Вы тут

Права на другі шанц


Усе людзі розныя. Немагчыма вынайсці адзіны рэцэпт шчасця. Нельга выпрацаваць аднолькавы падыход да ўсіх. Цяжка прадказаць рэакцыю. Што аднаму добра, тое другому кепска. Асабліва выразна бачу гэта на прыкладзе валанцёрскай дзейнасці ў «Клубе 5000», што дапамагае анкахворым дзецям і іх сем'ям.


Бацькі з Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі чытаюць маю калонку. Адна маці кажа: «Што ты пішаш?! Твой боль?! Што можа перажыць валанцёр у параўнанні з нашым, мацярынскім, горам?» А іншая ў асабліва складаны час для свайго дзіцяці напіша мне: «У тваіх тэкстах столькі ўнутранага болю і адзіноты, мне заўсёды пасля іх хочацца пагаварыць з табой». І абедзве маюць рацыю. Кожная — у меру свайго ўспрымання. Бо ўсе людзі розныя.

Адна маці плача ў тэлефонную трубку, дыктуючы валанцёру патрэбы шматлікага сямейства. Бо сорамна, цяжка прасіць, а тут з малодшым у бальніцу паклалі, пяцёра астатніх да школы не гатовыя. Саромеецца, гаротная — даводзіцца літаральна выцягваць з яе дзіцячыя памеры. Старэйшых, кажа, улетку на падпрацоўку ў калгас адправіла — самі сабе заробяць, іх не запісвайце.

А пра іншую маці прыходзяць такія звесткі: як возіць дачку ў замежную клініку, кідае яе там, а сама па крамах — што бачыць, усё змятае сумкамі. Часу не марнуе — шукае напарніка для фіктыўнага шлюбу, каб застацца ў Еўропе. Хваліцца, што дома мае некалькі машын, кватэр, добры бізнес. А мы ім грошы на лячэнне збіраем.

Мы ўжо сутыкаліся з нядобрасумленнымі бацькамі. Але зноў разгубіліся: што ж рабіць. Паклёп ці карыстанне дабрынёй? Дзе праўду знайсці, як звесткі праверыць? Згадалі адну такую Пятухову, што збірала на аперацыю сыну, а патраціла ў выніку на ўласную карысць. Калегі кажуць, другая пятухова завялася — трэба правучыць яе.

А як правучыць? Не збіраць грошы на замежныя паездкі, не пісаць інфармацыю пра патрэбы? Дык не яна ж пакутаваць будзе — дзіця. Як палічыць яе машыны, кватэры, як праверыць наяўнасць бізнесу і забугорныя пакупкі? Дакументы сабраныя, прадстаўленыя: па іх яна шматдзетная маці без працы. Разлік за паездкі — таксама ў парадку. Дзіця лечыцца.

Усе людзі розныя. І калі нехта паводзіць сябе па-свінску, не адказвай яму тым жа. Мы можам не падтрымліваць хлопчыка ў замежным лячэнні і пры гэтым пакараць яго маці. Але, не маючы канкрэтных фактаў, толькі чуткі, можам памыліцца. Пакінуць дапамогу і даць нажыцца нядобрасумленнай жанчыне таксама будзе памылкай. І з дзвюх памылак я выберу найменшую — другую. Прызнацца, «адматаўшы» назад гісторыю з Пятуховай, я і там нічога не змяніла б — з усіх сіл дапамагала б хлопчыку, маці якога потым набудзе дарагую машыну. Мы не маглі ведаць загадзя, але зрабілі для яго ўсё, што змаглі. Браць на сябе адказнасць за пятуховых немагчыма і загадваць на будучыню таксама. Яна бачыла, што сын згасае і, хутчэй за ўсё, яму не дапамаглі б нават замежныя дактары. Таму, відаць, і прыняла такое рашэнне. Яго апошні шанц (так, адзін з тысячы, але шанц) яна прамяняла на машыну.

Усе людзі розныя. А я веру ў другі шанц — на выпраўленне. І даю яго людзям. Можа, «пераматаўшы» сваю гісторыю назад, наступным разам нават Пятухова зрабіла б інакш.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.