Вы тут

Стала дрэнна? Дапаможа асабістая «трывожная кнопка»


У Беларусі з'явілася новая паслуга для пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі — першая персанальная медыцынская сігналізацыя «Лінія жыцця». Яна ўяўляе сабой асабістую «трывожную кнопку» SОS с падключэннем да кругласутачнага цэнтра дапамогі.


У ініцыятара праекта «Лінія жыцця», сацыяльнага прадпрымальніка, кіраўніка ТАА «Валеандр груп» Андрэя БАБАЕДА, медыка па адукацыі, тры гады таму родная бабуля пайшла даіць карову, і ў хляве з ёй здарыўся сардэчны прыступ. «Яна ўпала і праляжала дзве гадзіны ў гноі пры тэмпературы недзе 5 градусаў, — распавядае Андрэй Бабаед. — Выратаваў яе мой дзядзька, які ішоў на агарод і пачуў крыкі. Калі б не было побач гэтага агарода, то маглі б і не выратаваць. І такіх выпадкаў вельмі шмат. Мама мне расказала гісторыю пра тое, як суседка яе ўзросту, крыху старэйшая за 60 гадоў, упала ў сваёй кватэры на кухні. Яе сталі шукаць толькі на наступныя суткі, калі яна не выйшла на працу. На жаль, знайшлі ўжо нежывой...»

Статыстыка сцвярджае, што большасць выпадкаў падзення пажылых людзей адбываецца дома, асабліва часта — у ванным пакоі і спальні. Пры гэтым каля 80% няшчасных выпадкаў здараецца, калі яны знаходзяцца адны, без сведак. Пажылому чалавеку складана, а часта і проста немагчыма пры гэтым дацягнуцца да тэлефона, а непрытомны чалавек сам сабе дапамагчы не можа. Між тым медыкі добра ведаюць, што ў выпадку інсульту ці інфаркту вельмі важна аказаць медыцынскую дапамогу на працягу першай гадзіны. Калі такая дапамога аказана своечасова, верагоднасць ускладненняў і смерці зніжаецца ў 5 разоў — гэта сусветная статыстыка.

Асабістая «трывожная кнопка» выглядае як кулон памерам з дзіцячы кулачок ці бранзалет, падобны да мужчынскага электроннага гадзінніка, які неабходна заўсёды насіць з сабой. Яна дазваляе выклікаць дапамогу адным націскам на яе. Калі ж чалавек упаў і страціў прытомнасць, альбо пры прыступе інфаркту, інсульту, пераломе шыйкі сцягна, яна аўтаматычна, з дапамогай спецыяльнага датчыка падзення, адправіць сігнал аб тым, што чалавеку патрэбна дапамога. Усе гэтыя сігналы ўмомант паступаюць у кругласутачны цэнтр дапамогі, дзе на лініі дзяжурыць аператар — медыцынскі работнік.

Калі чалавек у стане растлумачыць, што з ім здарылася, аператар у залежнасці ад сітуацыі накіроўвае да яго хуткую дапамогу, міліцыю, пажарную службу, сацыяльнага работніка або ўчастковага доктара.

— Пры гэтым аператар таксама аператыўна звяжацца з суседзямі, сваякамі або сацработнікамі — у каго ёсць ключы ад кватэры, — распавядае кіраўнік праекта. — Таму што, калі кватэра замкнутая знутры, медыкі «хуткай дапамогі» ламаць дзверы не будуць, работнікі міліцыі — таксама, пакуль не прыедуць блізкія сваякі або сацслужбы. А гэта ўсё займае час, які ў такой сітуацыі — на вагу золата...

Менавіта таму, што з уладальнікам «трывожнай кнопкі» або яго сваякамі папярэдне заключаецца дагавор на абслугоўванне, у базе даных аператар сам знойдзе і адрас, і кантакты родных ці суседзяў, і іншыя звесткі, названыя па жаданні, і за лічаныя секунды накіруе адпаведны выклік. Таксама сістэмай прадугледжана, як дзейнічаць, калі кнопку чалавек націснуў, але паведаміць што-небудзь не ў стане.

— Мы абслугоўваем усю тэрыторыю Беларусі. У асноўным да нас звяртаюцца дзеці пажылых людзей, часцей за ўсё дочкі, якія хочуць панізіць трывогу, неспакой за сваіх бацькоў. Каб не тэлефанаваць па 4-5 разоў на дзень: «Мама, як ты там?» — кажа Андрэй Бабаед. — У Еўропе і ЗША такія прылады з'явіліся ўжо 40 гадоў таму і на сённяшні дзень вельмі распаўсюджаныя. Там лічаць кожную капейку і разумеюць, што пратэрмінаваны інсульт ці інфаркт выліваецца ў значныя сумы грошай.

У будучыні плануецца пашырэнне пакета паслуг «Лініі жыцця». На думку ініцыятараў, стануць магчымымі атрыманне кансультацый псіхолага, юрыста, выклік сацыяльнага таксі. «Калі ўдасца ўзгадніць з падатковай службай правядзенне «трывожных кнопак» па дакументах як інструментаў па рэабілітацыі і прафілактыцы інваліднасці, то мы не будзем аплачваць падатак на дабаўленую вартасць, і для людзей кошт гэтай паслугі адпаведна стане таннейшым на 20%», — гаворыць Андрэй Бабаед.

Праект «Лінія жыцця» з'яўляецца тэмай магістарскай дысертацыі Андрэя Бабаеда і рэалізуецца па ініцыятыве і пры рэсурснай падтрымцы інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Мама, як ты там?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.