Вы тут

У мастацкім музеі праходзіць выстаўка «Час і творчасць Льва Бакста»


Паглядзець на ўборы, у якіх фарсілі модніцы пачатку 1900-х гадоў, карціны, што віселі ў будуарах арыстакратаў, прасякнуцца тэатральнай атмасферай «Цудоўнай эпохі» можна хоць сёння — у Мінску. Адзін з самых арыгінальных і вытанчаных мастакоў і сцэнографаў ХХ стагоддзя, дэкаратар, мадэльер, майстар кніжнай графікі, які нарадзіўся ў Гродне і заваяваў сэрца Еўропы і Амерыкі, — на міжнароднай выстаўцы «Час і творчасць Льва Бакста». Экспазіцыя адкрылася 10 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Гэта — доказ таго, што беларуская культура заўсёды была часткай сусветнай. Прадстаўлены экспанаты з музеяў Мінска, Віцебска, Вільнюса, Рыгі, Санкт-Пецярбурга, а таксама прыватных і карпаратыўных калекцый.


Эк­за­тыч­ная эк­лек­ты­ка — убо­ры а-ля Бакст.

Што для сябе адкрыць?

Арт-праект, складзены больш як з 270 твораў, прадставіў «Белгазпрамбанк» пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны. Дарэчы, 150-годдзе з дня нараджэння Льва Бакста, якое адзначаецца сёлета, уключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА.

Экспазіцыя — гэта рэканструкцыя часу, квінтэсэнцыя эстэтычнай пачуццёвасці, рэнесансу мастацтва, экзатычная феерыя, магія фарбаў і таемства арнаментаў... Апынуўшыся сярод карцін, фотаздымкаў, тэатральных касцюмаў, старадаўніх альбомаў, разумееш, што прыйшоў «паслухаць» не проста аповед пра аднаго мастака, а цэлы раман-эпапею пра творцаў эпохі мадэрну ў жывапісе Сярэбранага веку, аднаго з самых загадкавых у гісторыі рускай культуры.

Работы Бакста размясціліся ў экспазіцыі побач з карцінамі іншых прадстаўнікоў знакамітага ў той час аб'яднання «Свет мастацтва», якое ўзнікла на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У тым ліку фатаграфічныя выявы Альберта Бенуа, казачна-кветкавыя творы Міхаіла Урубеля, святочныя, народныя сюжэты Барыса Кустодзіева, каларытныя партрэты Канстанціна Макоўскага, Валянціна Сярова... Бакст кіраваў мастацкім аддзелам аднайменнага творчаму аб'яднанню часопіса пад рэдактарствам балетнага імпрэсарыа Сяргея Дзягілева, афармляў вокладкі, ствараў шрыфты, мастацкія надпісы, імкнуўся да эксперыментаў і арыгінальнасці. Паступова ён мадэрнізаваў кніжную і часопісную графіку ўвогуле.

Яшчэ адзін нечаканы эксклюзіў на мінскай выстаўцы — 12 акварэляў Напалеона Орды, якія адлюстравалі архітэктуру і прыродныя краявіды радзімы Бакста, Гродна. З Мастацкага музея Літвы ў Беларусь прыехалі карціны Мікалоюса Чурлёніса — упершыню за апошнія сто гадоў.

Можна адкрыць для сябе і плеяду малавядомых у Беларусі майстроў — напрыклад, Рыгора Баброўскага, Савелія Сорына. Апошні, між іншым, стварыў партрэты Максіма Горкага і каралевы Лізаветы. У калекцыі «Белгазпрамбанка» цяпер знаходзіцца яго карціна «Жанчына з ружай» часоў Како Шанэль. Убачаць наведвальнікі і творы больш вядомага ў нас Фердынанда Рушчыца.

Сярод больш як 40 работ Бакста — 6 асабліва каштоўныя, бо яны вярнуліся на радзіму. «Белгазпрамбанк» выкупіў карціны «Прыцемкі над возерам», «Рыбак з люлькай», «Партрэт дзяўчыны ў блакітным» (Ружэны Заткавай), «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя» (каштавала 1 мільён долараў!), «Эскіз касцюма Жар-птушкі».

Бакст спрабаваў сябе ў мастацтве фавізму, поўным дзікай выразнасці колераў і энергіі, але мог быць і рамантычным, стрыманым. Яго пейзажы, усхваляваныя і трывожныя, нагадваюць імпрэсіянізм, а партрэты, наадварот, пакідаюць адчуванне гармоніі рэалізму. Вылучаюцца на вернісажы і тры аўтарскія літаграфіі Бакста з выявамі Ісака Левітана, Піліпа Малявіна і Зінаіды Гіпіус.

