Вы тут

Таленты — на службе ў народаў


Сярод удзельнікаў ІІ Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», які завяршыў сваю работу ў Мінску на мінулым тыдні, была і госця з Казахстана — загадчык аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.А. Ауэзава Святлана Ананьева. З ёй і гутарыць наш карэспандэнт:


— «Дружба народаў — дружба літаратур» — хіба гэта сёння модна, Святлана Віктараўна? І ўвогуле, ці патрэбны такія форумы, які сабраў у Мінску пісьменнікаў з 15 краін?

— На памяці — выступленне галоўнага рэдактара часопіса «Дружба народов» вядомага рускага празаіка Аляксандра Эбанаідзэ ў леташнім маі на форуме літаратур краін Прыкаспія «Каспій — мора дружбы». Ён сказаў, што было шмат ахвотнікаў змяніць назву часопіса «Дружба народов», ды рэдакцыя, ён сам настойліва абаранілі гэтае імя. Вось і мы ў сваім Інстытуце літаратуры і мастацтва імя М.А. Ауэзава за апошнія гады шмат зрабілі для ўзнаўлення літаратурных сувязяў. І неяк так склалася, што ў значнай ступені цяпер выступаем прапагандыстамі беларускай літаратуры ў Казахстане, ды і следам у свеце. Бо ў нас вялікія сувязі, шырокі камунікат. Пішам манаграфіі кшталту «Літаратурна-мастацкі дыялог», «Найноўшая замежная літаратура», выдаём навуковыя зборнікі — і паўсюль у нас «беларускія старонкі». А вядучыя літаратурна-мастацкія часопісы Казахстана не могуць абысціся без таго, каб не пазнаёміць сваіх чытачоў з новымі творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Як тут не згадаць словы Абая Кунанбаева: «Талент, пастаўлены на службу дружбе народаў, — талент памножаны».

І калі я прыязджаю ў Мінск, калі ўдзельнічаю ў арганізаваных беларусамі дыскусіях, то бачу, што славутая беларуская талерантнасць, жаданне стварыць атмасферу добрасуседства з усім светам, — усё гэта працуе на выхаванне грамадства мастацкімі сродкамі, на выхаванне за кошт літаратуры. Ваш прыклад — уражлівы. Менавіта такія сустрэчы робяць межы паміж краінамі не бастыёнамі, а хутчэй — лініямі, якія выразна бароняць мір і гуманістычнае развіццё свету.

— Выходзіць, што кансалідацыя літаратурных сіл паміж народамі і краінамі ўсё ж патрэбная?..

— Літаратура, напэўна, самы лепшы сродак для таго, каб народы свету ведалі адзін аднаго і адзін пра аднаго. У развіцці літаратур розных краін свету выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі, магістральныя накірункі. Цікава выявіць тыя матывы, раскрыць агульныя тэмы ў кожнай з нацыянальных літаратур. Зусім унікальнымі ў плане збліжэння літаратур, у плане кансалідацыі падаюцца сучасны мастацкі пераклад і дыялог на розным узроўні. Калі нават не весці размову пра кансалідацыю літаратурных сіл, то ўжо пра дыялог паміж імі мы можам гаварыць смела і ўпэўнена. Радуе, што беларусы заўжды сустракаюць удзельнікаў сімпозіума ў лютым, «круглых сталоў» у межах Дня беларускага пісьменства ў верасні выдатнымі падарункамі. Да гэтых дзён выходзяць кнігі новых перакладаў, традыцыяй стаў выпуск альманаха «Сугучча». Вы дапамагаеце нам зазірнуць у літаратуры іншых народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

— Але ці можа замежная літаратура быць важным складнікам у фарміраванні суверэнных, незалежных каштоўнасцяў, аб чым заклапочаны сёння будаўнікі новых дзяржаў?

— Замежная літаратура — наўрад ці. Свае літаратуры, шматаблічча і ўнікальнасць іх уплываюць на фарміраванне галоўных жыццёвых каштоўнасцяў, на выхаванне маладога пакалення, якое, безумоўна, чытае сусветныя бестселеры, папулярныя кнігі прозы, радзей — паэзіі. Замежная кінапрадукцыя аказвае, можа быць, болей моцны непасрэдны ўплыў на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў. Але ў гэтым плане замежным узорам культурнай экспансіі павінны супрацьстаяць айчынныя майстры мастацкага слова. Перад імі стаіць задача стварэння канкурэтаздольных раманаў, аповесцяў, п'ес...

Здаецца, Юрый Палякоў гаварыў пра тое, што патрэбны новы ўзровень кантактаў, каб зрабіць культурнае рэха мацнейшым, бо якраз дыялог культур супрацьстаіць іх уніфікацыі ў эпоху глабалізацыі.

Гутарыў Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.