Вы тут

Дэпутаты працуюць над новай Ваеннай дактрынай


У канцы мінулага тыдня ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паступіў адпаведны законапраект. Як плануецца, дэпутаты разгледзяць яго ўжо на вясновай сесіі. Нагадаем, дагэтуль у нас дзейнічала ваенная дактрына, зацверджаная ў 2002 годзе. У чым адрозненне новага дакумента? Ці здольныя нашы сілавікі змагацца з пагрозай «гібрыднай вайны»? Якім будзе наша супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй? Пра гэта журналістам расказалі члены Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Аляксандр МЯЖУЕЎ і Зыгмунд ВАЛЯВАЧ.


Ваенная абстаноўка ў рэгіёне змянілася

— Праект закона «Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» паступіў у Пастаянную камісію па нацыянальнай бяспецы, — паведаміў Аляксандр Мяжуеў. — Да 29 лютага мы збяром усе прапановы, заўвагі для таго, каб з улікам іх падрыхтаваць дакумент да разгляду на вясновай сесіі. Хачу падкрэсліць, што для прыняцця гэтага законапраекта патрэбна не менш за две трэція галасоў дэпутатаў.

Парламентарый нагадаў, што мінулая Ваенная дактрына была зацверджана ў студзені 2002 года. У лістападзе 2010 года прынялі Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

— З улікам змены ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, у прыватнасці, у еўрапейскім рэгіёне, узнікнення ачагу напружанасці ў суседняй краіне, росту тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый гэты законапраект знаходзіць сваё практычнае ўвасабленне, — аргументаваў Аляксандр Мяжуеў.

Асноўнае адрозненне новай Ваеннай дактрыны ад мінулай рэдакцыі — дабаўленне двух раздзелаў, прысвечаных вызначэнню асноўных паняццяў і абарончаму сектару эканомікі. Так, тлумачыцца, што такое «буйнамаштабная вайна», «лакальная вайна», «незаконнае ўзброенае фарміраванне», уведзены тэрмін «гібрыдная вайна» (вядзецца не толькі і не столькі гарматамі і танкамі, колькі сіламі палітычнай прапаганды, тэрору, дэзынфармацыі і эканамічнага ціску на праціўніка). Адказваючы на пытанне, ці здольныя нашы сілавікі змагацца з пагрозай такой вайны, Аляксандр Мяжуеў звярнуў увагу, што калі б яны гэтага не ўмелі, у нас бы не было стабільнасці ў дзяржаве.

— Народ павінен быць спакойны, — падкрэсліў парламентарый. — Армія яго абароніць.

Па словах дэпутата, прававой базай законапраекта, натуральна, з'яўляецца Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Акрамя гэтага, дакумент рыхтаваўся на аснове Канстытуцыі, міжнародных дагавораў і норм міжнароднага права.

— Гэты дакумент з'яўляецца планавым, ён распрацаваны на аснове Плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год, — паведаміў Аляксандр Мяжуеў. — Для таго, каб яго распрацаваць, патрэбны не дзень і не месяц, а год як мінімум, паколькі да гэтай працы былі далучаны як спецыялісты Міністэрства абароны, так і прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў, органаў мясцовай улады. Выразна прапісаныя ролі Прэзідэнта, Савета Міністраў, Савета бяспекі, Генеральнага штаба, мясцовых выканаўчых органаў улады ў той ці іншай сітуацыі. Важная роля адводзіцца і абарончаму сектару эканомікі і ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву, паколькі апошняе мы вядзём на аснове міжнародных дамоўленасцяў з улікам як эканамічных, так і знешнепалітычных мэт нашай дзяржавы.

На аснове сусветнага вопыту

Па словах дэпутата, падчас распрацоўкі дакумента праводзілася вялікая аналітычная работа на аснове вопыту як суседніх дзяржаў, так і сусветнага.

