Вы тут

З серады ўначы пахаладае да мінус 10-12 градусаў


Ужо сёння паўднёвы цыклон «Ульрыка» прынясе на тэрыторыю краіны мокры снег і дождж. Гэта будзе дзень з максімальна складанымі ўмовамі надвор'я на гэтым тыдні, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Спецыяліст адзначыў, што пэўныя цяжкасці чакаюць нас ужо раніцай у аўторак, бо ўначы на 16 лютага ў многіх раёнах прагназуюцца моцныя ападкі, месцамі наліпанне мокрага снегу, туман і слабы галалёд. Мацней усяго цыклон пагаспадарыць у паўднёва-ўсходніх раёнах краіны, дзе магчыма слабая мяцеліца, на дарогах галалёдзіца. Днём месцамі па ўсходзе Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру да 15-18 м/с. Максімальная тэмпература паветра складзе ад нуля да плюс 5 градусаў, а па паўднёвым усходзе будзе да 6-8 цяпла.

Не вельмі моцна палепшыцца надвор'е і ў сераду. У гэты дзень цыклон адыдзе на тэрыторыю Расіі, а на яго месца завітае антыцыклон з боку Балтыйскага мора. Надвор'е адносна стабілізуецца, але пры гэтым панізіцца тэмпература паветра. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень у крайніх паўднёва-заходніх раёнах магчымы невялікі мокры снег. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да мінус 9 градусаў, а па паўночнай палове месцамі — да 10-12 марозу. Праўда ўдзень будзе ўжо ад мінус 2 да плюс 4 градусаў.

Амаль паўсюдна будзе гаспадарыць антыцыклон і ў чацвер. Таму будзе пераважна без ападкаў, толькі па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег і дождж), месцамі туман і галалёд. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Уначы і раніцай месцамі па захадзе Беларусі чакаецца ўзмацненне ветру да 15-18 м/с. Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе мінус 2-9 градусаў, па паўночным усходзе будзе 10-12 марозу, а па паўднёвым захадзе — каля нуля. Удзень чакаецца ад мінус 2 да плюс 5 градусаў.

Кароткачасовыя ападкі ў выгляджу мокрага снегу і дажджу чакаюцца месцамі і ў пятніцу. Тады магчымы туман і слабы галалёд. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да мінус 7 градусаў, па ўсходзе — да 9 марозу, а ўдзень — ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у выхадныя дні надвор'е будуць вызначаць атмасферныя франты, што рухаюцца з боку Заходняй Еўропы, і зноў больш цёплыя паветраныя масы Атлантычнага паходжання. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (пераважна мокры снег). У асобных раёнах магчымы туман і слабы галалёд. Месцамі на дарогах захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла, па паўночным усходзе пры праясненнях чакаецца да 10 марозу. Удзень прагназуецца ад мінус 1 градуса да 4 цяпла.

Дзмітрый Рабаў адзначыў карэспандэнту «Звязды», што гэта непрацяглае паніжэнне тэмпературы паветра сапраўдную зіму на тэрыторыю Беларусі не верне. Сярэдняя тэмпература паветра на гэтым тыдні ўсё роўна застанецца на 4-6 градусаў вышэй за кліматычную норму.

На лёд лепш не выходзіць

На большасці рэк краіны працягваецца рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-12 сантыметраў за суткі, адзначаюць у Гідраметцэнтры Мінпрыроды.

Цяпер вада знаходзіцца на пойме на рэках Нёман каля вёскі Беліца, Нараў каля вёскі Нямержа, Бярэзіна ў горада Беразіно, Случ каля вёскі Ленін. Спецыялісты адзначаюць, што і ў бліжэйшыя дні такі рэжым на рэках захаваецца.

Эксперты растлумачылі, што за выхадныя ачысціліся ад лёду Заходняя Дзвіна ў Віцебску і яе прыток рака Дзісна каля гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, а таксама Нёман каля горада Масты, прытокі Прыпяці — рэкі Гарынь каля вёскі Малыя Вікаравічы і Убарць каля вёскі Краснабярэжжа. У бліжэйшыя дні ледастаў з палонкамі і закраінамі захаваецца на большасці ўчасткаў Заходняй Дзвіны, Дняпра, Бярэзіны, Сожа і некаторых іх прытоках. Таўшчыня лёду паменшылася і складае на рэках 15-19 сантыметраў, на вадаёмах — 18-26 сантыметраў. У сувязі з гэтым, у Гідраметцэнтры папярэджваюць, што выходзіць на лёд вельмі небяспечна, бо яго трываласць паступова памяншаецца за кошт паступлення цяпла на паверхню ад нагрэтага паветра і талай вады.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Выпрабаванне цыклонам «Ульрыка»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.