Вы тут

Зверскае каханне


Дружба, самаадданасць, клопат, любоў, здрада – гэтыя якасці мы лічым выключна чалавечымі. Але ці так гэта?


Пакуль смерць не разлучыць нас

Жывёльны свет разнастайны ва ўсіх сваіх праявах, пачынаючы ад унікальных формаў і мноства афарбовак і заканчваючы асаблівасцямі паводзін асобных відаў. У тым ліку, і ў каханні. Не будзем удавацца ў навуковыя дыскусіі і прыклады, не будзем рабіць акцэнт на адхіленні ад нашага звычайнага разумення рамантычных сувязяў паміж прадстаўнікамі палоў, якія традыцыйна лічацца ў нас прыгожымі і моцнымі. Хаця, сярод жывёл ёсць безліч прыкладаў, калі жаночы пол слабым не назавеш. Дастаткова ўспомніць арлоў, самкі якіх маюць большыя памеры за самцоў і здабываюць ежу для птушанят; або самак багамолаў, якія з'ядаюць голавы самцоў падчас размнажэння; або многіх павукоў, напрыклад, надзвычай атрутных чорных удоў, якія нездарма атрымалі сваю назву. Самцу пасля такой "рамантычнай" сустрэчы з доўгачаканай сяброўкай, як правіла, даводзіцца несалодка. Не дзіва, што ў шматлікіх відаў з такімі адносінамі паміж паламі самцы ў некалькі, часам у дзесяткі разоў драбнейшыя за самак. Пагадзіцеся, хто ў дадзеным выпадку слабы пол?

Аднак не будзем пра сумнае, у прыродзе ёсць прыклады рамантычных заляцанняў самцоў да самак. Напрыклад, некаторыя віды павукоў вельмі пацешна танцуюць у гэты перыяд. У нас гэта выклікае толькі ўсмешку: падрыгванні канечнасцямі, прысяданні, прыпаданні на той ці іншы бок – хіба гэта танец? А самкам-павучыхам падабаецца. Уласна на гэта і разлічвае хітры самец. Танцуючы, ён уводзіць самку ў стан своеасаблівага трансу, што істотна павялічвае яго шансы на выжыванне пасля спаткання. Я сам нярэдка назіраў карціну, калі самец павука-птушкаеда пасля такіх зносін, уцякаючы ад самкі, якая прыходзіць у сябе, рабіў неверагодныя скачкі, літаральна вылятаў з даволі глыбокага кантэйнера.

Танцуюць перад самкамі і самцы скарпіёнаў. Падскокваючы і хістаючыся з боку ў бок, самец ходзіць вакол самкі, затым ён сваімі клюшнямі бярэ клюшні самкі, і разам яны так могуць хадзіць шматлікія гадзіны, а часам і суткі. З боку ўсё выглядае даволі рамантычна. Аднак асноўная задача самца ў гэты момант – утрымаць самку ад нападзення.

Танцуй пакуль малады

Танцы сярод жывёл – вельмі распаўсюджаны прыклад заляцанняў. Нельга без захаплення глядзець на рытуалы баталёнаў і райскіх птушак, дробных рыбак, страката афарбаваныя самцы якіх выконваюць мудрагелістыя піруэты вакол сваіх выбранніц. Паглядзіце на павольнае прытупванні самцоў і самак блакітнаногіх олушаў, якія хістаюцца з боку ў бок; ці закаханых пінгвінаў Адэлі, якія глядзяць уверх, альбо велічных імператарскіх пінгвінаў, якія пакорліва схілілі галовы.

Лебядзіныя танцы наогул сталі легендай. Вялікімі рамантыкамі з'яўляюцца сланы, якія пераплятаюць хобаты і падоўгу так стаяць, уткнуўшыся адзін у аднаго ілбамі. Час ад часу самец зрывае для сваёй выбранніцы самую смачную кветку альбо галінку. Не пазбаўленыя пачуццяў і такія водныя гіганты, як кіты. Пара доўга плыве побач, перыядычна паляпваючы плаўнікамі адзін аднаго. Абняўшыся хвастамі, плаваюць закаханыя марскія канькі.

У арсенале заляцанняў ў жывёл ёсць і такі рытуал, як спевы. Часам мы нават уявіць не можам, што скрыпы, шыпенні, пстрыканне – гэта і ёсць яны, і такія спевы дораць радасць выбранніцы.

Нярэдка самцы спяваюць не для нейкай канкрэтнай самкі, а ў прынцыпе прыцягваюць да сябе ўвагу. Ўспомніце серэнады жаб на захадзе або выдатныя пералівы салаўёў раніцай – усё гэта прыклады такога роду паводзін. Сюды ж можна аднесці ціхае парыпванне вадзянога скарпіёна, якое ён выдае пры дапамозе дыхальнай трубкі, цурчанне, а часам і надзвычай гучны спеў цвыркуноў, якія выдаюцца пры дапамозе крылаў, што труцца адзін аб адно.

Я падару табе ... муху

Нельга абысці і тэму падарункаў. Арыгінальныя падарункі робяць самцы некаторых відаў павукоў. Яны падаюць самкам загорнутую ў павуцінне муху. Пакуль самка занятая падарункам, ён выконвае свае функцыі, якія забяспечваюць выжыванне віду, і імкнецца як мага хутчэй пакінуць арэну падзей. Яшчэ хутчэй спрабуюць уцячы самцы, якія дораць самкам «тандэт»: замест мухі ў павуціне загорнутая, напрыклад, трэска альбо нешта аналагічнае.

А вось самцы пінгвінаў Адэлі дораць сваёй выбранніцы каменьчык, які потым выкарыстоўваюць пры будаўніцтве гнязда, ну, зразумела, калі выбар ўпадзе на яго. Так бы мовіць, першы камень у падмурак сямейнага дома.

У прыродзе ёсць і складаныя шлюбныя рытуалы, у якіх самцы ладзяць паказальныя, а часам і самыя сапраўдныя баі. Дастаткова ўспомніць высакародных аленяў, глушцовы і цецеруковы ток. Такія рытуалы характэрныя для вялікай колькасці відаў жывёл.

Вельмі ўражліва выглядаюць масавыя танцы фламінга, калі дзесяткі птушак збіраюцца разам і падскокваючы, круцяцца, спрабуючы прыцягнуць увагу свайго патэнцыйнага партнёра. Перад гэтым пёравае покрыва старанна вымазваецца асаблівым тоўстым рэчывам, надаючым птушцы яшчэ больш яркую афарбоўку.

Пагадзіцеся, як гэта ўсё нагадвае нашы традыцыі. Складана знайсці прынцыповую розніцу паміж дзеяннямі братоў нашых меншых і чалавечымі рыцарскімі турнірамі, балямі, дыскатэкамі і актыўнымі да іх падрыхтоўкамі.

Алег БАРАДЗІН, кандыдат біялагічных навук

Друкуецца ў "Роднай прыродзе"

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.