Вы тут

Улюбёнец партызанаў


Мацвей Марусік удзельнічаў у баявых аперацыях пад камандаваннем Васіля Варанянскага і вучыўся разведцы ў самога Ваўпшасава.

Калі ўпраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці прадаставіла мне асабовыя справы былых разведчыкаў партызанскага руху на Беларусі, я шмат даведаўся пра работу чэкістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На падставе архіўных матэрыялаў і асабістых сустрэч з ветэранамі адкрыў для сябе асобу Мацвея Марусіка.


Па нацыянальнасці ён паляк. Нарадзіўся ў 1900 годзе ў сялянскай сям'і ў вёсцы Янінуў Лодзінскага ваяводства. Служыў у польскай арміі, працаваў чорнарабочым на цэлюлознай фабрыцы ў Влацлаўску. У 1927 годзе быў прыняты ў рады Камуністычнай партыі Польшчы, працаваў сакратаром падпольнага акруговага камітэта ў Познані, Кракаве і Катавіцах. У 1933 годзе быў арыштаваны і асуджаны польскім судом да 7 гадоў турмы. Вызваліўся па амністыі напрыканцы 1936-га, працягваў займацца партыйнай работай да роспуску кампартыі Польшчы ў 1938 годзе. Пасля чаго будаваў дамы, а з пачатку 1941 года загадваў раённым аддзелам сацыяльнага забеспячэння ў Беластоку.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Марусік у складзе Чырвонай Арміі ўдзельнічаў у баях пад Ваўкавыскам, Россю, Навагрудкам, а ў канцы чэрвеня 1941 года пад Мінскам апынуўся ў акружэнні. Гітлераўцы кінулі яго, як і іншых ваеннапалонных, у канцлагер «Дразды». Уцячы адтуль удалося ў сакавіку 1942 года з дапамогай дзвюх жыхарак пасёлка Ратамка. Ад сваіх ратавальніц ён даведаўся, што ў руднянскіх і маныльскіх лясах дзейнічаюць партызаны, вырашыў іх шукаць. Так Мацвей Марусік трапіў у партызанскі атрад «Мсцівец» пад камандаваннем Васіля Варанянскага і пасля адпаведнай праверкі (ці не правакатар?) стаў удзельнічаць у баявых аперацыях.

Як расказваў потым начальнік штаба партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» Віталь Яськоў, Марусіка спачатку засмучала тое, што ў яго не было вінтоўкі і падчас дзяжурства на пасту даводзілася карыстацца чужой зброяй. Неўзабаве пасля бою з гітлераўцамі на плячы Марусіка з'явілася вінтоўка, а ў руках — трафейны пісталет.

Потым ён удзельнічаў у разгроме нямецкіх гарнізонаў у мястэчках Даўгінава і Мядзел, у дыверсіях на чыгунцы, у засадах на шашы... У ліпені 1942 года Марусік па-геройску, вынаходліва праявіў сябе ў баі з эсэсаўскімі і паліцэйскімі фарміраваннямі, якія наступалі на партызанаў у валянцінаўскім лесе Плешчаніцкага раёна. Ён забраўся з вінтоўкай на вялікую яліну і знішчыў двух варожых кулямётчыкаў.

Аднойчы ў тыл праціўніка для разведвальна-дыверсійнай дзейнасці прыбыла спецыяльная група ў складзе вопытных чэкістаў-разведчыкаў, збройнікаў, падрыўнікоў, радыста, шыфравальшчыка, перакладчыка, урача. Прайшоўшы на лыжах некалькі соцень кіламетраў, яна ў сакавіку 1942-га спынілася ў лесе паблізу вёскі Валянцінава Плешчаніцкага раёна, папоўнілася байцамі і неўзабаве стала партызанскім атрадам асобага прызначэння «Мясцовыя». Каля двух з паловай гадоў ім камандаваў пад псеўданімам «Градаў» легендарны савецкі разведчык, будучы Герой Савецкага Саюза Станіслаў Ваўпшасаў.

Адной з задач спецатрада «Мясцовыя» было выкрыццё лжэпартызанскіх груп. Напрыклад, адна з іх арудавала на тэрыторыі Барысаўскага, Бягомльскага раёнаў — ніякай барацьбы з ворагам не вялі, а рабавалі мясцовых жыхароў, забіралі жывёлу, патрабавалі самагонку. Іх затрымалі, і пасля допыту Ваўпшасаў даў ім баявое заданне. Аднак тыя нічога не выканалі і працягвалі рабаваць насельніцтва. Тады лжэпартызанаў арыштавалі і сурова пакаралі па законах ваеннага часу: камандзіра, яшчэ некаторых бандытаў расстралялі, а астатніх накіравалі ў штрафную роту.

У гэтай рабоце спецатраду дапамагаў штаб брыгады Варанянскага. Менавіта там Ваўпшасаў прыкмеціў Марусіка і пачаў вучыць яго рабоце ў разведцы. Невыпадкова той пазней стаў начальнікам асобага аддзела партызанскага атрада імя Ленінскага камсамола.

— Цудоўны быў чалавек, улюбёнец усіх партызанаў. Мы маглі на яго спадзявацца, як на Бога, — казалі мне пра Марусіка партызаны Уладзімір Тарашчык, браты Аляксандр і Васіль Кандратовічы, якія жылі ў Гродне.

Дарэчы, нядаўна ў Нацыянальным архіве Беларусі я даведаўся, што пры атрадзе стварылі вучэбны ўзвод для ваеннай падрыхтоўкі байцоў з мясцовага насельніцтва. Загад падпісаў выконваючы абавязкі камандзіра атрада Мацвей Марусік.

Паводле архіўных звестак, Мацвей Марусік «загінуў 3 чэрвеня 1944 года ў баі з белапалякамі ў лесе каля вёскі Вялікія Бярозаўцы Васілішкаўскага раёна падчас выканання разведзадання». Па маёй версіі, ён ішоў на заданне па разгортванні Васілішкаўскага антыфашысцкага камітэта польскіх патрыётаў. Мажліва, з пранікненнем у другую роту 118-га паліцэйскага батальёна, што дыслацыравалася ў Васілішках, каб хтосьці перайшоў адтуль на бок партызанаў.

Мацвей Марусік пахаваны партызанамі на могілках вёскі Шынкаўцы Шчучынскага раёна. За мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Вядома, што начальнікам Беларускага штаба партызанскага руху Пятром Калініным ён прадстаўляўся да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.

Яўген ДАЛІДОВІЧ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны,

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.