Вы тут

Уганараваныя пераможцы 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»


Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — гэта не толькі выдатная нагода сустрэцца з кнігай і аўтарам, але і своеасаблівае падвядзенне вынікаў кнігавыдавецкага года. Таму ўжо традыцыйна ў межах выставы праходзіць урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Мастацтва кнігі». Выданні, адзначаныя спецыяльнымі дыпломамі і сімвалічнымі статуэткамі «Залаты фаліянт», — сапраўды значныя і знакавыя, а іх змест, аздабленне і паліграфічнае выкананне проста бездаркорныя.


У ліку пераможцаў сёлетняга конкурсу (а іх агучыла яшчэ напярэдадні адкрыцця выставы міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч) — фотаальбом, прысвечаны беларускім абрадам, энцыклапедыя «Культура Беларусі», вялікая даследчая праца па традыцыйным дойлідстве, кніга-падарожжа ў часы Вялікага Княства Літоўскага... Асобна ўганараваныя найлепшы мастак, дызайнер і фотамастак. Дарэчы, найлепшым фотамастаком названы фотакарэспандэнт «Звязды» Анатоль Кляшчук (пра ўсіх пераможцаў «Звязда» пісала ў папярэдніх нумарах).

«Мастацтва кнігі» — конкурс з даўняй гісторыяй і строгімі правіламі. Ім апякуецца Міністэрства інфармацыі Беларусі. Выданні, якія маюць прадстаўляцца на творчым спаборніцтве, павінны адпавядаць крытэрыям, адзначаным у палажэнні аб конкурсе. Улічваецца літаральна ўсё: змест, канцэпцыя, аздабленне і якасць друку. Кнігі-канкурсанты спачатку разглядае экспертны савет, а пераможцаў вызначае прафесійнае журы.

Сёлета ў якасці старшыні журы конкурсу выступіў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, яго сустаршыня — першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Таксама ў складзе журы былі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, мастак Валянцін Губараў і выдавец Канстанцін Хацяноўскі.

Як вызначаліся пераможцы? Якія крытэрыі ўплывалі на рашэнне? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да саміх сяброў журы.

— Сёлета на конкурс было прадстаўлена вельмі многа цікавых кніг. Асабіста я заўсёды аддаю перавагу выданням фундаментальным, за якімі стаіць вялікая праца аўтараў і якія будуць запатрабаваныя яшчэ доўгія гады, — кажа дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. — Уразіла кніга «Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі...», якая ў выніку галасавання журы атрымала «Гран-пры» конкурсу. Натуральна, уплыў аказала і фігура Уладзіміра Мулявіна, за яго спінай — важны пласт беларускай культуры, нашай песні. Вельмі добра папрацавалі выдаўцы, яны здолелі музыку, талент увасобіць на кніжных старонках.

Таксама ў ліку знакавых выданняў, адзначаных узнагародамі «Мастацтва кнігі» Раман Сцяпанавіч называе шасцітомную энцыклапедыю «Культура Беларусі» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» (спецыяльная намінацыя «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны»). Гэта фантастычная работа, вялікі праект, мэта якога — распавядаць пра розныя аспекты нашай культуры.

А мастак Валянцін Губараў, які ўжо многа гадоў уваходзіць у журы «Мастацтва кнігі», распавёў, што абмеркаванні кніг-канкурсантаў і вызначэнне пераможцаў праходзілі вельмі бурна. Было мноства спрэчак, выказваліся самыя розныя думкі. Але гэта сведчыць пра тое, што ў журы сабраліся людзі, сапраўды нераўнадушныя да лёсу кнігі.

— Я разглядаў менавіта мастакоўскі падыход да аздаблення кніг, — разважае Валянцін Аляксеевіч. — Заўсёды прыемна заўважаць новы погляд, адрознае ад іншых успрыманне, якое маюць мастакі, асабліва маладыя. Хай у іх і не ўсё атрымліваецца выдатна, затое адчуваецца, што над кнігай працаваў сапраўдны творца. Мне вельмі прыемна, што найлепшым кніжным графікам мы сёлета назвалі Юрыя Якавенку. Гэта не новае імя, я ўжо многа гадоў ганаруся ім, радуюся, што мы маем талент такога ўзроўню. Фотамайстар Анатоль Кляшчук таксама ўжо вядомы ў сваёй галіне, і ўзнагарода ў намінацыі «Майстэрства» — выдатны сімвал прызнання яго поспехаў.

«Мастацтва кнігі» — конкурс незвычайны. Яго мэта — не спаборніцтва, не канкурэнцыя, а развіццё, удасканаленне. Арыентуючыся на кнігі-пераможцы конкурсу, выдаўцы наступных пакаленняў змогуць стварыць сапраўдныя шэдэўры: традыцыя выдаваць якасныя, цікавыя і карысныя кнігі ўжо закладзеная.

Фота Надзеі БУЖАН.

Загаловак у газеце: Залатыя фаліянты


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».