24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Стагадовы палкоўнік у адстаўцы збіраецца паехаць на малую радзіму


Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўген Васільевіч Тархуноў святкаваў свой дзень нараджэння некалькі дзён. Ахвотных павіншаваць палкоўніка ў адстаўцы з круглай датай было нямала. Дзверы не зачыняліся, а юбіляр з непрыхаванай радасцю — усмешка не пакідала вуснаў — асабіста сустракаў кожнага госця. А між іншым узрост Яўгена Васільевіча перасягнуў стагадовы рубеж!


Яў­ген Тар­ху­ноў з ма­лод­шай дач­кой Свят­ла­най.

Дыпламаваны чыгуначнік

Яўген Тархуноў нарадзіўся ў 1916 годзе ў Яраслаўлі. Бацька, інжынер па адукацыі, працаваў начальнікам цэха паравоза-рамонтнага завода, маці хапала хатняга клопату — трэба было накарміць і дагледзець семярых дзяцей.

Неўзабаве сям'я пераехала ў Волагду. Там Яўген скончыў сямігодку і паступіў у фабрычна-заводскае вучылішча. Каб хоць неяк дапамагчы бацькам, паралельна працаваў на паравозна-рамонтным заводзе. Пасля была вучоба ў Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. Абараніўшы дыплом (па тым часе гэта быў вялікі гонар), у студзені 1941-га трапіў па размеркаванні на Данбас. Толькі і там доўга не затрымаўся...

Абагналі смерць

Вайна для Яўгена Тархунова пачалася 8 ліпеня 1941 года. У той дзень у Валнаваху прыехаў ваеннаслужачы з Масквы. Сярод адабраных у Чырвоную Армію быў і юны чыгуначнік. І сёння ў ветэрана захоўваецца каштоўны дакумент — даведка, згодна якой ён здаў свой грамадзянскі пашпарт і атрымаў ваенны білет.

Замест сталіцы прыехалі ў Ленінград, у Ваенна-транспартную акадэмію рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Тут павінны былі прайсці шасцімесячныя курсы — краіна мела патрэбу ў ваенных чыгуначніках. Але вучоба скончылася для іх праз некалькі дзён: Ленінград бамбілі. Акадэмію пачалі эвакуяваць.

— Нас пагрузілі ў баржу і пад вадой, каб не было відаць, што эвакуюецца ваенны аб'ект, пераправілі праз Ладажскае возера, — успамінае Яўген Васільевіч. — Толькі апынуліся на другім беразе, як варожая авіяцыя з усіх сіл атакавала горад.

Мы схаваліся за помнікамі на блізкіх могілках, некаторыя палеглі сярод магіл. Толькі адышлі, як снарады пасыпаліся па пахаваннях. Цудам засталіся жывымі!

Да чыгуначнага саставу, што чакаў на станцыі Ціхвін, курсанты рухаліся ноччу. Толькі прыбылі, як паступіла каманда: «Хутка-хутка па вагонах!» Трэба было паспець пераехаць чыгуначны мост праз раку. Мост быў адзінай магчымасцю выбрацца з гэтага пекла: калі б не праскочылі, то апынуліся б у пастцы ворага назаўсёды. Паспелі! Толькі пераехалі раку, як мост узляцеў у паветра. Смерць, якая ішла за імі па пятах, усё ж такі ўдалося абагнаць...

У цягніку, які перад гэтым перавозіў скаціну, ехалі некалькі дзён. Куды — не ведалі: ваенная тайна. Як толькі выйшлі на першым прыпынку, Яўген Тархуноў зразумеў: яны ў Яраслаўлі. Горад, у якім прайшло яго дзяцінства, а тым больш станцыю, дзе шмат гадоў працаваў бацька, пазнаў адразу.

