Вы тут

Ядвіга Скарабагатая: «Ніколі не падайце духам!»


Як слабавідушчая дзяўчынка са шматдзетнай вясковай сям'і стала славутай спартсменкай.

Пераможца і неаднаразовая прызёрка Параалімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Ядвіга СКАРАБАГАТАЯ нарадзілася ў вёсцы Вікшняны на Іўеўшчыне. Бацька і маці працавалі на ферме, у іх было 10 дзяцей. Ядвіга нарадзілася восьмай, прычым, толькі ў яе чамусьці было дрэнна са зрокам. І ці мог хто тады падумаць, што менавіта гэтая дзяўчынка стане знакамітай спартсменкай?


Пасля ўрокаў — спорт!

— Як распачаўся гэты шлях? — цікаўлюся ў Ядвігі Эдуардаўны.

— З другога класа я вучылася ў Правамастоўскай спецшколе-інтэрнаце для слабавідушчых дзяцей. Дзякуючы ёй, лічу, і фарміраваліся мае чалавечыя якасці, а таксама прывівалася цяга да актыўнага ладу жыцця, заняткаў спортам. У гэтым перш за ўсё заслуга выхавальніка Міхаіла Сайко. Ён і сам быў неабыякавы да спорту, і нас, дзяцей, імкнуўся зацікавіць. Увечары пасля ўрокаў мы ніколі не сядзелі без справы — гулялі з Міхаілам Карпавічам у валейбол, баскетбол, футбол...

— Пасля заканчэння школы якой вам бачылася будучая прафесія?

— З някепскім атэстатам (пара чацвёрак, а астатнія — пяцёркі) прыйшла паступаць у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, хацела вучыцца на трэнера. Аднак не прынялі. Патрабавалася, каб было не менш за 70% зроку, а ў мяне тады, мусіць, было не больш за 30%. Пайшла ў іншы тэхнікум — і там адмовілі ў сувязі са зрокам. Пасля гэтага я ўсё ж паступіла ў сельскагаспадарчы інстытут на зааінжынерны факультэт, але правучылася нядоўга — зразумела, што гэта не маё, ды і зрок стаў пагаршацца.

У выніку Ядвіга Скарабагатая «перакваліфікавалася» ў слесара-зборшчыка на заводзе «Фільтр» аб'яднання «БелТІЗ», дзе працаваў і яе муж. Артур захапляўся спортам (у прыватнасці, добра бегаў 800, 5000 метраў), і Ядвіга спачатку проста назірала за яго трэніроўкамі. Але тут трэнер Тадэвуш Юрэвіч прыкмеціў і яе.

І лёгкая атлетыка, і лыжныя гонкі

— Як вядома, вашай першай алімпійскай узнагародай стала «бронза» ў кіданні кап'я на Параалімпіядзе ў Атланце-1996, а ўсе астатнія медалі заваяваны ў лыжных гонках. Як адбылася гэтая перакваліфікацыя?

— Справа ў тым, што з узростам займацца лёгкай атлетыкай на ўзроўні высокіх дасягненняў стала праблематычна, а паколькі фізічна я была даволі моцнай, то перад Алімпіядай-1998 у Нагана з'явілася ідэя перайсці на лыжы. Спаборніцкага вопыту ў гэтым відзе спорту практычна не мела — хіба што каталіся з Тадэвушам Юрэвічам на лыжах на зараз ужо забудаванай дамамі пустэчы. Аднак прыехала на рэспубліканскія спаборніцтвы, дзе фарміравалі каманду, і выйграла гонку. На тых, першых для мяне зімовых Алімпійскіх гульнях была сёмай і двойчы пятай.

— Адна справа — спартыўныя заняткі ў вольны час, як хобі, і другая — пастаянныя трэніроўкі, зборы, спаборніцтвы высокага ўзроўню далёка ад Гродна. Ці не даводзілася «разрывацца» паміж спортам і сям'ёй?

— Сапраўды, дзякуючы спорту я пабывала ў многіх краінах — у Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Аўстрыі, Італіі, Японіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі... І калі я надоўга ад'язджала, то ўсе клопаты пра нашу дачку браў на сябе Артур. Дапамагаў і трэнер. Неяк Тадэвуш Антонавіч забраў Ірынку да сябе і тыдні два вадзіў у дзіцячы сад.

