Вы тут

Прэзідэнт даручыў ураду дапрацаваць пакет праектаў прававых актаў


Прэзідэнт даручыў ураду на працягу тыдня дапрацаваць пакет праектаў прававых актаў, якія прадугледжваюць канкрэтныя крокі для вырашэння наяўных праблем у эканоміцы.

Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў па выніках нарады аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу.


Прэзідэнт нагадаў, што пасля нядаўняй нарады аб актуальных пытаннях развіцця эканомікі даў даручэнні распрацаваць меры па павышэнні яе эфектыўнасці і пераадоленні негатыўных тэндэнцый, якія сёння складаюцца з прычыны як знешняга, так і ўнутранага парадку. Тады кіраўнік дзяржавы таксама выказаў крайняе незадавальненне працай кіраўніцтва ўрада. Пасля гэтага ўрад унёс на разгляд Прэзідэнта цэлы пакет праектаў прававых актаў, у якіх прадугледжваюцца канкрэтныя крокі для вырашэння наяўных праблем.

«Пры гэтым хачу падкрэсліць: усялякія размовы, што ператварыліся, прабачце мне, у балбатню, з нагоды нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Змяніліся ўмовы, па асобных кірунках змяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І не толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прадстаўленыя яму на разгляд дакументы закранаюць найважнейшыя сферы эканомікі і жыцця людзей. «І мне вашыя рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства — вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!» — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўрада. «Працягвайце ўдасканальваць матэрыяльную вытворчасць, і самае галоўнае — стварыўшы прадукт, прадайце яго! — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Вось і ўсе рэформы».

«Я ўжо не раз падкрэсліваў, што нам трэба прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу падчас перадвыбарчай кампаніі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Некаторыя ва ўрадзе думаюць так: выбары скончыліся, Прэзідэнта выбралі, так, ён нешта абяцаў. Дык вось, за 20 гадоў я ніколі не адхіліўся ад таго, што абяцаў людзям! — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа».

«Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землятрус, што мы павінны віляць, змяняючы пастаянна курс? Так, змяніліся ўмовы. Так, трошкі будзе складаней, — адзначыў Прэзідэнт. — Але рэзаць па жывым людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэняў у паловы насельніцтва, нікому не дазволена!» «Галоўнае — гэта чалавек. Таму рашэнні, якія мы прымем па выніках абмеркавання, не павінны негатыўна паўплываць на сацыяльную сферу», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што асноўныя напрамкі работы ясныя даўно: гэта экспарт, рацыянальнае імпартазамяшчэнне. «Інакш кажучы, ненармальна, калі мы ўнутраны рынак апанавалі імпартам нават па тых пазіцыях, якія вырабляем у сябе ў краіне», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Важныя павышэнне якасці тавараў і паслуг, зніжэнне іх сабекошту, стрымліванне інфляцыі, збалансаванасць бюджэту. Слухайце, колькі можна пра гэта казаць?!» — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. «Канкрэтная лічба: зніжэнне сабекошту на 25%, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — І гэтую лічбу паніжэння не атрымаецца нікому намаляваць. Пойдзеце пад суд, калі паспрабуеце гэта зрабіць!»

Прэзідэнт запатрабаваў таксама пошуку дадатковых рэзерваў эканамічнага росту і іх эфектыўнага выкарыстання. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя на практыцы рэзерваў эканамічнага росту магчымая толькі ва ўмовах ініцыятыўнай і эфектыўнай працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцця вертыкаллю ўлады рашучых і сістэмных мер. «На жаль, у цяперашні час не ўсе кіруючыя кадры накіраваныя на атрыманне выніку. Некаторыя ўвесь час чакаюць дзяржпадтрымкі — і фінансавай, і арганізацыйнай. Не чакайце нічога, зыходзьце з уласных магчымасцяў!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Ніхто нікому не перашкаджае прымаць рашэнні. Хто перашкаджае кіраўніку прыняць рашэнне вырабляць у большым аб'ёме якасную прадукцыю? Хто? Ніхто! Хто гэтаму кіраўніку прадпрыемства замінае прадаць гэтую якасную прадукцыю па максімальна выгаднай і высокай цане? Ніхто! Але калі гэты кіраўнік спіхнуў прадукцыю на рынкі і не атрымаў грошы, вядома, з яго прыйдуць і спытаюць! Гэта маё цвёрдае патрабаванне. Таму давайце скончым гэтыя размовы пра боязь прымаць рашэнні. Прымайце! Нават калі вы памыліцеся, не на сваю кішэню, вам заўсёды будзе дараванне. За памылкі не караюць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на распаўсюджаную практыку розных нарад і ўзгадненняў, якія, на яго думку, азначаюць «размыццё альбо перакладанне адказнасці». «Гэтаму павінен быць пакладзены канец!» — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

