, дзе адзначаецца самы нізкі ўзровень раскрывальнасці. «Але як іх раскрыць, калі праверку па гарачых слядах часам праводзіць адзін участковы? Значыць, з самага пачатку ў гэтую працу трэба ўключацца следчаму, у якога больш і вопыту, і магчымасцяў», — лічыць Прэзідэнт.

«Крытэрый ацэнкі вашай дзейнасці павінен быць адзін — абарона парушаных правоў і інтарэсаў кожнага чалавека, грамадства і дзяржавы!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях забеспячэння эканамічнай бяспекі і процідзеяння злачыннасці ў гэтай сферы. На думку кіраўніка дзяржавы, праваахоўныя структуры не павінны быць перашкодай для эфектыўнай работы прадпрыемстваў і паляпшэння інвестыцыйнага клімату.

«Празмернай стараннасцю мы тут не толькі не дапаможам — можам зрабіць горш, — лічыць Прэзідэнт. — Галоўнае — гэта эканоміка. Мы не павінны ва ўгоду нейкім паказчыкам і нават гучным справам «дадушыць» прадпрымальнікаў, маю на ўвазе і дзяржаўнай, і прыватнай формы ўласнасці, якія кормяць краіну».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён супраць прыпынення праверак. На думку Прэзідэнта, падобнае рашэнне створыць няроўныя ўмовы для функцыянавання розных суб'ектаў гаспадарання. «Мы ўжо прынялі ўсе меры для таго, каб інспектар, ідучы па вуліцы, не меў права зайсці ў ларок і па сваёй волі там пачаць яго правяраць і вытрасаць усё навыварат», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Але калі «ёсць інфармацыя, што ты ўчора адкрыў сваю справу і дапусціў правапарушэнне, — да цябе прыйдуць, цябе правераць. Што значыць тры гады пасля адкрыцця цябе не правяраюць? Ну так у нас будуць фірмы 2,5 года працаваць, затым ліквідаваліся, пайшлі перарэгістраваліся — і зноў займаюцца чым хочуць. Можа быць і такое. Таму ўсе павінны быць у роўных умовах», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён акцэнтаваў увагу, што сёння адным з асноўных пытанняў як Следчага камітэта, так і праваахоўнага блока ў цэлым павінна быць забеспячэнне захаванасці фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў. Гэта задача павінна абавязкова ўлічвацца ў рабоце ўсіх праваахоўных органаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што асноўныя намаганні варта засяродзіць на выяўленні і спыненні злачынстваў, якія падрываюць асновы функцыянавання беларускай эканомікі, максімальнай кампенсацыі нанесенай шкоды.

Прэзідэнт асобна спыніўся на мерах стрымання па справах аб эканамічных злачынствах. На яго думку, у праваахоўнікаў дастаткова такіх мер, як заклад, хатні арышт, паручальніцтва. «Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў нас часта бывае: сёння пад хатні арышт ці падпіску аб нявыездзе — заўтра мы шукаем яго па ўсім свеце», — перасцярог Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па-ранейшаму пільная ўвага павінна надавацца барацьбе з карупцыяй. На яго думку, пры расследаванні такіх крымінальных спраў неабходны вельмі прынцыповы падыход не толькі ў пытаннях выкрывання злачынцаў, але і выяўлення і ліквідацыі перадумоў гэтага зла. «Пры гэтым трэба дакладна разумець: якімі б празрыстымі ні былі ўмовы дзейнасці чыноўнікаў, якія б маральныя патрабаванні да іх ні прад'яўляліся, меры прафілактыкі таксама маюць пэўнае значэнне», — падкрэсліў Прэзідэнт, дадаўшы, што найлепшая прафілактыка — няўхільнасць пакарання карупцыянераў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка перакананы: самае страшнае — калі чалавек, які змагаецца з карупцыяй, сам заграз у падобных злачынствах. «Гэта здрада, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Самая дрэнная якасць чалавека». У сувязі з гэтым ён паставіў перад Следчым камітэтам задачу выкараняць у сваіх шэрагах элементы карупцыі, а таксама надаваць больш увагі маральнаму клімату ў калектыве.

Што тычыцца задач і функцый Следчага камітэта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да практычнага следства асаблівых прэтэнзій няма. Аднак арганізацыя астатняй работы вымушае жадаць лепшага. Прэзідэнт звярнуў увагу, што «перш за ўсё не відаць аналітычнай працы, кіраўніцкіх, заканадаўчых ініцыятыў». У той жа час Следчы камітэт валодае дастатковым кадравым патэнцыялам для гэтага, а таксама вялізным масівам інфармацыі па многіх напрамках жыццядзейнасці грамадства.

Аляксандр Лукашэнка даручыў аптымізаваць штат камітэта, скараціўшы яго фінансавыя, тылавыя структуры, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. У ліку іншых задач, якія стаяць сёння перад камітэтам, Прэзідэнт назваў наладжванне эфектыўнага працэсуальнага кантролю, які не павінен ператварацца ў інструмент застрашвання і гонкі за паказчыкамі, барацьбу з залішняй паператворчасцю. Акрамя таго, важным з'яўляецца фарміраванне адзінай следчай практыкі для таго, каб падыходы да кваліфікацыі адных і тых жа дзеянняў ва ўсіх рэгіёнах і праваахоўных структурах былі аднолькавымі.

Падводзячы вынікі абмеркавання, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што эфектыўнасць работы праваахоўнікаў павінна ацэньвацца па рэакцыі насельніцтва, а не па статыстыцы. «Нам не патрэбна паказуха», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў праваахоўнікаў «проста быць народнымі людзьмі».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паўтарыў сваё патрабаванне да міліцыі і іншых сілавых структур рабіць усё неабходнае для павышэння свайго іміджу ў насельніцтва, каб падабацца людзям, хоць гэта і няпроста. Прэзідэнт запатрабаваў, ужываючы ўсе формы і метады, даказваць, што праваахоўнікі носяць пагоны, каб абараніць людзей.

Загаловак у газеце: Абарона парушаных правоў чалавека і дзяржавы з'яўляецца крытэрыем ацэнкі дзейнасці Следчага камітэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».