Вы тут

Як у сталічнай школе зберагаюць спадчыну Пімена Панчанкі


— Вы зойдзеце ў наш музей і самі адчуеце: у ім — як у храме, — гаворыць дырэктар 199-й мінскай школы Галіна ФІЛІПЁНАК.

І насамрэч, тут вельмі светла і ўтульна, душэўнасці і цеплыні гэтаму школьнаму музею народнага паэта Пімена Панчанкі дакладна хапае. Можа быць, таму, што яго ствараюць людзі, якім творчасць і лёс Пімена Емяльянавіча сапраўды блізкія.


На­стаў­ні­ца бе­ла­рус­кай мо­вы і лі­та­ра­ту­ры Тац­ця­на Ку­ра­шэ­віч, член са­ве­та му­зея, дэ­ман­струе яго экс­па­на­ты.

Здзіўляюцца нават сваякі

Напэўна, так сышліся зоркі: сярэдняя школа №199, у якой размяшчаецца літаратурны музей паэта, знаходзіцца ў Мінску на вуліцы, названай у яго гонар. У 2003 годзе па ініцыятыве настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Яніны Іванаўны Плашчынскай і першага дырэктара школы Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага тут адкрылася экспазіцыя, прысвечаная Панчанку. Значную дапамогу ў яе стварэнні аказала жонка паэта Зоя Кірылаўна, якая перадала ў школу многія рэчы мужа.

Цяпер фонды ўнікальнага музея налічваюць 1003 прадметы. Чаму ўнікальнага? Таму што гэта адзіны не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі літаратурны музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Емяльянавіча. Тут прадстаўлены рэчы, якія перадалі яго сваякі.

— Вельмі прыемна, што яны даверылі нам сваю спадчыну. Калі сваякі наведваюць музей, здзіўляюцца, што мы расказваем пра іх жыццё і ведаем пра некаторыя падзеі нават больш, чым яны самі, — усміхаецца Галіна Аркадзьеўна.

Ды і для саміх школьнікаў Пімен Панчанка — не проста прозвішча з падручніка па літаратуры, а выбітная асоба, да захавання памяці якой яны маюць самае непасрэднае дачыненне. У музеі вучні старэйшых класаў праводзяць экскурсіі, а таксама прымаюць удзел у навуковай і пошукавай рабоце.

— Яе праводзіць не так лёгка, бо некаторыя рэчы паэта сям'я нам ужо перадала, і цяпер яны з'яўляюцца хіба што з нейкай нагоды. Напрыклад, да 95-годдзя паэта яго блізкія прыйшлі ў музей не з пустымі рукамі: прынеслі друкавальную машынку, якая належала Пімену Панчанку. Хоць друкавала, у асноўным, Зоя Кірылаўна, але ж і рукі паэта да яе таксама дакраналіся, — расказвае дырэктар.

А калі ў рэдакцыі часопіса «Роднае слова» праходзіў рамонт, адтуль у школу перадалі шафу, якая калісьці стаяла ў кватэры Пімена Емяльянавіча.

Аса­біс­тыя рэ­чы паэ­та.

Нос рыбы-пілы і званочак

Экспазіцыя змяшчае сем тэматычных раздзелаў, кожны з якіх паказвае асобу Панчанкі праз сямейныя і сяброўскія адносіны, падзеі ваеннага часу, вандроўкі — а ён вельмі шмат ездзіў па свеце. У музеі сабрана амаль уся асабістая бібліятэка Панчанкі — любімыя кнігі, творы сяброў-пісьменнікаў з аўтографамі і, безумоўна, выданні самога народнага паэта. Тут можна ўбачыць не толькі экспанаты з цікавым лёсам, але і насамрэч экзатычныя — такія, як, напрыклад, нос рыбы-пілы — яго Пімен Емяльянавіч прывёз з Непала.

Яшчэ адна цікавая рэч — званочак з Валдая, выраблены па тэхналогіі 1225 года. Яго падарылі беларускаму паэту, які быў ганаровым жыхаром горада. Гэты прадмет не проста стаіць на стале ў музеі, а гучыць для школьнікаў на першай і апошняй лінейках у навучальным годзе.

А піянерскі гальштук з Бухары, які захоўваецца ў музеі, натхніў паэта на верш. Гэты гальштук пад вялікім уражаннем ад сустрэчы з Піменам Панчанкам перадала паэту ўзбекская дзяўчынка.

Кубачак, з якога паэт піў гарбату, стол з незацёртым кружочкам ад яго, тканыя гальштукі з арнаментам, ключыкі ад чамаданаў, куфэрак для лекаў, фотаапарат, электрабрытва — усе гэтыя рэчы надаюць музею асаблівую цеплыню, а самога народнага паэта ў вачах наведвальнікаў робяць простым і дамашнім — сваім.

На бацькоўскі сход — у музей!

У музеі фактычна няма сучасных матэрыялаў, і менавіта гэта надае яму ўтульнасці і дапамагае захаваць дух часу, у якім жыў паэт. Нават рэчы на стале размешчаны ў тым жа парадку, у якім раскладаў іх Панчанка.

— У Пімена Емяльянавіча ёсць верш «Жыта». Ён вельмі любіў жытнёвае поле. І ў вершы ёсць такія словы: «калі не пабачу жыта, раблюся хворым». Таму ў музеі заўсёды стаіць вялікі сноп жыта.

Сама Галіна Філіпёнак працуе ў 199-й школе шэсць гадоў, і за гэты час па-сапраўднаму праніклася творчасцю Пімена Панчанкі. Яна расказвае пра музей, яго экспанаты, сваякоў і самога паэта, як пра нешта сакральнае.

— Калі бачыш апантанасць настаўнікаў і вучняў, кіраўніку застацца абыякавым немагчыма, — тлумачыць яна.

Па ініцыятыве Галіны Аркадзьеўны да 95-годдзя Панчанкі, якое адзначалі
ў 2012 годзе, у музеі правялі рамонт: замянілі падлогу, затаніравалі шкло, каб дзённае святло не псавала экспанаты. Стварылі асобны пакой для музейнай дакументацыі і фондаў. На гэта пайшлі сродкі, якія зарабіла школа, дапамагалі і бацькі вучняў. Дарэчы, для іх хаця б раз на год бацькоўскі сход пачынаецца з экскурсіі.

Ужо цяпер у школе рыхтуюцца адзначыць 100-гадовы юбілей паэта, хоць да яго яшчэ больш за год. Да гэтай даты плануюць вынесці экспазіцыю за межы аднаго памяшкання. А яшчэ ідзе праца над тым, каб музей атрымаў званне народнага. За апошнія тры гады яго наведалі больш як 4,2 тысячы чалавек. Паглядзець экспанаты можа любы ахвотны, для гэтага трэба патэлефанаваць у прыёмную і пакінуць заяўку.

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Загаловак у газеце: У госці да народнага паэта

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.