Вы тут

Свой мегават таннейшы


На пасяджэнні пашыранай калегіі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі падводзіліся вынікі працы за мінулую пяцігодку. Дырэктар Дэпартамента Міхаіл Малашанка, разглядаючы ход выканання заданняў, устаноўленых Дзяржаўнымі праграмамі ў сферы энергазберажэння і павелічэння выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, адзначыў, што ўсе асноўныя паказчыкі былі выкананы. Ён агучыў і задачы на 2016 год.


Энергаёмістасць ВУП, як у Канадзе

Зніжэнне энергаёмістасці за пяцігодку склала 12,6%. Доля мясцовых энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве пры мінімальным заданні ў 28% і максімальным у 30% за гэты тэрмін склала 29,5%. Эканомія энергарэсурсаў па рэспубліканскім мінімальным заданні ў 7,1 млн тон умоўнага паліва і максімальным у 8,8 млн тон выканана на ўзроўні больш за 7,8 млн тон. Выйсці на такія паказчыкі стала магчымым дзякуючы планамернаму павелічэнню аб'ёму мясцовых энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве, пачынаючы яшчэ з 2005 года, а таксама дзякуючы зніжэнню ўзроўню спажывання энергарэсурсаў па краіне. За дзесяць гадоў энергаёмістасць ВУП знізілася больш чым у 2,2 раза, а гэта азначае, што яна стала блізкая да паказчыкаў Фінляндыі і Канады.

Разам з тым, не ўсё ідзе гладка. Напрыклад, з задачамі па энергазберажэнні на 2015 год не справіліся Гомельская і Гродзенская вобласці, дзе не сэканомілі паліўна-энергетычныя рэсурсы. У выніку Гомельская вобласць выканала 82% ад плана на 2015 год, Гродзенская — 76%. У Брэсцкай вобласці самае вялікае невыкананне паказчыка ўкаранення новых энергакрыніц. За пяцігодку там планавалася ўвесці ў строй 15, а атрымалася толькі 11.

Ёсць умовы — будзе і інвестар

У задачах мінулай пяцігодкі таксама было пазначана ўвесці такія сучасныя і экалагічныя крыніцы атрымання энергіі, як біягазавыя комплексы. Згодна з планамі, іх павінны былі пабудаваць 32 сумарнай магутнасцю ў 35 МВт. Аднак увялі толькі 12 на 18 МВт. Каментуючы гэтую сітуацыю, Міхаіл Малашанка адзначыў, што з прычыны вялікага памеру капіталаўкладання ў будаўніцтва гэтых комплексаў (больш за 4 тысячы долараў за 1 кВт*г устаноўленай магутнасці), аб'екты былі рэалізаваны з прыцягненнем уласных сродкаў і рэсурсаў рэспубліканскага бюджэту. Інвестар на гэтыя аб'екты не прыйшоў.

«Аднак пасля таго, як уступіў у сілу Указ №209 «Аб аднаўляльных крыніцах энергіі», сітуацыя змянілася. Ён прадугледжвае нязменнасць павышальных каэфіцыентаў для інвестараў на пярыяд у 10 гадоў. Цяпер каля 16 МВт па біягазавым энергакомплексе не выкананы. Але на комплексы сумарнай магутнасцю ў 31 МВт ужо прыйшлі інвестары, якія будуць займацца будаўніцтвам да 2018 года. Гэта азначае, што першапачатковы паказчык будзе хутчэй за ўсё перавыкананы на працягу бліжэйшых трох гадоў», — растлумачыў кіраўнік дэпартамента.

Амбіцыйная пяцігодка

Асноўнымі задачамі на будучую пяцігодку будуць стрымліванне росту спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, а таксама далейшае павелічэнне выкарыстання мясцовых рэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі. Доля першаснага паліва ў валавым спажыванні энергарэсурсаў краіны павінна скласці 16%. У тым ліку доля аднаўляльных крыніц энергіі павінна быць на ўзроўні 6% ад агульнага спажывання. Інфраструктурныя планы таксама амбіцыйныя: у эксплуатацыю павінны ўвесці 690 МВт цеплакрыніц, якія выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, ГЭС агульнай магутнасцю каля 80 МВт, фотаэлектрычныя станцыі сумарнай магутнасцю 250 МВт, ветрапаркі — 200 МВт. Прадоўжацца работы і з біягазавымі комплексамі на ачышчальных збудаваннях і палігонах адходаў у сельскагаспадарчых арганізацыях, якія займаюцца развядзеннем буйной рагатай жывёлы, свіней і птушак. Іх сумарная магутнасць павінна скласці не менш за 30 МВт.

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.