Вы тут

Кампазітар, які набіў руку на КВЗ


Кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі адсвяткаваў сямідзесяцігоддзе, атрымаў віншаванне ад імя Прэзідэнта (і не толькі), паслухаў сваю музыку ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і ў выніку сказаў: «Я ўсё жыццё іграў музыку для некага, а сёння — першы дзень, калі ігралі для мяне аднаго».


У аўторак адна з залаў кінастудыі «Беларусьфільм» стала месцам ушанавання вядомага кампазітара-песенніка Эдуарда Зарыцкага, за плячыма якога і сімфоніі, і канцэрты для камернага аркестра, і праца ў тэатры, і стварэнне кампазіцый для кіно, і дзіцячая музыка, і песні на вершы беларускіх паэтаў, і нарэшце шматгадовая праца ў калектыве Нацыянальнага акадэмічнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Ён стварыў безліч кампазіцый на творы Адама Міцкевіча, Ніла Гілевіча, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Максіма Танка, Змітрака Бядулі і іншых беларускіх аўтараў. Вы можаце памятаць матывы песень «Развітальныя гастролі», «Начныя вогнішчы», «Паверце, дзеванькі». Міністр культуры Барыс Святлоў згадаў, што творчы багаж кампазітара на сённяшні дзень налічвае больш 600 толькі песень.

«Галоўнае, што вы пішаце іх з любоўю, — звярнуўся міністр да кампазітара. — Ёсць тэмы любові да радзімы, да працы, да навакольнага свету, але абавязкова яшчэ і кахання да жанчыны. Гэта, на мой погляд, стварае моцны мелас, які так правыблівае слухачоў і прыхільнікаў вашага таленту. Тое, што вы працуеце больш як дваццаць гадоў у гэтым цудоўным калектыве (маецца на ўвазе аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. — Аўт.), таксама перадумова поспеху і раскрыцця вашага таленту. Года не прайшло, як калектыў пераехаў у будынак Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Вы яшчэ малады кампазітар, і мне здаецца, у вас павінна не тое што адкрыцца новая старонка творчасці, але гэта памяшканне яшчэ і дасць штуршок для стварэння музыкі для беларускіх фільмаў».

У адказ на наша пытанне аб працы ў кінапраектах Эдуард Барысавіч згадаў сваю апошнюю работу:

— Гэта была музыка для дакументальнага фільма «Паэт Мікалай Мінскі». Мне падабаецца пісаць для кіно. Я ўдзельнічаў у стварэнні мультфільмаў («Папяровая казка», «Рак-пустэльнік і ружа». — Аўт.), і гэта падаецца мне найбольш цяжкай — бо ўсё трэба лічыць па секундах — але і надзвычай цікавай работай. Праца для тэатра таксама вельмі цікавая, як і стварэнне музыкі для дзяцей, дзе трэба ўлічваць іх сучасны светапогляд. Гэта ж не тыя дзеці, што былі раней. Нядаўна ў філармоніі адбыўся вялікі канцэрт, дзе дзіцячыя калектывы спявалі мае харавыя творы. Я перарабіў некаторыя старыя песні, спецыяльна для дзіцячага хору напісаў новыя. У нас ёсць пэўная праблема з рэпертуарам — як мог, я папоўніў недахоп. Я люблю глядзець на твары дзяцей, калі ім падабаецца тое, што яны спяваюць. Таму што, бывае, яны ўспрымаюць тое, што мы пішам, як манную кашу, і пяюць праз сілу.

— Атрыманне такой колькасці віншаванняў народным артыстам — безумоўна, важная адзнака. А вы самі задаволены сваімі прафесійнымі дасягненнямі?

— Я лічу, што да канца сваёй працай нельга быць задаволеным, але ўсё, што змог, я зрабіў. Праўда, гэта мне і падабалася — я працаваў у жанрах, якія мне бліжэй і, як мне падаецца, у мяне найлепш атрымліваюцца. Сёння ў аркестры Міхаіла Фінберга, дзе я працую, мы ствараем цыклы песень на вершы беларускіх паэтаў, а гэта вельмі важна, таму што гэтым амаль ніхто сёння не займаецца.

— А не крыўдна, што вы больш вядомы дзякуючы эстраднай музыцы, а не сімфоніям, кампазіцыям для тэатра?

— Не, я разнажанравы кампазітар — працую і ў сур'ёзнай музыцы, і ў эстрадзе. У свой час я шмат пісаў для КВЗ, мы тады выступалі ў Маскве, і вось у гэты час трэба было пісаць шмат рознай музыкі. Я тады набіў руку. Мой педагог па кампазіцыі прафесар Анатоль Васільевіч Багатыроў не вельмі станоўча ставіўся да такой музыкі і схіляўся да таго, што трэба быць акадэмічным, сур'ёзным музыкантам. Таму я яму не прызнаваўся.

— А як Анатоль Багатыроў адрэагаваў, калі даведаўся пра вашае сумяшчэнне акадэмічнай музыкі з папулярнай?

— Я ўжо ў яго не вучыўся, калі ён даведаўся. Але мне ўсё, што звязана са словам, было бліжэй. Думаю, і дзеці з дзяцінства павінны слухаць жывую музыку, голас маці. Мне з гэтым пашанцавала ў свой час, таму меладызм, напэўна, ужо ў крыві.

— Наколькі ведаю, Анатоль Багатыроў навучыў вас пісаць музыку кожны дзень. Сёння вы па якім графіку працуеце?

— Ён быў для мяне не толькі настаўнікам (а ўвогуле вельмі важна трапіць да «свайго» настаўніка) — ён быў для мяне як бацька. Анатоль Васільевіч даў мне шмат разумных парад, мудрых рэчаў, за якія я яму ўдзячны. Так, я кожны дзень нешта пішу, у прафесіянала заўсёды павінна быць натхненне. І мой настаўнік казаў: «Пакуль пішацца — пішы, можа быць, заўтра такога натхнення не будзе».

— Вы неяк казалі, што стараецеся пісаць музыку толькі тады, калі ў вас добры настрой, а настрой жа не падробіш.

— Я дастаткова вясёлы чалавек і ў мяне рэдка бывае дрэнны настрой. Таму і напісана шмат. І сёння, хоць звычайна я іграю для іншых людзей, упершыню ў жыцці ігралі для мяне аднаго.

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Юрыя ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».