Вы тут

Удасканаліць вядзенне статыстыкі і пакараць неплацельшчыкаў падаткаў


Дэпутаты абмяркоўваюць законапраекты да веснавой сесіі.

На пашыраным пасяджэнні Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах разгледзела два законапраекты, што ўносяць змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы па пытаннях дзяржаўнай статыстыкі і ў Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці». Гаворачы пра першы законапраект, яго куратар Людміла Дабрыніна, старшыня Пастаяннай камісіі, выказала думку, што статыстыка — люстэрка эканомікі.


— Як працуе эканоміка, адлюстроўваецца ў статыстычных звестках, — аргументавала парламентарый.

На абмеркаванне законапраекта, які тычыцца дзяржаўнай статыстыкі, былі запрошаны прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Першы намеснік старшыні гэтага ведамства Ірына Кангро расказала, што ў нашай краіне двойчы прысутнічала місія спецыялістаў-статыстыкаў з розных краін, перш за ўсё з еўрапейскіх — Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі.

— Калі зыходзіць з міжнароднай практыкі, нацыянальная статыстычная сістэма любой краіны можа ініцыяваць правядзенне глабальнай ацэнкі для таго, каб эксперты маглі вызначыць, ці адпавядае вядзенне статыстыкі ў краіне тым прынцыпам і падыходам, тым стандартам, якія ёсць у галіне статыстычнай дзейнасці, — патлумачыла Ірына Кангро. — Гэта стандарты адпаведнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ў пэўнай ступені — Еўрапейскага саюза.

У адказ на пытанне Людмілы Дабрынінай пра ацэнку, якую далі нашай статыстычнай сістэме замежныя эксперты, прадстаўніца Нацыянальнага статыстычнага камітэта паведаміла, што характарыстыка была добрай.

— Арганізацыя вядзення статыстыкі ў нашай краіне забяспечвае выкананне стандартаў, што існуюць у гэтай галіне, — паведаміла Ірына Кангро. — Якасць афіцыйнай статыстычнай інфармацыі дастаткова высокая. Разам з тым спецыялісты пры падрыхтоўцы справаздачы выпрацавалі шэраг рэкамендацый, каб дазволіць нашай нацыянальнай статыстычнай сістэме і надалей развівацца ў збліжэнні з міжнароднымі стандартамі.

Сёння ў краіне вытворцамі афіцыйнай статыстыкі з'яўляюцца больш за 20 дзяржаўных органаў — гэта і Нацыянальны банк, і Міністэрства фінансаў, і Дзяржмаёмасць, і Міністэрства адукацыі, і Міністэрства аховы здароўя... Адной з рэкамендацый ад групы міжнародных экспертаў стала ўзмацненне ролі кантралюючага органа ў сферы статыстыкі.

У цэлым жа мэта законапраекта аб статыстыцы — забеспячэнне ўсіх карыстальнікаў — ад органаў улады да фізічных асоб — якаснай і дакладнай афіцыйнай інфармацыяй.

Што тычыцца дакумента, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці», то трэба сказаць: пералік нерухомай маёмасці, абавязковай для дэкларавання, дапоўніўся машына-месцам.

— Цяпер у маёмасць, якая падлягае ўліку, уключана і машына-месца — раней гэтага не было, — патлумачыў журналістам дэпутат Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. — калі гэты аб'ект там з'явіўся, то адпаведна, яго ўключылі і ў гэты праект закона. Мы ведаем, што ў Мінску, іншых буйных гарадах машына-месца можа мець дастаткова высокі кошт.

У цэлым жа, па меркаванні дэпутата, Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці» чакаюць дастаткова істотныя змены.

— Нарматыўны акт будзе рэгуляваць тыя сітуацыі, калі ў падатковай інспекцыі, іншых органаў узнікнуць падазрэнні, што ў чалавека выдаткі значна вышэйшыя за даходы. Устаноўлены дакладны тэрмін — 30 дзён, — на працягу якога чалавеку даецца магчымасць самастойна патлумачыць, чаму ў яго такія разыходжанні.

Калі чалавек не патлумачыў падатковым службам на працягу гэтага часу, адкуль узяў «лішнія» грошы, або даў няпоўныя тлумачэнні, то ён павінен будзе заплаціць падатак у 16%.

— Гэта правільны шлях, — лічыць парламентарый, — ва ўсім свеце так і робіцца — калі ў чалавека выдаткі значна перавышаюць даходы, калі ён набывае некалькі машын, кватэру, некалькі машына-месцаў, не маючы адпаведных даходаў, то дзяржава просіць яго патлумачыць, як так атрымалася.

Святлана Шаўчэнка, намеснік міністра па падатках і зборах, якая таксама прыняла ўдзел у пасяджэнні камісіі, паведаміла, што ў мінулым годзе падатковыя органы нашай краіны спагналі 44 млрд беларускіх рублёў з грамадзян, у якіх выдаткі былі большыя за даходы.

— Праведзена 12 тысяч праверак, парушэнні выяўлены ў 5 тысяч чалавек, — расказала Святлана Шаўчэнка.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.