Вы тут

Колькі чалавеку трэба?


Можа, гэта з гадамі?.. Але ж, калі ў пакоі цёмна і ціха, а сон не ідзе, памяць пачынае падкідваць нейкія выпадкі.

Гэты адбыўся шмат гадоў таму і пачаўся са звычайнай аб'явы: кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў чарговы раз заклікала жыхароў навесці парадак у пад'ездах, прыбраць тэрыторыю вакол дома.


Прачытаў і, шчыра кажучы, не надта задумаўся, пакуль вечарам...

Вечарам я падымаўся на свой паверх. Падымаўся ў поцемках (бо лямпачку альбо нехта выкруціў, альбо перагарэла) і ўвесь час на нешта натыкаўся. А калі нарэшце, ужо на сваёй пляцоўцы, наступіў на пастаўленыя кімсьці... граблі, то міжволі стаў думаць аб нашай культуры.

«Не, — разважаў я, седзячы на кухні і прыціскаючы да набітага гузака дзедаўскую медзяную манету, — у побыце мы пакуль дзікуны. Ужо не высыпаем вёдры са смеццем пасярод вуліцы, не выкідваем праз вокны лупіны ад бананаў ды агрызкі яблыкаў, але ж ад падобнага адышлі зусім недалёка. Для таго, каб убачыць гэта, варта зірнуць на пашкоджаныя дзверы пад'езда, на скарабачаныя паштовыя скрынкі, на скрэмзаныя сцены...

І ў дварах не намнога лепш: клумбы патаптаныя, дзіцячыя арэлі вывернуты з зямлі, пясочніцы, ператвораныя ў сабачыя туалеты...»

Пасля такога вось «філасофскага» роздуму тут жа, на кухні, я цвёрда вырашыў прыслухацца да заклікаў камунальнай службы — прыняць удзел у навядзенні парадку ў доме і нават вакол яго.

А для гэтага назаўтра, прыхапіўшы з сабой новы венік і анучку з вядром, я накіраваўся ажыццяўляць задуманае. Пачаў з пустых скрынак на лесвічнай пляцоўцы і нейкую колькасць нават спарадкаваў, калі аднекуль зверху пачуліся гучныя крокі. Ну, думаю, падмога ідзе, будзе такі суботнік, будуць паплечнікі ў пачэснай справе!

Аказваецца, не. Аказваецца, гэта сусед шыбуе ў краму, бо зранку, што называецца, «трубы гараць».

Але ж каля мяне спыніўся, пытае:

— Гэта ты тут бардак развёў?

Ад здзіўлення я нават заікацца пачаў:

— Як табе такое ў галаву ўзбрыло?! Я проста па аб'яве... Вунь на дзвярах вісіць. Парадак трэба навесці. Вясна ідзе...

— А табе, што, больш за ўсіх трэба?!

Мой настрой прыкметна сапсаваўся. Але адступаць не было куды, і я ўзяўся саскрабаць са сцяны надпіс нейкага прыхільніка гурту «Дзюна», які да непрыстойнасці перайначыў песню «Наш Борка — бабнік».

Я ўжо даціраў апошняе брыдкае слова, калі з кватэры вышэй выйшла маладзіца з дзяўчынкай.

— Мама, ты казала, што на сценах нельга пісаць, — залапатала яна, — а дзядзька вунь, бачыш...

Не паспеў я і рот адкрыць, каб штось запярэчыць, як мама выдала:

— Дзядзька — дрэнны. Пагразі яму пальчыкам: «Ну, ну... Нядобра гэтак рабіць!».

— Гэта не я, — пачаў тлумачыць, чырванеючы, — гэта іншы хтось панапісваў! А я — саскрабаю. Суботнік сёння!

Але жанчына ўжо прыклала палец да намаляваных вуснаў: маўляў, не трэба, я ведаю... Гэта — у мэтах выхавання.

— Добра, я больш не буду пісаць на сценах, — паабяцаў я малечы.

Як тут на верхняй пляцоўцы «намалявалася» бабуля:

— Паглядзіце на яго! Ён абяцае, што не будзе! Ведаем мы такіх! Пісака... У вас у крыві ўжо крэмзаць! На нешта добрае вы не здатныя...

Мае нервы напяліся як струна, гатовая вось-вось лопнуць. Асудзіўшы ў думках свой чыстаплюйскі парыў, я падаўся дамоў, дзе і прыйшоў да высновы, што сусед мой меў рацыю: мне трэба такі не больш, чым іншым.

А ў выніку першы суботнік у нашай пяціпавярхоўцы так і не адбыўся.

Але ж гэта — палова бяды. Бяда, калі не адбудуцца і наступныя, бо мы тады ніколі не навядзём належнага парадку ў сваім пад'ездзе, у сваім доме, у горадзе. Мы па-ранейшаму будзем адчуваць сябе нейкімі часовымі людзьмі, якім разам няма пра што клапаціцца.

Ці не так?

Мікалай ГЛЕБ, Ляхавіцкі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.