Пасля ў Кастраме курсанты праходзілі паскораныя курсы. Жылі ў палатках — на тэрыторыі былога армейскага лагера. Калі пахаладала, перасяліліся ў будынак мясцовай школы. І гэта ж трэба! Праз вокны бачылі хату, якая была вельмі дарагой для курсанта Тархунова. У гэтым доме, дзе жыла яго родная цётка і разам з тым хросная, ён праводзіў ледзь не ўсе летнія вакацыі.

— Кожны дзень мы ішлі строем у сталовую, якая знаходзілася ледзь не на іншым канцы горада, — расказвае Яўген Тархуноў. — Аднойчы ідзём і чую: «Жэнька!» Бачу, цётка Ліза крычыць. Потым пачаў адлучацца са строю. Паабедаўшы ў родных, зноў вяртаўся да сваіх. Мне шанцавала: цётка і блінчыкаў напячэ, і пірагом накорміць. Як у казцы!

Ла­ры­са Паў­лаў­на, Люд­мі­ла і Яў­ген Ва­сіль­е­віч Тар­ху­но­вы. Жні­вень 1946 го­да.

На важным участку

Але казка цягнулася нядоўга. У лістападзе 1941-га вучоба скончылася. Новаспечаныя лейтэнанты атрымалі пагоны, ваенную форму і раз'ехаліся хто куды. Яўгена Тархунова накіравалі ў Куйбышаў, памочнікам ваеннага каменданта чыгуначнага ўчастка станцыі.

У гады Вялікай Айчыннай Куйбышаў (цяперашняя Самара) меў вялікае стратэгічнае значэнне. Горад называлі «запасной сталіцай Савецкага Саюза». Сюды ў кастрычніку 1941-га былі эвакуяваны дзясяткі абаронных заводаў, савецкі ўрад, замежны дыпламатычны корпус, дзеячы савецкага мастацтва і нават сям'я Сталіна. У Куйбышаве дыслакаваўся не толькі вялікі прамысловы і абарончы цэнтр краіны, а і найбуйнейшы ў краіне чыгуначны вузел, які злучаў Еўропу з Азіяй.

У першыя месяцы вайны чыгуначнікі працавалі без перапынку. У прамым сэнсе слова жылі на платформе: у інтэрнаце — так называлі збіты з дошак домік вайскоўцы. Буржуйкі не спраўляліся з ацяпленнем. У напамін аб зіме 1942-га ў Яўгена Васільевіча і сёння застаўся кашаль.

Сем дзясяткаў кахання

Запомніўся 1942 год і іншым. Тут, на станцыі Куйбышаў, Яўген Тархуноў сустрэў сваю будучую жонку. Ларыса Паўлаўна да вайны скончыла Куйбышаўскі чыгуначны тэхнікум. Як вольнанаёмная, яна працавала побач з ваеннымі чыгуначнікамі. У прыгажуню з шыкоўнымі косамі Яўген Васільевіч закахаўся з першага погляду. У 1944-м ажаніліся.

— Тата з мамай пражылі разам 71 год душа ў душу, — расказвае малодшая дачка Святлана і паказвае пасведчанне аб шлюбе, якое захоўваецца як самая дарагая рэліквія. — Усім жадаю такога шлюбу! Мы выраслі і ніколі не ведалі, як гэта, калі бацькі нават павышаюць голас адно на аднаго.

Вялікае свята

У жніўні 1944-га Яўгена Тархунова перавялі ў Баранавічы. Вызваленая Беларусь адраджалася з руін і попелу, але чыгунка па-ранейшаму працавала для патрэб фронту. Пазней да яго пераехала сям'я. Дзялілі хату з Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Царуком — адным з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі.

Калі Германія капітулявала, Яўген Васільевіч якраз знаходзіўся на дзяжурстве. Доўгачаканую вестку атрымалі па тэлефоннай сувязі. Ветэран успамінае, што гэта не дзяжурства было, а вялікае свята.

— Хто перажыў гэты дзень, той, як адзін, не згаворваючыся, кажа, што лепшага свята не было і не будзе, — гаворыць Святлана Яўгенаўна. — Так, святкуюць Дзень Перамогі і цяпер. Але такія пачуцці, якія перажылі ў 1945-м, яны больш не адчуюць ніколі.

