Вы тут

Ад стратэгіі санкцый да стратэгіі супрацоўніцтва


Адмена Саветам Еўропы санкцый у дачыненні да нашай краіны дае падставы спадзявацца, што нарэшце ў нас з Захадам будуць выбудоўвацца нармальныя стасункі — без прыдзірак і «двайных стандартаў». Пра гэта ў панядзелак пасля прыняцця Саветам Еўропы адпаведнага рашэння заявіў і міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер: «Чакаю, што гэта дазволіць нам развіваць больш шчыльныя стасункі з Беларуссю». Мы пацікавіліся ў нашых парламентарыяў, аналітыкаў, грамадскіх дзеячаў, як яны ацэньваюць гэты крок заходніх суседзяў.


Наталля ГУЙВІК, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па заканадаўстве:

— Нарэшце ў Савеце Еўропы перамог розум! Нарэшце санкцыі адменены — яны былі незаконнымі і несправядлівымі. Савет Еўропы зразумеў, што наша краіна настроена на дыялог. Думаю, на гэта рашэнне значна паўплывала пазіцыя нашай дзяржавы ў дачыненні да канфлікту ва Украіне. Беларусь стала міратворчай пляцоўкай, прыклала шмат намаганняў, каб ваенныя дзеянні спыніліся. Еўропа ўбачыла, што мы нацэлены менавіта на мірныя адносіны.

Акрамя гэтага, Беларусь — суверэнная, самастойная дзяржава, якая прытрымліваецца ўласнай пазіцыі. Наша краіна выбірае «залатую сярэдзінку», і Еўропа разумее, што з намі можна і трэба сябраваць.


Арсеній СІВІЦКІ, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў:

— У цэлым дадзены крок быў чакаемы. Разглядалася два варыянты: ці замарозка санкцый на некалькі месяцаў, ці іх адмена. Развіццё падзей па другім сцэнарыі стала магчымым дзякуючы таму, што некалькі еўрапейскіх краін — напрыклад, Аўстрыя, Венгрыя — былі за тое, каб санкцыі нарэшце адмянілі. Гэта ў многім сведчыць пра тое, што Еўрапейскі саюз мяняе сваю стратэгію ў дачыненні да нашай краіны.

Трэба памятаць, што ЕС сёння жыве ва ўмовах двух крызісаў: украінскага і сірыйскага. З-за апошняга, дарэчы, Еўропа пакутуе ад наплыву мігрантаў. На гэтым фоне наша краіна выступае як надзейны партнёр, асабліва з улікам той ролі, якую мы іграем у сваім рэгіёне.

Еўрапейскі саюз адмаўляецца ад неэфектыўнай стратэгіі санкцый і пераходзіць да стратэгіі супрацоўніцтва. Перад нашай краінай адкрываюцца новыя магчымасці: мы можам атрымаць доступ да фінансавых інструментаў ЕС, да грантавай палітыкі Еўрапейскага саюза. З адменай санкцый паляпшаецца інвестыцыйны і бізнес-клімат у нашай краіне — для буйных інвестараў вельмі важна, каб да краіны, на рынак якой яны выходзяць, не прымяняліся ніякія абмежаванні. Можна спадзявацца, што ў красавіку рашэнне аб адмене санкцый у дачыненні да нашай краіны прымуць і Злучаныя Штаты — звычайна ўрад ЗША каардынуе сваю палітыку з Еўрапейскім саюзам.


Ігар МАРЗАЛЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, загадчык кафедры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя А.А. Куляшова:

— Справядлівасць урэшце стала рэальнасцю. Я асабіста надзвычай задаволены тым фактам, што зняты рэжым санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэта невымоўнае сведчанне таго, што наша краіна на правільным шляху, што мы ўпэўнена развіваемся, можам адстойваць свае інтарэсы. Пры гэтым наш голас пачынаюць чуць у Еўропе.

Гэта вялікае дасягненне нашай знешняй і ўнутранай палітыкі. А таксама тут немалаважнае значэнне мае тое, што Беларусь на працягу гэтага і мінулага года дэманстравала мэтанакіравана міралюбівую знешнюю палітыку. Беларускаму ўраду, Прэзідэнту, Міністэрству замежных спраў атрымалася давесці і даказаць тое, што Беларусь — гэта не праблема для Еўропы. Што мы вырашаем свае праблемы ў цывілізаваным рэчышчы і што з намі трэба мець нармальныя, прыязныя стасункі. Гэта толькі на плюс і Еўрасаюзу, і нашай краіне, і ўсяму кантыненту ў цэлым.


Уладзімір КАРАГІН, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

— Наша арганізацыя заўжды лічыла, што любыя дзеянні метадам санкцый неканструктыўныя. Падчас дзеяння санкцый Беларусь вырывалася з кантэксту еўрапейскіх адносін. Гэта негатыўна паўздзейнічала на развіццё беларускага малога і сярэдняга бізнесу праз скарачэнне праграм, кантактаў, сувязяў з ЕС. Я не аднойчы выступаў, у тым ліку і ў Бруселі, з думкай, што ўвядзенне санкцый несправядлівае ў адносінах да нашых прадпрымальнікаў і трэба наадварот пашыраць кантакты, даваць магчымасць кіраўнікам краін часцей сустракацца, успрымаць вопыт адно аднаго, інтэграваць еўрапейскі досвед у нашу краіну. Тое, што зараз гэта недарэчнасць выпраўлена, я ацэньваю цалкам станоўча.

pustavit@zviazda.by

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».