Пасля Нагана-1998 ніводная з чатырох зімовых Алімпіяд не абыходзілася для Ядвігі Скарабагатай без медалёў. «Золата» Солт-Лэйк-Сіці-2002, «серабро» і «бронза» Турына-2006, тры бронзавыя медалі Ванкувера-2010 і Сочы-2014.

— Гэта не мая асабістая, а агульная заслуга з трэнерамі, абласным упраўленнем спорту і турызму, рэгіянальным аддзяленнем НАК, а таксама гродзенскім прадпрыемствам «Саюзпраммантаж», якое аказвала мне спонсарскую падтрымку.

Ядвіга Скарабагатая таксама ўдзячная сваім партнёрам Васілю Гаўруковічу і Ірыне Нафрановіч — так званым лідарам, якія разам са слабавідушчым спарсменам праходзяць па дыстанцыі.

— Ад лідара, які вядзе лыжніка па дыстанцыі, кантралюе і падказвае яму ўсе асаблівасці трасы, праблемныя ўчасткі, залежыць палова поспеху спартсмена. Таму цалкам справядліва, што яны атрымліваюць аднолькавыя ўзнагароды.

«Пачнеш думаць пра грошы — нічога не атрымаецца»

— А ці бывала так, што сітуацыя, нягледзячы на клопаты «рулявога», усё ж станавілася экстрэмальнай?

— Так у мяне было на Алімпіядзе ў Турыне. Падрыхтавалася, думала, на 100% і разлічвала выйграць тры гонкі. Аднак... Першая дыстанцыя — 5 кіламетраў. Спачатку ўсё быццам складваеццца нармальна, застаецца толькі дагнаць немку. Абганяю яе, і тут мне становіцца дрэнна, ледзь рухаюся, падаю, падымаюся. Літаральна на карачках дапаўзла да фінішу (пятай), пасля чаго мяне забралі медыкі.

— Што ж здарылася?

— Пэўна, вось так мне «далі па галаве» горы, вышыня. Дарэчы, пасля гэтага мы з лідарам Васілём Гаўруковічам захварэлі, аднак у наступных гонках усё ж здолелі заваяваць «серабро» і «бронзу».

— Гэта ж спартыўны подзвіг! І тым не менш ваша меркаванне, ведаю, такое, што прэміяльныя за перамогу на Алімпіядзе ў інваспорце не павінны быць такімі ж, як у звычайным...

— Так. У інваспорце мы працуем не менш, але ўсё роўна ў нас не такая вялікая канкурэнцыя. Узяць маю сітуацыю ў Турыне: праз 3-4 дні пасля сур'ёзных праблем са здароўем зноў удзельнічаю ў гонцы і ўзыходжу на п'едэстал. Зразумела, сярод не параалімпійцаў перамагчы сапернікаў у такіх умовах нерэальна.

Ды і не ў грашовым узнагароджанні справа. Канешне, ад грошай у жыцці шмат залежыць. Аднак калі пачнеш думаць пра грошы, то ў цябе ніколі ў спорце нічога не атрымаецца.

— У чым жа тады стымулы?

— Я брала прыклад з іншых славутых параалімпійцаў, таго ж Алега Шэпеля, і сама сабе хацела даказаць, што таксама магу многага дабіцца. А ў першую чаргу для мяне было важна праславіць сваю краіну, свой горад. Прыехаць на Алімпіяду і, хоць у тваю падрыхтоўку ўкладзены сродкі, застацца без медаля?! Для мяне гэта было непрымальна. Таму заўсёды вельмі адказна ставілася да трэніровак.

— Якія чалавечыя якасці лічыце найбольш каштоўнымі?

— Люблю людзей, у якіх словы не разыходзяцца са справамі, упэўненых у сабе, мэтанакіраваных.

— Чаго пажадаеце людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі?

— Не замыкацца ў сабе, не падаць духам. З кожнай сітуацыі можна знайсці выйсце. Што даказваюць многія нашы землякі, якія, атрымаўшы інваліднасць, не паддаліся дэпрэсіі, а праявілі сілу волі. У Гродне гэта, напрыклад, выдатны майстар марафонскай язды на інваліднай калясцы і лыжах Барыс Пранько, прызёр чэмпіянату свету па плаванні Наталля Шавель, якая зараз рыхтуецца да параалімпійскіх спаборніцтваў у Рыа-дэ-Жанэйра.

prakopchіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.