Вы тут

Сам не знаю, не ведаю


Вясёлая песня «Сам не знаю, не ведаю» заўсёды стварае радасную атмасферу, выклікае парадаксальна-неўраўнаважаную гарэзлівасць. Аднак у песні за бесклапотнай весялосцю з гулліва-эратычным падтэкстам праглядваецца спаконвечная несуладнасць у сямейных зносінах. Што рабіць, калі паўсюль не ўсе шлюбныя пары наладжваюць сямейныя стасункі ў любові і згодзе? Але як бы ні складваліся абставіны, людзі яўна ці патаемна прагнуць сямейнага шчасця, якое трымаецца на гармоніі душы і цела. Усе жадаюць адчуць і агністы позірк, і ласкавае слова, і далікатныя, поўныя кранальнай пяшчоты абдымкі...


З такім, мабыць, меркаваннем Аляксей Туранкоў падбіраў дасціпны эпізод з фальклору для оперы «Кветка шчасця». Кампазітар, 130 гадоў з дня народзінаў якога споўнілася ў мінулым месяцы, добра ведаў беларускую музыку (апрацоўваў народныя песні, напісаў шмат вакальных твораў на вершы нацыянальных паэтаў), яе энергетычную сілу і эстэтычнае ўздзеянне. Песня «Сам не знаю, не ведаю», у якой столькі разгульна-жыццёвай жарсці, была вельмі прыдатнай. Аляксей Яўлампіевіч напісаў музыку, блізкую да народнай, у тэксце зняў апошнюю страфу (наказ маладзіцы старому мужу) і замест яе зрабіў паўтор першай. Гэта яшчэ больш узмацніла мужчынскую тэмпераментнасць у вакальным творы і адначасова прагучала своеасаблівым быццёвым одумам. У такім выглядзе пад назвай «Песня бабыля» ён арганічна ўвайшоў у канву оперы «Кветка шчасця». Сам кампазітар Аляксей Туранкоў, якому на час яе прэм'еры мінула пяцьдзясят тры гады, выканаў песню ў спектаклі. І яна стала папулярнай у нашым краі.

Сам не знаю, не ведаю

Сам не знаю, не ведаю,

Што рабіці маю,

Людзі кажуць жаніціся,

А я і не думаю.

Ой, нашто ж мне жаніціся,

Ой, нашто ж мне жонка?

Ёсць у мяне суседачка,

Добрая прыяцелька.

Маладзіцы, удавіцы

На мяне маргаюць,

То ў нядзелю, то у свята

К сабе зазываюць.

«Прыйдзі, прыйдзі, мой міленькі,

Ка мне на хвілінку,

А я вышлю свайго дзеда

У лес па малінку.

Ідзі, стары, барадаты,

У лес па маліну.

А не пойдзеш у маліну, —

Любіці пакіну».

Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.