— Развіццё экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый паказвае: калі гэтым пытаннем не займацца, то вынікі будуць тыя, якія мы бачым у іншых краінах. Адводзіцца значная роля і інфармацыйным тэхналогіям, якія вельмі ўплываюць на развіццё сітуацыі ўнутры краіны.

Адказваючы на пытанне, ці пацягне за сабой прыняцце новай ваеннай дактрыны змены ў структуры Узброеных Сіл, дэпутат звярнуў увагу на той факт, што падобны дакумент распрацоўваецца з улікам навуковага абгрунтавання ваеннага будаўніцтва.

— Натуральна, у сувязі з тым, што змяняецца сітуацыя, змяняецца і арганізацыйна-штабная структура як Узброеных Сіл, так і сілавых ведамстваў, — паведаміў Аляксандр Мяжуеў, — для супрацьборства ў сферы кіберпрасторы, — такія падраздзяленні, дарэчы, ужо ёсць, — для выканання іншых задач.

Экспарту «каляровых рэвалюцый» не дапусцім

— У нас няма сродкаў ядзернага стрымлівання, — кажа дэпутат, — але ў нас ёсць цэлы сілавы кампанент пад назвай «ваенная арганізацыя дзяржавы», які падчас 2015 года, гэтага года выконвае ўсе мерапрыемствы аператыўнай баявой падрыхтоўкі пры выкананні адзінай задачы па ваеннай бяспецы дзяржавы. Прыклад — будаўніцтва і абсталяванне дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах. Вы думаеце, што ў 2015 годзе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не праследаваліся пэўныя мэты падчас прэзідэнцкіх выбараў? Натуральна, праследаваліся.

Як адзначыў парламентарый, праект Ваеннай дактрыны таксама ўлічвае і такую сучасную з'яву, як экспарт «каляровых рэвалюцый».

— Ведаеце дапаможнік амерыканскага прафесара Шарпа? Ёсць 198 метадаў негвалтоўнага звяржэння ўлады. Гэта прымяняецца ў розных краінах на практыцы.

Наконт таго, ці прапісана ў гэтым дакуменце, што нашы вайскоўцы не будуць прымаць удзел ні ў якіх ваенных акцыях, Аляксандр Мяжуеў падкрэсліў:

— У праекце закона выразна акрэслена, што у нас ваенна-палітычны саюз з Расійскай Федэрацыяй.

У нас добра вызначаны парадак абароны нацыянальных інтарэсаў суверэннай дзяржавы. Калі ў наш бок нехта падумае «пайсці», то мы з Расійскай Федэрацыяй выконваем адпаведныя задачы.

У планах — новая ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы

Дэпутат Зыгмунд Валявач расказаў, як паўплывае прыняцце новай Ваеннай дактрыны ў нашай краіне на супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы.

— Мы не павінны забываць і пра тое, што існуе Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, — адзначыў ён. — Яна была прынята ў канцы 2001 года на аснове ваенных дактрын нашай краіны і Расіі. Трэба сказаць, што прайшло больш за 14 гадоў, і за гэты час у Расійскай Федэрацыі былі прыняты новыя ваенныя дактрыны — у 2010 і 2015 гадах. У гэтым годзе плануецца прыняць новую Ваенную дактрыну ў нашай        краіне. На аснове расійскай Ваеннай дактрыны мінулага года і сёлетняй нашай будзе разгледжана новая Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы.

Па меркаванні парламентарыя, сёння нельга абыходзіць гэта пытанне.

— Мы гаворым пра адзіную рэгіянальную групоўку войскаў Расіі і Беларусі, і не можам не казаць пра адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны дзвюх краін, не можам адысці ад паняцця Дагавора аб калектыўнай бяспецы, дзе Расія і Беларусь разам гатовы выконваць свае задачы. Мы нікому не пагражаем. Наша новая ваенная дактрына, як і папярэдняя, носіць абарончы характар. Але мы павінны быць гатовыя свае задачы выканаць. Мы павінны пры неабходнасці забяспечыць бяспеку сваёй дзяржавы.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб людзі жылі спакойна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».