Вы тут

Дзяцей са школы ў Рацічах прынялі ў Сапоцкіне


Як паведамляла «Звязда», 11 лютага з папярэднім дыягназам «атручванне нявысветленай этыялогіі» ў Гродзенскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу даставілі 42 вучні са школы аграгарадка Рацічы 1998-2008 гадоў нараджэння.


Следчыя органы праводзяць неабходныя экспертызы, каб высветліць прычыну здарэння. А што з пацярпелымі дзецьмі? Загадчыца прыёмнага аддзялення Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аксана ВАРАНЦОВА паведаміла, што ўсіх дзяцей з бальніцы ўжо выпісалі, усе яны знаходзяцца дома. Апошнім 15 лютага выпісалі, зрабіўшы неабходнае абследаванне, хлопчыка, чыя хвароба не звязана са здарэннем у Рацічах.

Што тычыцца вучэбнага працэсу, то яго ў Рацічах адразу ж пасля здарэння прыпынілі.

— Вучні першых і другіх класаў зараз на канікулах, а для астатніх 133 школьнікаў арганізавалі падвоз у сярэднюю школу гарадскога пасёлка Сапоцкін. Разам з дзецьмі адтуль ездзяць у Сапоцкінскую сярэднюю школу і іх настаўнікі, — паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый КЛІМОВІЧ.

— Наша школа вялікая, былі вольныя кабінеты, і таму мы без усялякіх праблем для сябе прынялі дзяцей са школы ў Рацічах. Робіцца ўсё, каб у іх там былі нармальныя ўмовы для вучобы і харчавання, — зазначыла дырэктар Сапоцкінскай сярэдняй школы Тэрэса КОДЗІК.

Дзяцей дастаўляюць у Сапоцкін (прыкладна 9 кіламетраў ад Рацічаў) двума аўтобусамі сельгаскааператываў «Ніва» і «Гродзенскі», а пасля заканчэння заняткаў адвозяць дахаты.

— Як прынялі вашы вучні дзяцей з іншай школы?

— Нармальна, ніякага дыскамфорту ва ўзаемаадносінах няма. Тым больш што нашы школы размешчаны непадалёк і частка дзяцей, іх бацькоў былі дагэтуль знаёмыя, — кажа Тэрэса Іванаўна.

Такую ацэнку пацвярджае дырэктар Раціцкай сярэдняй школы Яніна ВАЛКОЎСКАЯ.

— Як ставяцца вашы выхаванцы да пераезду на вучобу ў Сапоцкін?

— Пэўна, яны ўспрынялі гэта як нейкую прыгоду.

— А іх бацькі?

— Мы пастаянна адсочваем сітуацыю, цікавімся ў бацькоў іх меркаваннямі. Ім практычна штодзённа тэлефануюць класныя кіраўнікі, ды і я сама. Ніводнай заўвагі з боку бацькоў не было.

Па даручэнні старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова ў вобласці стварылі рабочую групу ў складзе спецыялістаў буднагляду, санітарнага кантролю, медыкаў і іншых службаў па высвятленні абставін здарэння ў школе аграгарадка Рацічы. Губернатар даручыў праверыць усе ўстановы адукацыі такога ж перыяду забудовы. Пры гэтым звярнуўшы ўвагу на адпаведнасць праектным нормам работ, што выконваліся падчас рамонту і рэканструкцыі.

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».