Праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на бягучы год плануецца разгледзець на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў канцы лютага. Падчас пашыранага пасяджэння камісіі Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі па бюджэце і фінансах дэпутаты абмеркавалі гэты дакумент.
Нагадаем, бюджэт не быў прыняты ў канцы мінулага года. Як патлумачыў дэпутат Віктар Шчэцька, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы, намеснік старшыні камісіі па бюджэце і фінансах Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, гэта адбылося «па аб'ектыўных прычынах». Пакуль жа з першага студзеня гэтага года здзяйсняецца часовае кіраванне бюджэтам.
— Праект бюджэту на 2016 год унесены ў канцы 2015 года на ўхваленне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы і да цяперашняга часу знаходзіцца на разглядзе, — паведаміў Віктар Шчэцька.
Гаворачы пра тое, ці дастаткова ў гэтым годзе будзе грошай на выкананне саюзных праграм і праектаў, дэпутат паведаміў, што бюджэт сфарміраваны з прафіцытам. Тым не менш грошы трэба эканоміць.
— Ёсць сродкі на ўсе выдаткі, якія неабходна будзе прафінансаваць: бюджэт спраектаваны з прафіцытам, — адзначыў ён. — Не бачу пагрозы невыканання нейкіх праграм, таму што сёлета бюджэт дастаткова добры. Больш за 3 мільярды расійскіх рублёў пойдзе на праграмныя мерапрыемствы, якія мы павінны правесці на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Што да астатніх — то больш за 725 мільёнаў рублёў выдаткоўваецца на інфармацыйную палітыку, якая будзе праводзіцца ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Што цікава, на 2016 год запланавана фінансаванне 34 праграмных мерапрыемстваў.
Святаслаў Сокал, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі, дэпутат Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, лічыць, што трэба працягваць фінансаваць «тыя праграмы, якія ўжо ў рабоце». Але не трэба забываць і пра ідэйны складнік беларуска-расійскай інтэграцыі.
— Трэба сказаць: з улікам складанай сітуацыі ў свеце пытанне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы павінна прыцягваць больш увагі з боку ўсіх узроўняў улад — і расійскіх, і беларускіх, — упэўнены расійскі парламентарый.
Згодна з праектам бюджэту аб'ёмы адлічэнняў дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы ў даходную частку бюджэту будуць захаваны на ўзроўні мінулых гадоў і складуць у суме 4,8 мільярда расійскіх рублёў, а з улікам рэшткаў папярэдніх гадоў памер бюджэту складзе каля 6,6 мільярда расійскіх рублёў.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.