Вы тут

«STUДЗЕНЬ»: чым жыве студэнт кожны дзень


Вучыцца і падпрацоўваць адначасова — ужо даўно не нова. А вось вучыцца і працаваць над маладзёжным серыялам — спалучэнне рэдкае. Улетку мінулага года студэнцкі медыяцэнтр Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы распачаў унікальны відэапраект. Гэта скетчкам*, які здымаюць самі студэнты. Праз ролікі яны хочуць паказаць цікавыя сітуацыі са свайго паўсядзённага жыцця, адсюль і назва — «STUДЗЕНЬ». Пляцоўкамі для здымак сталі не толькі родны ўнівер, інтэрнат, спартзала, сталовая, але і вуліцы горада, кавярні і клубы. У праекце ўжо паспелі прыняць удзел студэнты, аспіранты, магістранты і выкладчыкі з розных факультэтаў.

У чым адметнасць скетчкама і дзе яго можна ўбачыць, а таксама пра творчую каманду, якая выпускае «STUДЗЕНЬ», расказала рэдактар праекта і дацэнт кафедры журналістыкі Іна Мінчук.


— У нашым універсітэце ўжо даўно здымаюць выпускі навін, сацыяльныя і дакументальныя ролікі. Але, каб была акцёрская ігра, такое ўпершыню. Рашэнне аб запуску «STUДНЯ» было прынята на ўзроўні рэктара Андрэя Дзмітрыевіча Караля. Ён вельмі падтрымлівае нас у матэрыяльным плане: тэхнікай, заахвочваннем студэнтаў.

З верасня наш скетчкам пачаў выходзіць на канале «Беларусь 2» у праграме «Раніца добрага дня» — па пятніцах можна ўбачыць адзін з эпізодаў. Дарэчы, яшчэ мала хто ведае, але мы ставім сабе за мэту пашырыць свае межы і ў хуткім часе плануем выходзіць цэлым выпускам на «Беларусь 4».

— Іна Іванаўна, і ўсе ж такі ў чым арыгінальнасць праекта?

— На беларускім тэлебачанні ёсць праграмы ў жанры скетчкама, але наш адрозніваецца тым, што ён прысвечаны толькі студэнцтву. І ўсе эпізоды прывязаны да цэлага дня: раніца, дзень, вечар, ноч. У адной серыі пяць эпізодаў. Часцей яны звязаны са студэнцкай практыкай, анекдотамі. Бывае, што мы выкарыстоўваем рэальныя цікавыя гісторыі з жыцця нашых «акцёраў». Гэта і натхняе на новыя ідэі.

— Хто ўваходзіць у склад творчай каманды?

— Уся наша здымачная група — гэта студэнты — супрацоўнікі студэнцкага медыяцэнтра ўніверсітэта. Дарына Рапейка і Насця Салейка — рэжысёры, Даша Гаўрыльчук — сцэнарыст, Жэня Сідар і Андрэй Саўко — аператары-мантажоры. Кіруе праектам загадчык кафедры журналістыкі Тамара Анатольеўна Піваварчык. Я з'яўляюся рэдактарам. Мая задача — накіраваць і падказаць, арганізаваць працу студэнтаў.

— Ці ёсць спецыяльныя крытэрыі адбору акцёраў?

— У гэтым яшчэ адна асаблівасць нашага праекта: здымацца могуць усе без выключэння. У «STUДНІ» паўдзельнічалі ўжо больш за 50 студэнтаў з розных факультэтаў. У эпізодах зняліся яшчэ і выкладчыкі ўніверсітэта! Дарэчы, некаторым студэнтам было не складана трымацца перад камерай, бо да гэтага яны ігралі ў тэатральна-паэтычнай студыі «Аўра», якой кіравала выкладчык Ганна Віктараўна Жэгала.

— Ужо паспелі прыняць удзел у якіх-небудзь конкурсах?

— У міжвузаўскім конкурсе студэнцкіх відэафільмаў «Відэарадыус БНТУ 2015» мы ўзялі трэцяе месца і заваявалі перамогу ў некалькіх намінацыях.

Пра стварэнне «STUДНЯ» расказалі і ўдзельнікі здымачнай каманды.

Насця Салейка, рэжысёр, актрыса, студэнтка ІV курса спецыяльнасці «Журналістыка»:

— Спачатку неабходная ідэя, потым — сцэнарый. І тут трэба ўсё прадумаць: тэкст, месца для здымак, падбор акцёраў, фон... Пасля напісання раскадроўкі — здымаем. Гэта самы пазітыўны працэс. Я сачу за агульным настроем, інтанацыяй, мімікай, жэстамі. У сцэнарыі прапісаць усё не атрымліваецца, таму дадумваем падчас здымак.

Жэня Сідар, аператар-мантажор, студэнт ІІІ курса спецыяльнасці «Журналістыка»:

— Здымаць і манціраваць відэа не складана, а нават весела. Адзінае, бывае, цяжка сумяшчаць гэта з вучобай. Час мантажу залежыць ад працягласці эпізоду, колькасці дыялогаў, дынамікі сцэнкі. У сярэднім гэта пяць-шэсць гадзін. Калі-нікалі спраўляюся і за дзве-тры, але бывае, што патрэбна і сем-дзевяць гадзін. А так працэс вельмі жывы, цікавы, шмат смешных ляпаў бывае. На здымачнай пляцоўцы час ляціць хутка. Дарэчы, мы ні разу не пераздымалі сцэнкі. Адразу ўсё рабілі якасна.

Дарына Рапейка, рэжысёр, актрыса, студэнтка ІІІ курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя»:

— Мне вельмі падабаецца працаваць у гэтым праекце, ён дае магчымасць развіць свой творчы патэнцыял, праявіць сябе, увасобіць ідэі ў жыццё. Асабіста мне больш даспадобы кіраваць працэсам, чым здымацца самой. Даходліва растлумачыць акцёру яго задачу і вызначыць настрой, у якім яму трэба паказаць героя на камеру, — бадай, гэта асноўны мой абавязак як рэжысёра ў праекце.

* Скетчкам («камедыйная замалёўка») — камедыйны серыял, дзе адны і тыя ж акцёры выступаюць у ролях розных герояў. Яны разыгрываюць эпізоды, якія не звязаны паміж сабой, але могуць быць аб'яднаны агульнай тэмай.

Таццяна ЛАУШ, студэнтка ІІІ курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Я. Купалы.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.