Вы тут

Будучыня — за ўніверсітэцкімі цэнтрамі?


«Сур'ёзны, а не фармальны падыход да ўвядзення профільнага навучання плюс граматная расстаноўка кадравага патэнцыялу дазволяць вырашыць галоўную задачу школы — павышэнне якасці адукацыі», — падкрэсліў у сваім выступленні на выніковай калегіі міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ.


Знак якасці ці проста шыльда?

У гэтым навучальным годзе профільныя класы былі адкрыты ў 1118 установах агульнай сярэдняй адукацыі (прыкладна 37% ад агульнай колькасці). Прадметы на павышаным узроўні вывучаюць каля 29 тысяч дзесяцікласнікаў (або кожны другі). Адукацыйны працэс у профільных класах забяспечваюць больш за 4 тысячы настаўнікаў. Вышэйшую, першую кваліфікацыйную катэгорыі і кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст» маюць больш як 90% педагогаў, што працуюць у профільных класах.

— Галоўнай асаблівасцю профільнага навучання з'яўляецца яго прафесійная арыентаванасць. У навучэнцаў ёсць магчымасць не толькі вывучаць на павышаным узроўні прадметы, па якіх яны плануюць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, але і асвойваць на факультатыўных занятках прафесійна сарыентаваныя курсы, — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў, што профільнае навучанне з'явілася не з чыстага ліста.

Вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні ажыццяўлялася раней у гімназіях і ліцэях. І вынікі цэнтралізаванага тэсціравання за апошнія тры гады паказваюць, што сярэдні бал у выпускнікоў гімназій і ліцэяў значна вышэйшы, чым сярэдні бал у выпускнікоў сярэдніх школ, дзе ўсе прадметы вывучаліся на базавым узроўні.

— У той жа час нас турбуе якасць адукацыі ў гімназіях, — канстатаваў Міхаіл Жураўкоў. — Аналіз уступнай кампаніі ў 5 клас гімназій паказаў, што ў 11 гімназіях (5% ад агульнай колькасці ) летась не былі выкананы кантрольныя лічбы прыёму. У 22 гімназіях конкурс пры прыёме ў 5 клас адсутнічаў. У 8 гімназіях прахадны бал склаў 24 і менш (пры максімальна магчымых 60 балах).

У асобных рэгіёнах доля такіх гімназій дасягае 18-20% ад агульнай колькасці. Мяркую, што Міністэрству адукацыі сумесна з упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама трэба комплексна прааналізаваць якасць «гімназічнай» адукацыі як на другой, так і на трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці функцыянавання асобных гімназій.

Альтэрнатыва рэпетытарству

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей ВАЖНІК падкрэслівае, што пераход старшай школы на профільнае навучанне не быў спантанным: над яго праблематыкай і зместам НІА працаваў доўгі час, гэта была сістэмная праца. Вынікі маніторынгу, праведзеныя інстытутам у снежні 2015 года, пацвярджаюць правільнасць падыходу і вызначаюць далейшыя кірункі. Па-першае, гэта ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, а менавіта аснашчэнне вучэбных кабінетаў абсталяваннем, якое дазваляе школам у поўнай ступені рэалізаваць практычную частку новых вучэбных праграм. Па-другое, пашырэнне выкарыстання сучасных інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў. Па-трэцяе, забеспячэнне дапрофільнай падрыхтоўкі, пачынаючы ўжо з 8 класа. Як паказалі вынікі маніторынгу, настаўнікі, якія выкладаюць прадметы на павышаным узроўні, зацікаўлены ў павышэнні сваёй кваліфікацыі, такую магчымасць трэба ім забяспечыць.

— Апошнім часам, як грыбы пасля дажджу, растуць шматлікія недзяржаўныя адукацыйныя цэнтры, якія рыхтуюць вучняў па матэматыцы, фізіцы, мовах і гэтак далей. На такія адукацыйныя паслугі ёсць попыт, таму і ніша запаўняецца, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Сяргей Важнік. — Разам з тым нашы даследаванні паказалі, што ў параўнанні з 2014—2015 навучальным годам колькасць вучняў, якія звяртаюцца да паслуг рэпетытараў, пачала змяншацца. Так, па выніках анкетавання навучэнцаў, заняткі з рэпетытарамі наведваюць 30% дзесяцікласнікаў — на 12% менш, чым у папярэднім годзе. Ад паслуг рэпетытараў адмаўляюцца дзесяцікласнікі, якія вывучаюць тыя ці іншыя прадметы на павышаным узроўні ў школе.

На наш погляд, менавіта профільнае навучанне дазволіць скараціць колькасць старшакласнікаў, якія звяртаюцца дадаткова да паслуг рэпетытараў. Мы бачым прамую залежнасць паміж профільным навучаннем і якаснай падрыхтоўкай абітурыентаў у ВНУ.

