Вы тут

Трэцяя сусветная нікому не патрэбна


Мінулы тыдзень для нашай краіны прайшоў пад знакам гадавіны пагадненняў па Украіне, якія дазволілі рэзка знізіць узровень супрацьстаяння ў суседняй краіне. Мінск стаў важнай пляцоўкай для прымірэння, а таксама для нараджэння надзей на лепшы лёс Украіны.


Нягледзячы на тое, што Мінскія пагадненні не ўдалося ўвасобіць у жыццё, замарозка канфлікту, якая адбылася год таму, дазволіла захаваць тысячы жыццяў. Унёсак Беларусі быў па заслугах ацэнены ўсімі. У выніку перад гадавінай перагавораў у Мінску адбыліся важныя сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі шэрагу краін, у прыватнасці з палітычным дырэктарам МЗС ФРГ Андрэасам Міхаэлісам, гендырэктарам па палітычных пытаннях Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Сайманам Гасам і Генеральным сакратаром знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі Міхаэлем Лінхартам. Аўстрыя, акрамя перагавораў, афіцыйна адкрыла сваё пасольства ў Беларусі. На тыдні таксама прайшла міжнародная канферэнцыя "Мінскія пагадненні праз год: дасягненні, выклікі, урокі". У ёй узялі ўдзел эксперты з чатырох краін, якія вялі лёсавызначальныя перамовы ў Мінску ў лютым 2015 года.

Адной з самых важных падзей мінулага тыдня стала чарговая Мюнхенская канферэнцыя па пытаннях бяспекі, у рабоце якой традыцыйна прымаюць удзел палітыкі вышэйшага ўзроўню з усяго свету. Падчас яе міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў некалькі сустрэч, у прыватнасці з міністрамі замежных спраў Германіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі, а таксама з каардынатарам Федэральнага ўрада ФРГ па міжграмадскім супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства, спецыяльным упаўнаважаным па пытаннях старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе Гернатам Эрлерам, старшынёй Усходняга камітэта германскай эканомікі Вольфгангам Бюхеле, з Еўракамісарам па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Ёханесам Ханам. Гэтыя сустрэчы важныя для развіцця адносін Беларусі з ЕС у новым фармаце. Сенсацыяй канферэнцыі стала афіцыйнае прызнанне прэм'ер-міністрам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым таго факта, што Расія і Захад "скаціліся ў часы новай халоднай вайны". Ён таксама перасцярог ад наступнай эскалацыі напружанасці: "Няўжо нам патрэбна трэцяе сусветнае ўзрушэнне?"

Мінулы тыдзень увойдзе ў гісторыю гістарычнай сустрэчай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе  Русі Кірыла і Папы Рымскага Францыска, што адбылася ўпершыню за час адносін паміж Рускай праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай цэрквамі. Па яе выніках была прынята сумесная дэкларацыя, з якой вынікае, што кіраўнікоў дзвюх Цэркваў аб'ядноўвае значна больш, чым раздзяляе. У дэкларацыі быў рашуча асуджаны тэрарызм, бакі канфлікту на Украіне былі закліканы да разважлівасці і дзейнай міратворчасці. Бакі выказалі гатоўнасць аб'яднаць намаганні, сумесна адказваючы на выклікі XXI стагоддзя. Адным з іх з'яўляецца праследаванне і знішчэнне хрысціян у многіх краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Іерархі таксама выказалі занепакоенасць і крызісам традыцыйнай сям'і, каштоўнасці якой дэвальвуюцца іншымі формамі сужыцця. Адной з ключавых формул сумеснага паслання можна назваць наступную: "Мы не сапернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны зыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у дачыненні адно аднаго і да знешняга свету".

На сірыйскім кірунку назіраюцца сур'ёзныя змены. У правінцыі Алепа ідзе маштабнае наступленне сірыйскай арміі, да якога далучыліся члены ўмераных груповак і іранскія часці Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі. У гэтым жа раёне адбыліся інцыдэнты з абстрэламі Турцыяй тэрыторыі Сірыі, як было заяўлена турэцкімі прадстаўнікамі, у адказ на дзеянні курдскіх атрадаў народнай самаабароны ў раёне пагранічнага з Турцыяй горада Аазаз. Між тым 11 лютага, на сустрэчы групы падтрымкі Сірыі ў Мюнхене было дасягнута пагадненне аб перамір'і. Як чакаецца, спыненне ваенных дзеянняў у краіне пачнецца на працягу тыдня пасля пацвярджэння сірыйскім урадам і апазіцыяй. Безумоўна, на шляху ўвасаблення пагаднення ў жыццё ёсць шмат падводных камянёў, але пры яго поспеху нарэшце з'явяцца магчымасці для паніжэння канфліктнага патэнцыялу варожых бакоў. 

Сяргей КІЗІМА.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.