Вы тут

У Ды Капрыа з’явілася больш шанцаў атрымаць заветны Оскар


Нядзельным вечарам, 14 лютага, у лонданскай Каралеўскай оперы раёна Ковент-Гардэн адбылася цырымонія ўручэння прэмій Брытанскай акадэміі кіно і тэлевізійных мастацтваў BAFTA (The British Academy of Film and Television Arts). Мерапрыемства, як і цырымонія ўзнагароджвання прэміяй “Залаты глобус”, лічыцца свайго роду рэпетыцыяй перад галоўнай кінападзеяй у ЗША – раздачай Оскараў. Абсалютным трыумфатарам тут стала кінакарціна “Легенда Хью Гласа” (у нашым пракаце - "Выжыўшы") мексіканскага рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту, у якой Леанарда Ды Капрыа сыграў голоўную ролю – параненага ў схватцы з мядзведзем правадніка, што на шляху да чалавечыў умоу выжыў у нечалавечых.


Фота EPA/ANDY RAIN

Карціна ўжо нарадзіла шмат жартаў кшталту таго, што Джэк з “Тытаніка”, аказваецца, мог бы выжыць у ледзяной вадзе (у “Легендзе Хью Гласа” персанажу Ды Капрыа таксама даводзіцца плыць па цячэнні ў халоднай рацэ). Карціне Іньярыту BAFTA, у складзе якой каля шасці з паловай тысяч экспертаў з Брытаніі і ЗША, аддала ўзнагароды адразу ў пяці намінацыях – “Найлепшы фільм”, “Найлепшы рэжысёр”, “Найлепшае гукавое суправаджэнне”, “Найлепшая аператарская работа” (аператарам карціны стаў небезвядомы Эмануэль Любецкі) і нарэшце “Найлепшая мужчынская роля”, што набліжае яе выканаўцу да оскараўскай статуэткі.

Расчулены Ды Капрыа, што да ўчарашняга дня ўжо тройчы быў намінаваны на прэмію BAFTA за карціны “Авіятар”, “Адступнікі” і “Волк з Уол-стрыт”, але ні разу яе не атрымаў, у сваім выступе са сцэны падзякаваў сваю маці: "Я вырас не ў прывілеяваным становішчы, і гэтая жанчына вазіла мяне ў школу па тры гадзіны ў дзень, каб даць мне іншую перспектыву. Сёння ў яе дзень нараджэння. Мама, я вельмі моцна цябе люблю".

Немала ўзнагарод – адразу чатыры – сабрала і карціна “Шалёны Макс. Дарога лютасці” Джорджа Мілера – “Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка”, “Найлепшы дызайн касцюмаў”, “Найлепшы мантаж” і “Найлепшы грым і прычоскі”.

Драма “Кэрал” Тода Хэйнса з Кейт Бланшэт у галоўнай ролі была намінавана адразу на дзевяць узнагарод прэміі BAFTA, але ў выніку не атрымала ніводнай. Фільм, дарэчы, з’явіцца ў мінскім пракаце ў сакавіку.

Найлепшай актрысай на цырымоніі была названа Бры Ларсан – у карціне “Пакой” Леанарда Абрахамсана яна сыграла дзяўчыну, якая будучы выкрадзенай жыла ў закрытай пабудове з маленькім сынам.

Найлепшай актрысай другога плана стала Кейт Уінслет за ролю ў біяграфічнай драме “Стыў Джобс” Дэні Бойла. Найлепшым акцёрам другога плана быў названы Марк Райлэнс за ролю ў гістарычным фільме Стывена Спілберга “Шпіёнскі мост”. Гэта ўзнагарода не дазволіла карціне Спілберга ў адрозненне ад “Кэрал” прайграць у сухую – “Шпіёнскі мост” быў таксама намінаваны на дзевяць узнагарод.

Найлепшым брытанскім фільмам быў названы “Бруклін” Джона Краулі пра ірландскую дзяўчыну, што з’язджае ў Нью-Ёрк будаваць новае жыццё, пакідаючы ў родным гарадку маці і старэйшую сястру. Зараз карціна паказваецца ў мінскім кінатэатрах.

“Агідная васьмёрка” Квенціна Таранціна перамагла ў адной катэгорыі – узнагарода “Найлепшы кампазітар” была прызначана Эніа Марыконэ.

Сёмы эпізод культавай сагі “Зорныя войны. Абуджэнне сілы” Джэй Джэя Абрамса атрымала ўзнагароду за “Найлепшыя візуальныя эфекты”.

Найлепшым фільмам на замежнай мове былі названы аргентынскія “Дзікія гісторыі” Даміана Шыфрона. Найлепшым анімацыйным фільмам стала “Галаваломка”, а найлепшым дакументальным фільмам – карціна “Эмі” пра спявачку Эмі Уайнхаус.

Прыз за “Найлепшы арыгінальны сцэнарый атрымала карціна “У цэнтры ўвагі” (таксама можна паглядзець у мінскім кінатэатрах), а за найлепшы адаптаваны – “Гульня на паніжэнне”.

Акадэмія BAFTA, створаная ў 1947 годзе, з’яўляецца незалежнай дабрачыннай арганізацыяй, што падтрымлівае і развівае кіно, узнагароджвае на яе погляд найлепшых творцаў і апроч гэтага мае цэлую навучальную праграму – майстар-класы, семінары і лекцыі ў Велікабрытаніі, Лос-Анджэлесе і Нью-Ёрку.

Наступнай крупнай кінападзеяй стане 88-я цырымонія ўручэння прэмій Амерыканскай кінаакадэміі, што адбудзецца 28 лютага. “Легенда Хью Гласа” намінавана тут у дванаццаці катэгорыях, “Шалёны Макс. Дарога лютасці” – у дзесяці, сем намінацый атрымала карціна “Марсіянін” Рыдлі Скота. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тыгры ў Мінскім заапарку. Як жывуць і чым харчуюцца сімвалы 2022 года?

Тыгры ў Мінскім заапарку. Як жывуць і чым харчуюцца сімвалы 2022 года?

Паводле кітайскага календара 2022-і пройдзе пад знакам Тыгра. 

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.