Калі выйграе кожны «ігрок»

Міністр адукацыі паведаміў, што на І ступені вышэйшай школы зараз навучаюцца 336,4 тысячы чалавек: 307,6 тысячы — у дзяржаўных і 28,8 тысячы — у прыватных ВНУ. У магістратуры навучаюцца 10,2 тысячы чалавек: 9,2 тысячы — у дзяржаўных і 1 тысяча — у прыватных установах вышэйшай адукацыі. У параўнанні з 2011 годам колькасць студэнтаў на І ступені скарацілася на 109,2 тысячы чалавек, або на 24,5%. Гэта тэндэнцыя з'яўляецца прамым наступствам дэмаграфічнай сітуацыі, і Міністэрству адукацыі трэба яе ўлічваць.

Працэс аптымізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі будзе скіраваны на павышэнне яе эканамічнай эфектыўнасці і рэалізацыю сацыяльных функцый. За апошнія два гады 13 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі былі ўключаны ў склад чатырох устаноў вышэйшай адукацыі. Акрамя гэтага, Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж быў далучаны да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, а Міжнародны дзяржаўны экалагічны універсітэт імя А.Д. Сахарава ўвайшоў летась у склад комплексу БДУ.

Па словах Міхаіла Жураўкова, сярод асноўных прычын, якія падштурхоўваюць установы вышэйшай адукацыі (у нас і ва ўсім свеце) да інтэграцыі, варта вылучыць у першую чаргу эканамічны складнік — эканомію фінансаў на адміністрацыйных выдатках, рацыянальнае размяшчэнне і выкарыстанне спецыяльнага навуковага і вучэбнага абсталявання, аптымізацыю кадраў і г.д. Разам з тым узбуйненне ўстаноў вышэйшай адукацыі дазваляе значна палепшыць паказчыкі ў міжнародных рэйтынгах, умацаваць пазіцыі і статус вышэйшай навучальнай установы сярод канкурэнтаў.

Міністр адукацыі расказаў, што інтэграцыя ўстаноў вышэйшай адукацыі можа адбывацца па розных сцэнарыях. Вельмі перспектыўным бачыцца, напрыклад, стварэнне буйных навукова-адукацыйных холдынгаў, у якія ўвайшлі б і навукова-даследчыя інстытуты, і ўстановы вышэйшай адукацыі, але пры захаванні статусу юрыдычных асоб.

— Пажадана, каб такія холдынгі знаходзіліся пад патранатам буйных дзяржаўных карпарацый. У рамках навукова-адукацыйных холдынгаў у ідэале рэалізоўваўся б увесь тэхналагічны ланцужок: «навука — падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў — укараненне навуковых ідэй у вытворчасць», — патлумачыў міністр. — Разам з тым мае сэнс толькі добраахвотнае аб'яднанне ўстаноў вышэйшай адукацыі, гэта значыць, альянс, калі выйграе кожны «ігрок». Пры аб'яднанні кожная з устаноў вышэйшай адукацыі не павінна страчваць сваю індывідуальнасць, губляць унікальныя спецыяльнасці. І ні ў якім разе ўзбуйненне ўстаноў вышэйшай адукацыі не павінна ператварацца ў іх абязлічванне.

Эксперымент на «дзясятку»

У 2015 годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі ажыццяўлялася рэалізацыя пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці. Пілотны праект рэалізоўваўся па дзвюх мадэлях: у Баранавічах, дзе была задзейнічана 21 установа агульнай сярэдняй адукацыі, і ў асобных установах агульнай сярэдняй адукацыі ў розных рэгіёнах.

Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што ў выніку эксперымента павысілася эфектыўнасць функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічалі ў пілотным праекце. У настаўнікаў павялічылася сярэдняя заработная плата (у параўнанні з 2014 годам на 126,1%), палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу.

Увогуле пілотны праект па нарматыўным фінансаванні даў станоўчыя вынікі. Таму ўрадам было прынята рашэнне аб прадаўжэнні эксперымента ў 2016 годзе са значным павелічэннем колькасці задзейнічаных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У пілотным праекце будуць удзельнічаць 183 установы агульнай сярэдняй адукацыі з 8 гарадоў, а таксама сельскія школы ў Лідскім раёне.

Па выніках працы за 2015 год сярэднямесячная заработная плата ў галіне адукацыі склала 4,8 млн руб., або 72% ад сярэдняга заробку ў краіне: у настаўнікаў — 5,8 млн руб., або 86,6%, і ў прафесарска-выкладчыцкага складу —
8 млн руб., або 118,7%.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.