Вы тут

«Культура ідзе з сям'і...»


Гэты год, як вядома, аб'яўлены Годам культуры. Нехта з так званых простых людзей з глыбінкі можа сказаць: што з таго?.. Мы ж, маўляў, не артысты, не мастакі, не пісьменнікі. Мы тут ні пры чым... Але ці так гэта?

Мне здаецца, што наша культура пачынаецца з таго, як жылі, як працавалі, што святкавалі і спявалі нашы продкі, як яны выхоўвалі сваіх дзяцей.


Мая мама, напрыклад, ніколі не клала спаць браціка ці сястрычку, не заспяваўшы ім пра катка, што «пайшоў пад масток, злавіў рыбку за хвасток...» ці якую іншую песеньку. Маленькія пад гэты спеў вельмі хутка засыналі, і на тварыках у іх было столькі ціхай радасці!.. Дзіва дзіўнае: здавалася б, малое, нічога не разумее яшчэ, не ўмее размаўляць, але ж адчувае, што перадаецца гэтай цёплай мелодыяй, гэтым голасам. Тады перад сном дзіцяці не патрэбны былі ніякія мульцікі. Большым дзеткам, дарэчы, таксама, бо ў іх была добрая казка ад той жа матулі альбо ад бабулі. А падросшы, яны ўжо самі пачыналі чытаць.

Скажаце, што цяпер гэта не актуальна, змяніўся час?

Мне здаецца, што не. І для таго, каб пераканацца ў тым, трэба зусім няшмат. У добрую хвіліну, напрыклад, пакажыце дзіцятку таго ж катка, дайце патрымаць яго, дайце пагладзіць, раскажыце:

Ходзіць коцік шэранькі,

Хвост у кіскі беленькі,

Вочкі загараюцца,

Мышкі разбягаюцца...

І вось пабачыце: ваша малое абавязкова папросіць паўтарыць гэтыя радкі яшчэ і яшчэ раз, пакуль, гладзячы ката, не вывучыць на памяць, не панясе па жыцці гэтае замілаванне — пяшчотай ды прыгажосцю.

Альбо вось яшчэ — вячэра перад Калядамі, куцця. Уся наша сямейка збіраецца вячэраць. Мама кладзе на стол трохі сена, паверх яго — бялюткі абрус. На яго ставіць рытуальныя стравы. Але ж найперш пры запаленай свечцы чытае малітву, нам, малым, перадае таямніцу: свята, нарадзіўся Хрыстос!

Потым гэты звычай і гэтую веру мы, дзеці, панясём далей, як і няпростую навуку любіць сваіх бліжніх, паважаць «дальніх», ніколі не рабіць нічога благога: не падманваць, не красці, не забіваць. Культура ідзе з сям'і, з нашых традыцый, з нашых каранёў.

Я, дарэчы, ведаю нямала сем'яў, дзе саромеюцца размаўляць па-беларуску. Дзеці ў такіх бацькоў не паспеюць ад зямлі адрасці, а ўжо, глядзіш, «акультурыліся», адмовіліся ад роднай мовы. І спытай у такіх, чым беларуская горшая, скажам, за ўкраінскую, малдаўскую нейкую іншую, — не адкажуць, бо ніколі не думалі. Проста бралі «прыклад» з іншых: я, маўляў, як большасць...

Але ж, дзякаваць Богу, не ўсе!.. Я, бывае, пачую беларускую песню — па радыё, па тэлевізары — і такі мяне возьме гонар, што аж слёзы з вачэй! Так і хочацца папрасіць: «Людзі, размаўляйце ў сем'ях па-беларуску! Хай чуюць гэтую мову вашы дзеці і «гарадскія» ўнукі, хай любяць яе! Спявайце народныя песні, расказвайце казкі, каб яны не прапалі!».

У нас жа большасць людзей лічаць сябе беларусамі, але ўвесь час размаўляюць па-руску і лічаць гэта нармальным. Ды яшчэ і ганарацца, што мовы беларусаў не разумеюць... Гэта, на іх погляд, таксама прыкмета «культурнасці»?

Не, я зусім не хачу, каб нехта падумаў, што я супраць ведання іншых моў. Яны адкрываюць нам свет. Іх трэба вучыць. Але ж свая мова мае быць даражэй, калі, вядома ж, любіш Радзіму. І калі ты — чалавек культурны.

Лідзія ЛУК'ЯНАВА, в. Швабы, Лагойскі р-н

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».