Вы тут

Міжнародная (не)бяспека і «Мінскі дыялог»


На мінулых тыднях у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці зноў былі пытанні бяспекі. Гэта звязана і з нарастаючымі супярэчнасцямі на Блізкім Усходзе, міграцыйнымі пытаннямі і з шэрагам важных дат і падзей. У прыватнасці, з першай гадавінай Мінскіх пагадненняў па ўкраінскім крызісе, а таксама з чарговай Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы.


Усе гэтыя падзеі адлюстроўваюць такі ўзровень міжнародных выклікаў, які яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць. У дыскусіях падчас Мюнхенскай канферэнцыі шмат разоў гучалі такія характарыстыкі сучаснасці, як «новая халодная вайна» і «самы небяспечны перыяд пасля падзення Берлінскай сцяны». І казалі пра гэта амаль усе: палітыкі, дыпламаты і даследчыкі.

За апошнія дзесяцігоддзі мы неяк прызвычаіліся да дыскусій пра выклікі з боку недзяржаўных суб'ектаў міжнародных адносін, гэта значыць арганізацый ці асоб, якія не маюць прамога дачынення да ўрадаў і дзейнічаюць па-за межамі міжнароднага права. Гэта, перш за ўсё, рознага кшталту тэрарыстычныя арганізацыі. Пагрозы з іх боку сёння як ніколі высокія, дастаткова згадаць апошнія трагедыі ў Парыжы і тэракт на борце расійскага авіялайнера ў небе над Егіптам. У шок прыводзіць і дзейнасць так званай «Ісламскай дзяржавы».

Але ж сёння і міждзяржаўныя адносіны шмат у якіх пунктах планеты як ніколі напружаныя. Для Беларусі, зразумела, асабліва адчувальныя глыбінныя супярэчнасці паміж Расіяй і краінамі Захаду. Менавіта ў іх кантэксце прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і казаў у Мюнхене пра новую «халодную вайну».

Для беларускага грамадства і дзяржавы, як і для любой іншай суверэннай краіны, такая напружаная міжнародная сітуацыя з'яўляецца велізарным выклікам для ўласнага дабрабыту і незалежнасці. Каб мінімізаваць гэты выклік, патрэбныя добра прадуманыя і нават нестандартныя захады. І адным з іх, як вядома, стала стварэнне мінскай перамоўнай пляцоўкі па ўкраінскім крызісе.

Нагадаю: у жніўні 2014 года ў беларускай сталіцы прайшла сустрэча ў фармаце ЕС — Украіна — Еўразійскі эканамічны саюз, таксама ў Мінску пачала рэгулярна збірацца Трохбаковая кантактная група АБСЕ. Нарэшце,
11-12 лютага 2015 года мы прымалі саміт у Нармандскім фармаце (Украіна — Расія — Германія — Францыя), які пасля амаль 17 гадзін няспынных перамоў скончыўся падпісаннем Комплексу мер па выкананні Мінскіх пагадненняў. Больш шырока гэтыя дамоўленасці вядомыя як Мінск-2.

Праз год Беларусь зноў прымала прадстаўнікоў Нармандскай чацвёркі, але ўжо на экспертным узроўні. У рамках экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» прайшла міжнародная канферэнцыя, якая падвяла вынікі першага года Мінска-2 і прааналізавала перспектывы сітуацыі ва Украіне і ва ўсім еўрапейска-еўразійскім рэгіёне. Выступалі на канферэнцыі і афіцыйныя асобы. У прыватнасці, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і спецыяльны прадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ ва Украіне і Трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік. Але ж асноўнымі ўдзельнікамі дыскусій былі менавіта аналітыкі і даследчыкі.

Сама ініцыятыва «Мінскага дыялогу» паўстала на пачатку мінулага года як спроба экспертнай супольнасці зрабіць свой канструктыўны ўнёсак у справу вырашэння ўкраінскага крызісу і прадухіліць разрастанне геапалітычнага канфлікту паміж Расіяй і Захадам. Гэта так званы «другі трэк» дыпламатыі. Іншымі словамі, дыпламатыя на экспертным, недзяржаўным узроўні. Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і пасольстваў (гэта значыць дыпламаты «першага трэку») таксама прымаюць удзел у сесіях канферэнцый у якасці назіральнікаў з магчымасцю выказвацца па ўсіх пытаннях. Але ж галоўную ролю выконваюць менавіта вучоныя з даследчых інстытутаў і эксперты з недзяржаўных аналітычных цэнтраў.

