Вы тут

Літаратура для інтэлектуальнага адпачынку


Сярод мерапрыемстваў кніжнай выставы-кірмашу асаблівую цікавасць выклікала прэзентацыя кнігі «Фінансавая дыета: рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» пад рэдакцыяй памочніка Прэзідэнта, доктара эканамічных навук Кірыла Рудага.


Падчас прэзентацыі сваёй кнігі Кірыл Руды адзначыў, што яна не з'яўляецца афіцыйнай праграмай дзеянняў для эканамістаў, а хутчэй кірункам для разважанняў аб становішчы эканомікі дзяржавы ў сучасных умовах. Кажучы пра тое, да якога жанру можна аднесці кнігу, аўтар схіляўся да меркавання, што яна належыць да літаратуры для інтэлектуальнага адпачынку. «Гэтая кніга пра тое, што дзяржаўныя сродкі трэба расходаваць рацыянальна. Для гэтага ёсць універсальныя механізмы бюджэтнай, падатковай і сацыяльнай палітыкі, таксама міжнародны вопыт», — распавёў памочнік Прэзідэнта.

У яе стварэнні прымалі ўдзел 20 вучоных і зацікаўленыя дзяржаўныя органы і міжнародныя арганізацыі. Выпуск адбыўся па заказе і пры фінансавай падтрымцы ПРААН у Беларусі і Міністэрства інфармацыі нашай краіны. Многія чытачы спадзяюцца, што ў «Фінансавай дыеце» маюцца пэўныя адказы на большасць з тых пытанняў, якія стаяць сёння перад эканомікай нашай краіны. Але Кірыл Руды падчас прэзентацыі адзначыў пытанні, на якія адказаў у кнізе чытачы не знойдуць.

«У СМІ сёння склалася меркаванне, што Беларусь стаіць перад выбарам «альбо рынак, альбо дзяржава; альбо вяртанне ў 90-я ці 2000-я». У кнізе гэтага няма. Дзяржава сёння з'яўляецца актыўным гульцом ва ўмовах сусветнага рынку. У кнізе гэты падыход быў названы «дзяржаўным капіталізмам». Хачу таксама адзначыць, што рынак не з'яўляецца хаосам і не рэгулюецца «нябачнай рукой». Рынак — гэта канкрэтныя законы, суды, ахова ўласнасці. Гэтыя законы пішуць канкрэтныя людзі, якія маюць сваё бачанне і свае перавагі. Часам прычыны выбару тых ці іншых эканамічных прыярытэтаў залежаць ад інтуіцыі ці эмацыянальных фактараў. Такі падыход правамерны, калі эканоміка расце. Але калі эканамічны рост запавольваецца, то для гэтага ў кнізе прапануецца фінансавая дыета, што значыць пераход на рацыянальны механізм выкарыстання дзяржаўных рэсурсаў», — растлумачыў Кірыл Руды.

Аўтар таксама падкрэсліў, што ў кнізе няма адказу на тое, якія галіны будуць прыярытэтнымі для нашай эканомікі ў будучыні. Больш за тое, у кнізе вельмі скептычнае стаўленне да такога папулярнага ў Беларусі кірунку, як інфармацыйныя тэхналогіі, якія здаюцца відавочнымі для развіцця.

«Акрамя таго, у кнізе выказваецца меркаванне, што трэба вывесці прадпрыемствы з падпарадкавання міністэрстваў. Гэта дапаможа стварыць больш канкурэнтнае асяроддзе. Самым важным элементам для канкурэнцыі і аздараўлення эканомікі, з'яўляюцца правільныя стымулы. Прычым гэтыя стымулы павінны быць не толькі камандна-адміністрацыйнымі, але і добраахвотна-рынкавымі», — растлумачыў Кірыл Руды.

Ён таксама лічыць, што праблема выбару стымулаў досыць складаная. Сёння вядзецца нямала дыскусій аб прыватнай і дзяржаўнай формах уласнасці прадпрыемстваў. На думку аўтара, калі вобразна падысці да гэтага пытання, то можна правесці аналогію з тым, што «кватаранты не робяць рамонту ў здымнай кватэры», і каб з'явіліся правільныя стымулы, павінна з'явіцца пэўная колькасць уласнікаў, якія і будуць іх ствараць для эканомікі.

Таксама Кірыл Руды папрасіў не шукаць у кнізе лібералізму, у яго звыклым разуменні, бо там няма заклікаў падняць эканоміку за кошт сацыяльнай сферы: «Цэнтральныя ідэі кнігі наадварот гучаць вельмі кансерватыўна і кажуць пра тое, што трэба ўзмацняць прававы парадак, кантроль за грашыма і пашыраць інстытуцыянальнае кіраванне. Аднак пры гэтым галоўным прыярытэтам «Фінансавай дыеты» застаецца менавіта сацыяльная сфера, бо яна дае максімальны, станоўчы эфект для ўсяго грамадства.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?