Прэзідэнт запатрабаваў дакладнага падзелу паўнамоцтваў і павышэння адказнасці на ўсіх узроўнях. «Міністры і дырэктарскі корпус прадпрыемстваў праяўляюць адкрытую пасіўнасць! Напэўна, думаюць, што хтосьці прыйдзе і за іх вырашыць пытанне. Нічога падобнага! І іншых умоў і распараджэнняў не будзе!» — сказаў кіраўнік дзяржавы. Асаблівы папрок Аляксандр Лукашэнка выказаў у адрас органаў мясцовага кіравання, у прыватнасці старшыняў аблвыканкамаў, за недастатковую працу па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў і «абсалютную некіравальнасць і адсутнасць усякага задзейнічання старшыняў гар- і райвыканкамаў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выступае за разумную аптымізацыю органаў дзяржаўнага кіравання, іх функцый і паўнамоцтваў у самыя кароткія тэрміны. Прычым зрабіць гэта трэба нікога не крыўдзячы. Тыя дзяржслужачыя, што застануцца, павінны атрымліваць годны заробак, несучы пры гэтым адказнасць за прымаемыя ў сваёй сферы рашэнні. Пры гэтым Прэзідэнт растлумачыў, што гаворка ідзе пра аптымізацыю дзейнасці і функцыянавання структур улады, а гэта больш шырокае паняцце. «Тут толькі колькасцю не абыдзешся. Да ўсяго трэба падыходзіць разумна», — падкрэсліў ён.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на пытаннях развіцця малога і сярэдняга бізнесу, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. На думку кіраўніка дзяржавы, у першую чаргу гаворка павінна ісці аб рэалізацыі праектаў, якія прыносяць грошы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні занятасці. «Дайце чалавеку працу, як я ўжо казаў, і спытайце з яго за гэтую працу. Але ў нас кульгае першая частка, — сказаў Прэзідэнт. — Больш за тое, мы дамовіліся, што павінны ў гэтым годзе стварыць 50 тысяч працоўных месцаў. Распісалі заданні ўсім. Якія яшчэ канкрэтна патрэбныя вам задачы?! Галоўнае — каб чалавек быў заняты, каб ён ведаў, куды яму ісці раніцай і адкуль вяртацца ў сям'ю ўвечары з заробленым рублём. Вось што сёння галоўнае. Вось і ўся рэформа!»

Прэзідэнт пракаментаваў таксама прынятае напярэдадні Саветам Еўрасаюза рашэнне аб адмене большасці санкцый у дачыненні да беларускага боку. «Еўрасаюзаўцы — малайцы, яны зразумелі, што ёсць момант і своечасова трэба адысці ад гэтага блокавага мыслення і супрацьстаяння з Беларуссю. Яны прынялі рашэнне, якое нас абсалютна задавальняе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўраду актывізаваць працу з рознымі банкаўскімі структурамі ЕС, а таксама з патэнцыяльнымі інвестарамі.

Беларусь адкрыта і для супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам. «Мы павінны з імі працаваць. Яны прапануюць нам разумныя рашэнні, — сказаў Прэзідэнт, пры гэтым падкрэсліўшы: — Калі МВФ хоча з намі супрацоўнічаць, мы адкрытыя, але яны павінны чуць і наш голас. Калі яны гэтага не хочуць, ну што ж, мы пачакаем».

Што тычыцца адносін з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што былі праведзены сур'ёзныя перамовы з вышэйшым кіраўніцтвам гэтай краіны. Бакі сышліся на тым, што сітуацыя ў эканоміцы «няпростая, але не смяротная». «Пазітыўны, нармальны трэнд на тое, каб мы разам, узяўшыся за рукі, выходзілі з гэтай складанай сітуацыі. І мы выйдзем з яе, не такія былі часы», — падсумаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Яшчэ раз паўтараю: першы квартал пройдзе — ацэнім, як усе мы ўпіраліся, вырашаючы гэтыя задачы. Першае паўгоддзе пройдзе — будзе другая і, магчыма, канчатковая ацэнка для тых службовых асобаў, якія закліканы вырашаць гэтыя пытанні», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Прыйшлі, сталі пад ружжо — дзейнічайце! Толькі наперад, ніякага тармажэння! Калі не ведаеце, што рабіць, — едзьце да людзей, едзьце на вытворчасць. Нават калі не вырашыце пытанне, лягчэй дыхаць будзе самім. Вам людзі падкажуць, што рабіць. Калі вы будзеце гэтым занятыя, калі вы вылезеце з цёплых кабінетаў, пойдзеце да людзей, вам дакладна будзе лягчэй працаваць, а можа, вы і знойдзеце рашэнне тых складаных пытанняў, якое мы пастаянна шукаем», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дарогу адолее той, хто ідзе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.