Вы тут

Фотамастаку ўсе дзверы адчыненыя


Часам даводзілася затрымлівацца на рабоце ва ўжо апусцелай рэдакцыі. Такімі маўклівымі вечарамі, калі за вокнамі даўно сцямнела, прыемна было ўсведамляць, што ў суседнім кабінеце нехта таксама ёсць і да яго можна зайсці, каб пагаманіць. А за сцяной калега па «Звяздзе» вядомы фотамастак Анатоль Кляшчук у даўно непрацоўны час рыхтаваў да выдання чарговы альбом, гэтым разам — пра ўнікальныя беларускія абрады, што яшчэ захаваліся дзе-нідзе на нашай зямлі. Новая кніга — вынік дзесяцігадовай працы фатографа.


Альбом Анатоля Клешчука «Карагод беларускіх абрадаў», што пабачыў свет у выдавецтве «Беларусь», 18 лютага прэзентаваны ў Інстытуце культуры Беларусі. Яго прадставіў сам аўтар разам з дударамі і дзіцячым фальклорным калектывам «Калыханка».

Хоць матэрыял для гэтага альбома збіраўся цягам дзесяцігоддзя, першы традыцыйны абрад фотамастак зняў амаль трыццаць гадоў таму яшчэ на чорна-белую плёнку. У ліку жывых праяў беларускай культуры варта згадаць не толькі самыя вядомыя — Каляды, Масленіцу і Купалле, у альбоме можна знайсці звесткі пра Грамніцы, Саракі, «Пахаванне стралы», «Жаніцьбу коміна», «Перанос свечкі». На старонках кнігі — каля васьмідзесяці паездак фотамастака, апісаных і паказаных у нечаканых, каларытных, яскравых кадрах.

Дарэчы, многае з таго ўнікальнага і выключна беларускага рызыкуе знікнуць. Анатоль Кляшчук удзельнічаў у сакральных дзеях, трапляў нават туды, куды мужчынам уваход забаронены. Напрыклад, ёсць у вёсцы Басценавічы Мсціслаўскага раёна абрад апранання і распранання свечкі, прысвечаны святой пакутніцы Варвары, які могуць праводзіць толькі жанчыны. Але супольнасць, што выконвае абрад, усё ж такі дазволіла фатографу прысутнічаць — даверылася.

«Я назірала за працай розных фотамастакоў, — расказала на прэзентацыі альбома доктар філалагічных навук, вядомая фалькларыстка Таццяна Валодзіна, — і здаралася такое, што ў час вельмі напружанай сакральнай кропкі фотамастак пачынаў кіраваць працэсам і прасіць усміхацца на камеру. Гэта выклікала ўнутраны пратэст, бо чалавек дазволіў сабе ўварвацца ў святая святых. Неаднаразова мне даводзілася назіраць за працай спадара Анатоля, і я мушу зазначыць, што яна — узор высокага прафесіяналізму, бо аўтар заўсёды імкнуўся адчуць традыцыю, ужыцца ў яе, не перашкодзіць ёй. З боку акадэмічнага асяродка магу сказаць, што ў навуковых колах гэта кніга ўжо вызвала бурныя дыскусіі. Спадар Анатоль выступіў як праўдзівы гісторык свайго часу».

Тэксты, што суправаджаюць серыі фотаздымкаў, Анатоль Кляшчук пісаў сам, карыстаючыся матэрыялам з навуковай літаратуры і размоў з носьбітамі традыцыі. Канешне, выданне — вынік працы цэлага штату прафесіяналаў, што таксама дапамагло фотаальбому быць сёлета названым найлепшым у намінацыі «Фотапогляд» нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». А сам аўтар тут жа быў уганараваны як найлепшы фотамастак.

Толькі ўявіце: пад адной вокладкай — дзесяць гадоў экспедыцый. Анатоль Кляшчук падзякаваў сваёй сям'і, якая выпраўляла яго ў паездкі і сустракала, калі ён вяртаўся. Падзякаваць, напэўна, трэба і вясковым жанчынам, што бралі маленькага хлопчыка — будучага фотамастака — у поле на зажынкі. З гэтага ўсё і пачыналася.

katsyalovich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Экспедыцыі — пад адной вокладкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?