Такі фармат у гісторыі даволі добра паказаў сябе як механізм налажвання каналаў камунікацыі, усталявання даверу і прадухілення міжнародных крызісаў. Там, дзе дзяржаўныя дыпламаты абмежаваныя афіцыйнай пазіцыяй сваіх краін, недзяржаўныя эксперты маюць больш дыскусійнай прасторы для пошуку новых ідэй і кампрамісаў. Пры адпаведным падыходзе потым гэтыя кампрамісы могуць станавіцца часткай афіцыйных перамоў і спрыяць вырашэнню складаных міжнародных канфліктаў.

На фоне ўкраінскага крызісу і агульнай эскалацыі геапалітычнага напружання на еўрапейскім кантыненце такога фармату сёння якраз і бракуе. І менавіта Беларусь, дзякуючы сваёй ролі перамоўнай пляцоўкі па вырашэнні ўкраінскага крызісу і актыўнаму нейтральнаму пазіцыянаванню, з'яўляецца аптымальным месцам для рэгулярнага экспертнага дыялогу.

Канферэнцыя ў гадавіну Мінска-2 стала ўжо трэцяй важнай падзеяй у рабоце «Мінскага дыялогу». У сакавіку 2015 года адбылася першая канферэнцыя пад назвай «ЕС, Расія і краіны Усходняй Еўропы: як пераадолець рознагалоссі?». А ў лістападзе эксперты разглядалі ўжо канкрэтныя «замарожаныя канфлікты» на постсавецкай прасторы і шукалі шляхі іх паступовага вырашэння.

Дыскусіі, як і на афіцыйным узроўні, ідуць дастаткова складана, бо ўзровень супярэчнасцяў заводзіць шматлікія пытанні ў тупік. Але ж жорсткія дэбаты заўсёды лепей кровапраліцця на фронце. Як кажуць, калі ідуць перамовы, то гарматы маўчаць. І леташнія Мінскія пагадненні гэта яскрава паказваюць.

Пры ўсіх праблемах рэалізацыі Мінска-2 (а там бакамі фактычна выкананы толькі адзін пункт з трынаццаці) удалося пазбегнуць тысяч патэнцыйных чалавечых ахвяр. Так, па звестках ААН, за ўвесь час канфлікту на Данбасе загінула больш за 9 тысяч чалавек, а пасля падпісання Мінска-2 — крыху больш за 200 чалавек. Кожнае страчанае жыццё — гэта велізарная трагедыя, але ж і кожны выратаваны чалавек — гэта безумоўная перамога міру і дыпламатыі!

Таму, як бы пафасна гэта ні гучала, Беларусь сёння мусіць працягваць свае нейтральныя міжнародныя намаганні і надалей выконваць ролю міждзяржаўнай і экспертнай перамоўнай пляцоўкі не толькі дзеля ўласнага дабрабыту, але і дзеля міру ў нашай частцы планеты. Гэта ўжо ў пэўнай ступені наша адказнасць перад міжнароднай супольнасцю.

Важна гэта і для нашага разумення ўласных нацыянальных інтарэсаў. Дарэчы, немагчыма не заўважыць, што сярод улад і экспертнай супольнасці на фоне ўкраінскіх падзей і рэгіянальнай дэстабілізацыі ўзнік пэўны кансэнсус наконт неабходнасці для Беларусі прытрымлівацца нейтральнага знешнепалітычнага курсу. І факт заключэння Мінска-2 гэтаму таксама паспрыяў.

Праўда, тут яшчэ патрэбна вялікая грамадская дыскусія, бо шмат хто ў нашым грамадстве па-ранейшаму схільны разглядаць міжнародныя падзеі скрозь прызму геапалітычнага супрацьстаяння: добрая Расія — дрэнны Захад ці наадварот. Рэчаіснасць пры гэтым больш складаная. Нацыянальным інтарэсам маленькай краіны, заціснутай паміж цэнтрамі геапалітычнага прыцягнення, адпавядае іншы тып мыслення: чым больш супрацоўніцтва паміж усімі, тым у большай бяспецы краіна.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.