Вы тут

У суботу ў Магілёўскім аблвыканкаме працавала прамая тэлефонная лінія


Усяго задаць свае пытанні намесніку старшыні аблвыканкама Валерыю Малашку, які дзяжурыў на прамой тэлефоннай лініі, змаглі 22 жыхары вобласці.


Двойчы патэлефанавалі з Крычава жыльцы здадзенага ў мінулым лістападзе жылога дома. Людзям раздалі ключы, але пад'езды дагэтуль на замку. Падчас «прамой лініі» быў зроблены званок у Крычаў наконт сітуацыі. Складанасці выкліканы затрымкай з разлікамі за жыллё некаторых уласнікаў, але чаму павінны пакутаваць добрасумленныя грамадзяне? Валерый Малашка паабяцаў разабрацца з праблемай у кароткія тэрміны.

Трох чалавек хвалявалі цяжкасці з выплатай заробкаў. З мужчынам, які працуе ў Бялыніцкім раёне, дагэтуль не разлічыліся за снежань. «На фірме «Балекс», у якой сетка крам у Магілёве, затрымкі з аплатай бальнічных лісткоў і выплатай заробкаў», — паведаміла абураная такім становішчам спраў жанчына. А работніца гаспадаркі «Александрыйскае» Шклоўскага раёна заклапочана тым, што ёй заплацілі толькі 30% ад заробку. «Чым мне за камуналку разлічвацца?» — не стрымлівала эмоцый жанчына.

Алена Міхайлаўна з Магілёва паведаміла, што ад вёскі Стайкі Магілёўскага раёна да могілак дрэнная дарога. Калісьці там быў пакладзены асфальт, але цяпер утварылася столькі выбоін, што немагчыма ехаць. А яшчэ жанчына паскардзілася на тое, што ў пасёлку Колас Быхаўскага раёна жыхароў двухпавярховікаў пазбавілі магчымасці высаджваць каля дамоў градкі. З тым, што закон не быў парушаны, яна згодна, але ж справа ў іншым. «Людзі не супраць выкупіць зямлю, але замест таго, каб ім гэта прапанаваць, мясцовыя ўлады высеклі пладовыя дрэвы і ягадныя кусты, — папракала яна. — Трэба паважаць старых людзей, тым больш што сярод іх ёсць і такія, хто ўсё жыццё добрасумленна працаваў на карысць сельскай гаспадаркі».

Заяўнік з Асіповіцкага раёна быў занепакоены тым, што 3 месяцы таму здаў карову на Бабруйскі мясакамбінат, а грошы ўсё яшчэ не можа атрымаць. Валерый Малашка падкрэсліў, што такіх фактаў сёння быць не павінна, і неабходна прыняць неадкладныя меры.

Тры чалавекі прасілі дапамогу ў працаўладкаванні. Не атрымліваецца самастойна вырашыць гэтае пытанне былому індывідуальнаму прадпрымальніку з Магілёва і бабруйчаніну, у якога сур'ёзнае захворванне.
80-гадовая бабуля з Горак са слязамі хадайнічала за свайго ўнука. Калісьці мужчына скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пэўны час працаваў па спецыяльнасці, а потым паехаў на заробкі ў Маскву. Цяпер хоча працаўладкавацца ў Горках, але нічога падыходзячага для яго няма.

А вось Аляксандр Васільевіч з Магілёва патэлефанаваў, каб аддзячыць за дапамогу з пошукам працы. Паведаміў, што ў Цэнтры занятасці працуюць сапраўды чулыя людзі.

Маладая маці з Магілёва паскардзілася на адсутнасць пешаходнага перахода і прыпынку для грамадскага транспарту па вуліцы Якубоўскага. Спецыяльная пляцоўка для аўтобусаў прадугледжана, але такое ўражанне, што пра гэтую транспартную «кішэнь» ужо забылі. Жанчына неаднойчы звярталася па гэтым пытанні, і адказы, што пакуль няма грошай на святлафор, яе не задавальняюць. «Бо гэта толькі абяцанні», — патлумачыла яна сваю пазіцыю.

А шматдзетны бацька, які жыве ў Магілёве па вуліцы Габраўскай, паведаміў, што ў іх доме стаяць індывідуальныя лічыльнікі на ацяпленне, але магчымасцю сэканоміць не ўдаецца скарыстацца, бо прыборы не працуюць... Яму нагадалі, што арганізацыя, якая абслугоўвае гэтыя прыборы, знаходзіцца ў Мінску, і для таго, каб яна зрабіла паверку і ўзяла на ўлік гэтыя прыборы, трэба будзе заплаціць. А потым яшчэ штомесяц уносіць аплату за карыстанне. Калі жыхары згодны на такія ўмовы, праблему можна будзе вырашыць.

Прагучалі таксама просьбы знесці аварыйнае дрэва ў вёсцы Чавускага раёна, растлумачыць умовы атрымання арэнднага жылля, добраўпарадкаваць прыпынак для грамадскага транспарту каля магілёўскай школы для дзяцей, хворых на скаліёз. Не абышлося без прапановы ўдасканаліць якасць абслугоўвання людзей у Год культуры. Неабыякавы жыхар Магілёва прасіў узяць на заметку, што санвузлы некаторых культурных устаноў вобласці могуць сапсаваць уражанне нават ад суперузорнага канцэрта.

Усе пытанні ўзяты на ўлік і пачалі вырашацца ўжо ў суботу. Кожнаму з заяўнікаў паведамяць пра вынікі зробленага.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Праца, заробкі і плата за камуналку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».