Вы тут

Леў КОЛАСАЎ: «Філатэлія — гэта яшчэ і вывучэнне гісторыі пошты краіны»


У савецкія часы філатэлія была масавым захапленнем: рэдкі школьнік не меў клясера з маркамі. Прычым, нават вырастаючы, многія не пераставалі папаўняць свае калекцыі. Аднак для большасці гэта так і засталося толькі захапленнем, і хіба што адзінкі, такія, як намеснік старшыні Беларускага саюза філатэлістаў Леў Коласаў, прысвяцілі збіранню марак жыццё. Сёння Леў Коласаў — замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі, член-карэспандэнт Расійскай нацыянальнай філатэлістычнай акадэміі, ганаровы філатэліст БСФ і ўладальнік мноства як айчынных, так і міжнародных узнагарод. А сталыя чытачы «Звязды» памятаюць Льва Леанідавіча як аўтара «Кутка калекцыянера» ў нашай газеце.


Леў Леанідавіч прынёс толькі невялікую частку сваіх узнагарод.

— Леў Леанідавіч, вы, фактычна, усё жыццё займаецеся філатэліяй. З чаго пачалося гэта захапленне?

— Мой бацька вучыўся ў рускай рэальнай гімназіі ў Заходняй Беларусі. У гэтай гімназіі многія захапляліся збіраннем марак, і ў 1920-х гадах калекцыянаваць іх пачаў і бацька. Тады іх было яшчэ мала, таму збіралі маркі ўсяго свету. Свайму захапленню тата не аддаваў шмат высілкаў і часу: трапілася марка — паклаў. Але да 1939 года ў яго сабралася прыстойная калекцыя. Падчас вайны яна знікла: забралі немцы, засталіся невялікія рэшткі.

А пасля вайны тату было не да марак. Але ён іх не выкінуў, таму ў канцы 1940-х калекцыянаваннем вырашыў заняцца я. Памятаю, як яшчэ да вайны бацька іх раскладваў, разглядаў... З таго часу па сёння я збіраю маркі.

У нас жа не было афіцыйнай арганізацыі калекцыянераў. У 1924 годзе было створана Беларускае таварыства філатэлістаў, але да 1939-га яго разагналі НКУСаўцы. Яны казалі так: калі ты лепіш маркі на ліст у замежжа пэўным чынам, значыць, ты перадаеш шпіёнскія звесткі аб колькасці войск на граніцы.

Усплеск філатэлістычнага руху пасля вайны пачаўся ў 1957 годзе, калі ў Маскве адбыўся Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. У 1960-я ў нас з'явілася аддзяленне Усесаюзнага таварыства філатэлістаў, куды ўвайшлі самыя актыўныя калекцыянеры. Мяне выбралі ў яго праўленне, і я не выходжу адтуль да гэтага часу.

— Як мянялася філатэлістычная «мода» цягам столькіх гадоў?

— Па-першае, цяпер ніхто не збірае маркі ўсяго свету, бо гэта значыла б ахапіць неахопнае. Цяпер маркі збіраюць, напрыклад, па дзяржавах, па тэмах (авіяцыю, караблі, фаўну, флору). Нехта збірае мастацтва — карціны Шагала, Рэмбранта, Ван Гога на марках.

Я калекцыяную маркі Беларусі. Ёсць такія тэмы ў філатэліі — калекцыянаванне марак усяго свету па пэўнай краіне (германіка — па Германіі, беларусіка — па Беларусі і г.д.). Дапусцім, маркі з творамі Шагала, якія выпусцілі ў Францыі, — гэта беларусіка. Маркі, прысвечаныя Манюшку, што выйшлі ў Польшчы, трактар «Беларус» на марцы з вострава Мадагаскар — таксама беларусіка.

Гэта ўсё не толькі цікава, але і карысна, бо маркі дапамагаюць развівацца, пра штосьці даведвацца. Праўда, цяпер у мяне савецкія маркі ляжаць мёртвым грузам, таму што ў СССР яны выпускаліся шматмільённымі тыражамі. У кожнага філатэліста было па 10—20 штук аднаго экзэмпляра маркі.

— А вы падлічвалі, колькі марак у вашай калекцыі?

— Я чакаў гэтага пытання. Усе журналісты пытаюцца: «Колькі ў вас марак? А якая самая дарагая?» Я звычайна адказваю: «А колькі пальцаў у вас на руках? І які самы дарагі?» Нават калі з маркай звязана нейкая гісторыя, гэта не значыць, што яна самая дарагая. Няма ў мяне самых дарагіх, яны ў мяне дарагія ўсе. І колькасці таксама не ведаю.

Самая дарагая марка знаходзіцца не ў філатэліста, а ў сейфе нейкага банкіра. Яна была выпушчаная ў Брытанскай Гвіяне ў 1856 годзе памылкова: калі друкавалі, на ёй паставілі іншы кошт, адрозны ад астатніх. Таму цяпер яна існуе ў адзіным экзэмпляры. Кожны раз гэты кавалачак паперкі перапрадаюць па неверагодных коштах, адзін банкір перакупляе ў другога. Але гэта не філатэлія. Філатэлісты імкнуцца сабраць як мага больш марак па сваёй тэме, як мага больш пра іх даведацца, магчыма, пісаць артыкулы пра іх, удзельнічаць у выставах.

