Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у гасцях у найлепшай кухаркі Полаччыны


У працоўнай кніжцы жанчыны ўсяго некалькі запісаў. Яна фактычна ўсё жыццё карміла людзей у глыбінцы. І ўжо прывыкла, што аднавяскоўцы пытаюцца ў яе, як лепш засаліць агуркі, зрабіць крэм, спячы торт... Не адмаўляе і калі просяць дапамагчы прыгатаваць на вяселлях і памінках.

Журналіст «Звязды» сведчыць, што з-за смачнага паху з кухні Лідзіі КАЧАН інтэрв'ю гэта магло скончыцца... галоднай непрытомнасцю.


Найлеп­шая ку­хар­ка ра­ё­на.

Ажаніўся — атрымай карову

У раённым аглядзе-конкурсе ў намінацыі «Кухар» гераіня публікацыі заняла першае месца.

— На Полаччыне штогод складаецца рэйтынг. У ім вызначаюцца найлепшыя населеныя пункты, Саветы... Ёсць і намінацыі для людзей, якімі могуць ганарыцца землякі. Члены журы былі ў захапленні ад тартоў, якія зрабіла Лідзія Качан з вёскі Мацюшы. Жанчына ўсё працоўнае жыццё карміла старых і малых, — заінтрыгавала прэс-сакратар райвыканкама Валянціна Уласенка.

Мы разам паехалі ў Мацюшы. Перад візітам да майстрыхі кулінарных спраў завіталі ў Азінскі сельскі выканкам.

— Муж шаноўнай Лідзіі Васільеўны — мой падначалены, галоўны спецыяліст выканкама. Да аб'яднання двух сельскіх выканкамаў таксама быў старшынёй. Вядома, пра такіх людзей, як яго жонка, трэба абавязкова напісаць, — пагадзілася старшыня Алена Чувашэнка.

У саміх Мацюшах кінуліся ў вочы дамы тыпавой канструкцыі. Высветлілася, што гэта знакамітыя ў савецкі час так званыя фінскія домікі.

— Раней у вёсцы было ўсяго толькі 5-6 старых дамоў. Калі калгас «Зара», дзе я працаваў, узначаліў Давід Іванавіч Кахадзэ, актыўна будавалі. Акрамя прыблізна 100 дамоў, з'явіліся і школа, садок, клуб... Грузін з вялікай літары, Кахадзэ з павагай адносіўся да старых. Калі ехаў на аўто міма пенсіянераў, абавязкова спыняўся і запрашаў у салон. Вядома, сам кухарыць любіў і аднавяскоўцаў частаваў. Абавязкова заходзіў у дамы асабіста павіншаваць з нараджэннем дзіцяці, праводзіць прызыўніка... На вяселлях балявалі ўсёй вёскай. Па традыцыі ў маладажонаў цікавіліся, дзе яны хочуць, каб ім дом пабудавалі. Калі наваспечаны муж заставаўся працаваць у гаспадарцы, дарылі карову, — распавядае Анатоль Качан.

Любімы кандытар

Лідзія Васільеўна ўсё перажывала, што «госцю са сталіцы» не спадабаецца тое, што яна зрабіла на абед. У мяне ж быў іншы клопат: з кухні ў пакой, дзе мы гутарылі, даносіліся настолькі смачныя пахі, што адчуў слабасць і ледзь трымаўся.

— Мы з мужам з адной вёскі Ушацкага раёна. На танцы бегалі разам, — смяецца гаспадыня. — Я са шматдзетнай сям'і. Да вучобы ў віцебскім кулінарным вучылішчы кухарыць не ўмела. У маці пыталася, ці хопіць солі для супу ў рондалі. Калі муж скончыў ветэрынарны інстытут, у Віцебску жылі. А на Полаччыне — з сярэдзіны 1980-х. Працавала пасля дэкрэтнага водпуску ў садку, бальніцы. Потым зноў дзяцей карміла. Лічыце, два пакаленні мацюшаўскіх выраслі на маіх пюрэ і катлетах. Да мяне і цяпер дарослыя падыходзяць і дзякуюць. А дзеці пытаюцца, калі вярнуся, не ведаюць, што на пенсію пайшла.

Лідзія Качан — мама двух сыноў і ўжо тройчы бабуля. Малодшы ўнук, 6-гадовы Цімох, пад яе кіраўніцтвам таксама навучыўся кухарыць.

— Быў у нас Цімафей два дні: у чацвер і пятніцу. Каранцін з-за вятранкі ў садку аб'явілі. Пагартаў кніжку з рэцэптамі і папрасіў навучыць... Блінцы, а таксама пірог рабілі з маннай крупы, — працягвае гаспадыня.

— Дарэчы, наконт прысмакаў. Да з'яўлення інтэрнэту ў нас пяклі прасцей. Самае складанае было — «Жаночыя пальчыкі» і «Графскія разваліны». А цяпер любы рэцэпт можна знайсці. У кухарскай справе самае галоўнае, каб цярпенне было. Майстэрства з вопытам прыходзіць. Апошнім часам раблю тарты рознай формы: у форме аўтамабіля, лялькі... Як скульптар ляплю прыгажосць, толькі пры гэтым яшчэ і смачную, — працягвае жанчына.

Пракансультавала Лідзія Качан і журналіста «Звязды», як прыгатаваць некаторыя стравы. Падчас застолля пачаставала рознымі прысмакамі. Дарма перажывала. Тым, каго карміла і корміць Лідзія Качан, можна толькі пазайздросціць.

Дарэчы, сёлета на Полаччыне ўпершыню пройдзе фестываль «Хваля азёрная». Яго наладзяць з нагоды адкрыцця купальнага сезону. Дык якое ж свята без найлепшай кухаркі з яе творамі кулінарнага мастацтва? У выканкаме паабяцалі, што галоднымі ўдзельнікі фэсту не застануцца.

Фота аўтара

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Полацкі раён — Віцебск

Загаловак у газеце: Накарміць два пакаленні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?