Вы тут

У Мінску ўзмацнілі нагляд за пешаходнымі пераходамі


У Мінску супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўзмацнілі нагляд за пешаходнымі пераходамі.  За тым, як гэта адбываецца, сачыў карэспандэнт «Звязды».

Падобная праблема ўзнікла не на пустым месцы. Той, хто кіруе аўто, ведае: пры пераходзе дарогі па нерэгулюемым пераходзе пешаход мае перавагу. Здавалася б, усё проста, але дарожна-транспартныя здарэнні ўсё роўна адбываюцца.


— Акцыя скіравана на выяўленне кіроўцаў, якія не прадастаўляюць перавагу пешаходам як на рэгуляваных, так і на нерэгуляваных пераходах, — кажа Аляксей Мілеўскі, намеснік начальніка аддзела Дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. — Прычынай яе правядзення таксама стала колькасць пацярпелых. Летась з-за парушэння правілаў праезду пешаходных пераходаў зафіксавалі 141 дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку 4 чалавекі загінулі і 147 атрымалі пашкоджанні. Што тычыцца нашага раёна, у студзені мы прыцягнулі да адказнасці за няпропуск пешаходаў 220 вадзіцеляў.

— Што часцей за ўсё становіцца прычынай наездаў на нерэгуляваных пераходах?

— Найчасцей паводзіны кіроўцы. Прычыны бываюць даволі розныя: спешка, час пік, дрэнная бачнасць... Фактараў шмат, аднак пешаход часам сам садзейнічае падобнаму. Асабліва, калі рухаецца ў навушніках, размаўляе па тэлефоне і такім чынам страчвае ўважлівасць.

— Даволі часта кіроўцы не пагаджаюцца з тым, што не прапускалі пешаходаў...

— Такія пытанні сапраўды ўзнікаюць. Аднак, каб іх было як мага менш, мы стараемся выкарыстоўваць для даказальнасці розныя тэхнічныя сродкі. Супрацоўнік ДАІ таксама мусіць займаць добрую пазіцыю для здымак, каб пры разборы правапарушэнняў з нязгодным вадзіцелем, можна было даказаць яго віну. Звычайна, калі так адбываецца, усе пытанні ў аўтамабілістаў знікаюць.

Адзін з такіх дапаможных прыбораў — відэарэгістратар «Візір», які называюць гібрыдам радара і лічбавай відэакамеры. «Візір» можа працаваць і як фотакамера. Валерый Урбановіч, інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Кастрычніцкага РУУС, з якім мы стаім непадалёк ад нерэгуляванага перахода на вуліцы Магілёўскай паказвае, як працуе прыбор, і робіць пробнае фота, якое пасля з'яўляецца на дысплеі. Якасць, безумоўна, не такая, як у прафесійных фотакамер, але дакладна дазваляе зафіксаваць у руху неабходны аб'ект.

— Часта людзей не прапускаюць на пераходзе кіроўцы ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення, — кажа Валерый Урбановіч. — Такіх і мне прыходзілася затрымліваць. Падобныя парушэнні найчасцей здараюцца раніцай...

— Наезды на пешаходаў пачашчаюцца ў зімовы і асенні перыяд, — дапаўняе Валерыя Вікторыя Царук, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага РУУС. — Гэта звязана са скарачэннем светлавога дня. Людзі едуць на працу, калі яшчэ цёмна, а пешаходы не абазначаюць сябе флікерамі. У цёмным адзенні яны зліваюцца з дарогай. Варта сказаць, што праблему ўзмацняе і няправільная паркоўка паблізу нерэгулюемых пераходаў. Яны часам наогул застаўлены аўтамабілямі, што абмяжоўвае агляд і вадзіцелю, і пешаходу. Кіроўца хоць і зніжае хуткасць перад пераходам, але ўсё роўна не паспявае пазбегнуць сутыкнення. Пешаходы літаральна выскокваюць з-за прыпаркаваных машын.

Зараз амаль самы разгар працоўнага дня, не час пік, але рух на Магілёўскай даволі інтэнсіўны. Шмат пешаходаў. Праходзіць хвілін пяць, і інспектар фіксуе на «Візір» першае парушэнне.

— Разгубіўся ў горадзе і проста не заўважыў, што не прапусціў пешахода, — у размове з Валерыем сказаў кіроўца Алег. — Віну прызнаю цалкам.

У выніку вадзіцель на месцы аплаціў штраф у памеры адной базавай велічыні. Пры паўторы на працягу года ён складзе ад 2 да 8 базавых. Але нешта падказвае, што праблема палягае не толькі ў аўтаматычным выкананні ПДР кіроўцамі і пешаходамі, хоць падобнага дасягнуць вельмі складана. Пытанне прапусціць альбо не прапусціць, пагадзіцеся, нагадвае звычайныя жыццёвыя выпадкі, дзе сутыкаешся з выхаваннем чалавека. І хто, калі не сам чалавек, можа прымусіць сябе памяняцца? Тым больш у справе, якая тычыцца асабістай бяспекі.

Фота аўтара

Ёсць пытанне

— Што зрабіць, каб каля твайго дома з'явіўся нерэгулюемы пешаходны пераход, калі да святлафора далёка?

Аляксей МІЛЕЎСКІ, намеснік начальніка АДАІ Кастрычніцкага РУУС г. Мінска:

— У Мінску пастаянна ўзнікаюць новыя будынкі, транспартныя прыпынкі. І каб шлях праз дарогу да іх быў больш бяспечным, устанаўліваюць нерэгулюемыя пераходы. Падобная ініцыятыва можа сыходзіць не толькі ад нас, але і ад мясцовых жыхароў, якія па гэтым пытанні могуць звяртацца ў Дзяржаўтаінспекцыю. Калі мы прымаем падобныя заявы, на месца выязджае група, якая аналізуе, колькі людзей у гэтым месцы за пэўны час пераходзіць дарогу. І толькі пасля гэтага будзе вырашацца пытанне аб мэтазгоднасці ўстаноўкі пешаходнага перахода.

Загаловак у газеце: Пераход з пытаннем

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.