З калекцыі старых лістоў Беларусі.

— Раскажыце пра выставы, у якіх вы ўдзельнічалі.

— Першую выставу мы вырашылі зрабіць, калі з'явілася беларускае аддзяленне таварыства філатэлістаў. Мы не ведалі, як гэта рабіць, хоць у свеце ўсё было даўно вядома. І я зрабіў калекцыю пад назвай «Старонкі гісторыі Беларусі». Пры дапамозе марак я распавёў пра юбілеі нашых старажытных гарадоў: пошта выпускала да іх спецыяльныя канверты, штэмпелі, маркі. Паказаў Беларусь і са Скарынам, і з рэвалюцыяй, і з арганізацыяй калгасаў... За гэтую калекцыю я атрымаў залаты медаль на выставе. Зборам зацікавілася Міністэрства сувязі БССР. У 1969 годзе ў Балгарыі была выстава міністэрстваў сувязі. Справа ў тым, што міністэрствы розных краін маюць свае калекцыі марак. Але ў нас такой калекцыі ў той час не было. Таму ўзялі маю, паслалі ў Сафію на Міжнародную філатэлістычную выставу і атрымалі там сярэбраны медаль. Мне яго пасля аддалі — гэта мая першая замежная ўзнагарода. Усяго ў мяне каля 120 медалёў.

«Старонкі гісторыі Беларусі» я і пасля паказваў. Але там усё новае, а калекцыя каштоўная тады, калі ў ёй ёсць старыя рэчы. І я падумаў: можа, трэба нечым іншым заняцца? І тут падвярнуўся выпадак. Раней праходзілі ўсесаюзныя сустрэчы калекцыянераў, куды прывозілі мноства рэчаў.

І падчас такой сустрэчы ў нашым палацы прафсаюзаў у аднаго ўдзельніка я знайшоў стары ліст з Мінска, здаецца, у Рагачоў за 1835 год. Я яго купіў. Ён каштаваў не вельмі шмат — 3 рублі 50 капеек. І з гэтага ліста пачалася мая калекцыя «Старыя лісты Беларусі».

Я знайшоў ліст 1640 года ад пана маршалка Льва Сапегі.

— А як калекцыянеры знаходзяць свае рарытэты?

— Праз людзей. Як кожны філатэліст у Савецкім Саюзе, я вёў перапіску. Атрымліваў за тыдзень 50—60 лістоў. Я пасля выкупіў у аддзяленні сувязі паштовую скрыню, каб мне пакідалі карэспандэнцыю там.

Такім чынам я сабраў калекцыю старых лістоў, у якой ёсць экзэмпляры XVІІ, XVІІІ, XІX стагоддзяў. Калі я паказаў гэтую калекцыю на выставе ў Мінску, усе ахнулі.

Ёсць у мяне яшчэ адна калекцыя «Палявая пошта 1941—1945» — франтавыя «трохкутнікі». Хоць там амаль няма беларускіх лістоў, гэта адзін з найлепшых маіх збораў.

Але філатэлія — гэта не толькі калекцыянаванне марак, лістоў, штэмпеляў, а і вывучэнне гісторыі пошты краіны. Я напісаў шмат артыкулаў у часопісе «Веснік сувязі» пра гісторыю пошты ў Баранавічах, Кобрыне, Лідзе...

— Ці былі ў вас незвычайныя гісторыі, звязаныя з папаўненнем калекцыі?

— Аднойчы ўвосень, пад дажджом, на ўскраіне Мінска зносілі бульдозерам стары дом. А калі раней будавалі дамы, гарышчы ўцяплялі мохам і засыпалі пяском. І вось калі гэты дом пачалі руйнаваць, міма ішоў філатэліст. Ён убачыў, што бульдозер скідае ў яму нейкія старыя паперы са штэмпелямі. Аказалася, што гэты дом будаваў работнік паштовага вагона «Мінск—Варшава» ў 1911 годзе. І ў яго назапасілася шмат макулатуры: паштовыя паперкі, квітанцыі, мяхі ад карэспандэнцыі... Ён усё гэта сабраў і пасцяліў на гарышчы замест моха ды засыпаў пяском. І філатэліст гэтую макулатуру знайшоў, хоць і позна, бо яна вымакла і змяшалася з брудам. Але некалькі рэчаў уратаваць удалося. Ён перадаў іх мне, і такім чынам мая калекцыя папоўнілася рэдкімі экзэмплярамі. Бо хто захоўвае паштовыя квітанцыі? Ніхто, іх звычайна выкідаюць. Ці, напрыклад, вопіс укладанняў у каштоўны ліст.

— Чаму, на ваш погляд, філатэлія цяпер страціла сваю папулярнасць?

— Гэта сусветная тэндэнцыя. Цяпер выпушчана вельмі шмат марак, ды і цікавяцца ўжо больш не імі, а інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Моладзі сярод філатэлістаў амаль няма...

Хоць сёння наша Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпускае вельмі прыгожыя маркі. Ёсць і сумесныя выпускі з рознымі краінамі. Усё гэта вельмі цікава.

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.