Вы тут

Каб людзей не пакрыўдзіць


Сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка агучыў, заслухоўваючы даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе.


Кіраўнік дзяржавы ўважліва прааналізаваў прапановы, якія ўносяцца ўрадам, і падвергнуў шэраг з іх крытыцы. «Гайдараўскія рэформы расійскага ўзору беларусам не патрэбныя», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што з яго боку не будзе «ніякага адабрэння так званых непапулярных мер, якія сёння яшчэ раз удараць па насельніцтве».

Так, Прэзідэнт рашуча адхіліў прапановы ўрада па агульнай прыватызацыі. У Беларусі ў гэтым плане выбудаваная празрыстая і дакладная сістэма, да продажу дзяржуласнасці ў краіне ставяцца з усёй сур'ёзнасцю. «Мы сёння прадаём тое, што не зусім нам належыць. Там праца пакаленняў, нашых дзядоў і бацькоў. Таму трэба вельмі акуратна падыходзіць да гэтых пытанняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прыватызацыі падлягае любое прадпрыемства, калі інвестар абавязваецца захоўваць права работнікаў на нармальныя ўмовы працы, праводзіць мадэрнізацыю прадпрыемства, вырабляць тавары, якія свабодна можна рэалізаваць на знешніх рынках, забяспечваючы павелічэнне падатковых паступленняў у бюджэт.

Прэзідэнт выступіў таксама супраць адмены льгот па ПДВ па прыкладна 35 пазіцыях харчовых тавараў, пачынаючы ад малака, мяса і заканчваючы дзіцячым харчаваннем. Кіраўнік дзяржавы перасцярог, што такі крок прывядзе да немінучага росту цэн, і не факт, што мера пойдзе на карысць бюджэту.

«Упадзе попыт, тавараабарот, што і адбываецца. І якія мы дывідэнды атрымаем у бюджэт, якія мільярды сэканомім? Ды ніякіх! Проста пакрыўдзім людзей, плюнем ім у душу, і яны адвернуцца ад улады. Навошта гэта трэба?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт нагадаў аб прынятай раней устаноўцы аб тым, што рост цэн павінен кампенсавацца павелічэннем даходаў насельніцтва. «У нас што, даходы насельніцтва ў гэты час выраслі? Не. А мы павышаем цэны», — раскрытыкаваў прапанову кіраўнік дзяржавы. Да ўсяго, мера з адменай льгот па ПДВ можа прывесці да росту цэн на тавары для дзяцей, адбіцца на дабрабыце сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка выказаў абурэнне з нагоды сітуацыі з тарыфамі на ЖКП. Неабходныя разлікі былі праведзены, аднак на справе ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот. «Значыць, надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутнага на дакладзе старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава. — Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму».

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, прэм'ер-міністр прадставілі яму разлікі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць.

Таксама КДК было даручана праверыць тарыфы на праезд чыгуначным, прыгарадным, гарадскім транспартам. «Упэўнены, што мы там знойдзем рэзервы. У тым плане, што тарыфы ў сябе ўвабралі і нейкія невытворчыя, іншыя выдаткі, якіх там не павінна быць», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі абралі шлях сацыяльна арыентаванай эканомікі, і ўлады сказалі народу, што чалавек стаіць у цэнтры ўвагі. «Галоўнае — гэта чалавек. І наколькі магчыма, мы будзем рабіць усё, каб чалавек на сваёй зямлі не быў пакрыўджаным», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нацэліў урад і мясцовыя ўлады актывізаваць вытворчасць на месцах. «Трэба вырабіць і прадаць — тады грошай больш будзе ў бюджэце і не трэба будзе рэзаць дзяржпраграмы», — перакананы Прэзідэнт.

У час даклада кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены шэраг крокаў па рэалізацыі падатковай і акцызнай палітыкі ў 2016 годзе, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Адзін з іх тычыўся павышэння акцызаў на паліва без росту рознічных цэн. Прапануюцца кампенсацыйныя меры для нафтаперапрацоўчых заводаў. Прэзідэнт адзначыў, што не супраць такога кроку, але паставіў умову, каб гэта не закранула насельніцтва. Прапанаванае павышэнне акцызаў на тытунёвыя вырабы прэміум-класа Аляксандр Лукашэнка ўхваліў, дадаўшы, што яно будзе нязначным, а грошы, якія паступяць у бюджэт, пойдуць на развіццё аховы здароўя, спорту, падтрымку дзяцінства.

Плануецца, што ў бліжэйшы час Прэзідэнт падпіша прапанаваныя ўрадам прававыя акты, якія прадугледжваюць крокі для вырашэння праблем у эканоміцы, за выключэннем навэл, якія не знайшлі падтрымкі ў кіраўніка дзяржавы.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...