Тэатральны «бум», ці Рэвалюцыя моды

Леў Бакст. Эс­кіз кас­цю­ма Жар-птуш­кі  да ад­най­мен­на­га ба­ле­та.

Леў Бакст стаў вядомым, у першую чаргу, як тэатральны мастак — па запрашэнні Сяргея Дзягілева ён бліскуча аформіў шэраг пастановак «Рускіх сезонаў» у сталіцы Францыі. З дапамогай дэкарацый і касцюмаў ён умела аднаўляў настрой, дух, павевы любой эпохі. На выстаўцы ў сталіцы можна ўбачыць эскізы ўбораў да спектакля «Сэрца маркізы» (дэбютнага для Бакста), а таксама балетаў «Жар-птушка» і «Нарцыс», дэкарацыі да «Спячай прыгажуні», сцэнічныя касцюмы майстра, сшытыя па яго схемах у наш час, распрацаваныя ім тканіны і іншае. Усё гэта прывезена з Дзяржаўнага музея тэатральнага і музычнага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу. Дзякуючы Баксту, з шыкам праходзілі пастаноўкі «Клеапатры», «Шахеразады», «Дафніса і Хлоі», «Карнавала». З Расіі прывезлі яшчэ і рарытэтныя фотаздымкі пастановак, аформленых Бакстам, дзе бліскуча выступалі танцоры Тамара Карсавіна, Вацлаў Ніжынскі, Міхаіл Фокін. Упершыню ў Мінску — дзве тэатральныя афішы аўтарства знакамітага французскага пісьменніка, мастака і кінарэжысёра Жана Както вышынёй амаль да столі.

Ствараючы касцюмы для тэатральных пастановак, Бакст прыцягнуў увагу заканадаўцаў парыжскай моды — Поля Пуарэ і Жанны Пакен.

Праз некаторы час паненкі выстройваліся ў чаргу да мастака па новыя ўборы і парады наконт стылю. Яму падабалася рабіць аддзенне, у якім жанчына пераўвасаблялася ў німфу ці багіню. Гэта былі не проста сукенкі і спадніцы, а складаныя творы мастацтва.

Ключавым звяном у адзенні ад Бакста быў арнамент. Многія прадуманыя ім геаметрычныя кампазіцыі мелі як практычны (схаваць недахопы фігуры), так і эстэтычны сэнс. Жвавасць кветак і абстрактную стылістыку Бакст запазычыў, вывучаючы мастацтва індзейцаў, раскошу і багацце, натхняючыся Персіяй і Турцыяй, уменне вынаходліва спалучаць простыя элементы, не перагружаючы сілуэт, — з антычнай культуры. Можна сказаць, што Бакст — яшчэ і адзін з заснавальнікаў новай плыні ў выяўленчым і дэкаратыўным мастацтве Францыі пад назвай арт-дэко.

Факты з жыцця Бакста

  • Пра беларускую бабулю Бакста, чыё прозвішча ўзяў юны Лейб Хаім Розенберг, ведаюць усе, хто хоць нешта чуў пра выстаўку. Але яго дзед — не менш каларытны персанаж. Прадпрымальніцкую «жылку», а таксама любоў да раскошы Леў атрымаў у спадчыну ад яго. Паспяховы гандляр сукном вельмі любіў свецкае жыццё. У кватэру на Неўскім, дзе нейкі час жыла сям'я, перанёс атмасферу сапраўднага французскага салона, упрыгожыўшы яе старадаўняй мэбляй, шоўкам (ім абцягнулі сцены), пазалочанымі клеткамі з канарэйкамі... Магчыма, яшчэ тады маленькі Лёвачка стаў марыць пра Парыж.
  • Экспазіцыю ў Мінску ўпрыгожвае адна з першых карцін Марка Шагала, які вучыўся ў Льва Самойлавіча ў Пецярбургу, а потым з цеплынёй успамінаў настаўніка. Той, дарэчы, быў даволі строгім педагогам, часта крытыкуючы метафарычныя вольнасці будучага знакамітага авангардыста. Але такім чынам Бакст хацеў толькі падштурхнуць мастака, бо талент яго заўважыў вельмі хутка. На выстаўцы — адна з першых карцін Шагала «Лунацік», напісаная ў 1911 годзе.
  • Аляксандр Бенуа, апісваючы Льва Бакста, казаў пра яго вельмі супярэчліва: правільныя рысы твару — але невялікія вочы, ярка-рудыя валасы, пявучасць голасу — але сарамлівая манера трымацца. Самы яркі вобраз мастака можна ўбачыць на яго аўтапартрэце — белая кашуля, шырокі чорны берэт і пранікнёны погляд, поўны прагі да жыцця. У яго ёсць чаму павучыцца.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Заваёўнік Парыжа — родам з Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».