Сустрэча з сястрой

Не перадаць больш і той радасці, якую адчуваў Яўген Тархуноў, калі ў маі 1945-га на платформе сустрэў сваю малодшую сястру Лізу.

— Вайна скончылася, а параненых везлі і везлі, — узгадвае ён. — Як заўсёды, падышоў да аднаго з эшалонаў і пытаю ў начальніка цягніка, у чым ёсць патрэба. Раптам у адчыненых вагонных дзвярах бачу знаёмую постаць. Глянь, Лізутка стаіць, сястрычка мая! Ды і ў форме ваеннай. Аказалася, у санітарным цягніку аб'ездзіла ўвесь фронт. Я дамовіўся з начальнікам, што Ліза дагоніць іх наступным, пасажырскім. А самі, шчаслівыя, што сустрэліся, пайшлі дахаты: мне было яе з кім пазнаёміць.

Та­кая таб­ліч­ка ля дзвя­рэй ве­тэ­ра­на з'я­ві­ла­ся на­пя­рэ­дад­ні яго ста­год­дзя.

Служба бездакорная

Пасля вайны Яўген Тархуноў не пажадаў расставацца з пагонамі. У снежні 1952 года ён атрымаў прызначэнне ў Мінск, а неўзабаве з'явілася і капітанскае званне. Тут працаваў у страявым аддзеле кіраўніцтва перамяшчэння войск Беларускай чыгункі, затым на пасадзе дыспетчара займаўся арганізацыяй воінскіх перавозак.

У 1958 годзе Яўген Тархуноў паехаў служыць у ГДР. Побач з ім была і яго сям'я. Дзеці вучыліся ў савецкай школе, жонка займалася хатнімі справамі. Становішча ў свеце было напружанае — Карыбскі крызіс. Вельмі хацелася дадому. На Радзіму вярнуліся толькі праз шэсць гадоў. Яўген Васільевіч яшчэ працаваў намеснікам ваеннага каменданта чыгуначнага ўчастка і станцыі Мінск, а ў 1969 годзе дэмабілізаваўся ў званні падпалкоўніка. Пасля, на заслужаным адпачынку, яму ўручылі пагоны палкоўніка. Разам з баявымі ўзнагародамі ветэран працы, ветэран Узброеных Сіл СССР і ветэран ваенных зносін беражліва захоўвае медаль «За бездакорную службу».

Такі характар

Толькі і на пенсіі Яўген Васільевіч не мог сядзець без справы. Такі характар. Яму было ўжо за 80, як дзеці вырашылі, што бацьку трэба паберагчы сілы. Але сам Яўген Тархуноў так не лічыў. Прыйшлося ўгаворваць. Але і сёння ветэран знаходзіць сабе занятак. Як сам жартуе, летам ён — зямельны памочнік: вырошчвае ў парніку памідоры, дапамагае з праполкай.

— Магчыма, у працаздольнасці і ёсць сакрэт бацькавага даўгалецця, — мяркуе дачка. — А яшчэ тата вельмі спакойны, разважлівы, нервавацца — гэта не пра яго. Вельмі інтэлігентны ён у нас.

Летась збылася даўняя мара ветэрана — ён пабываў на сваёй радзіме, наведаў магілы родных. У Яраслаўль ехалі з дачкой. Якім жа шчасцем было даведацца, што дом, у якім нарадзіўся і вырас, стаіць на месцы. Хатні інтэр'ер узнаўляў па вокнах — там і дагэтуль жывуць людзі. Стаіць на Волзе і радзільны дом, дзе з'явіўся на свет, школа, усё той жа вакзал... І, спадзяёмся, застануцца на месцы да гэтага лета, калі стагадовы ветэран зноў завітае на бацькаўшчыну.

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Век пражыць — не поле перайсці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.