Вы тут

Нясвіжскі прадпрымальнік плануе адрадзіць гісторыю праз гасцініцу


Нясвіж адметны не толькі багатай гісторыяй, але і немагчымасцю аператыўна знайсці месца для пражывання. Пры тым, што амаль кожны трэці мясцовы жыхар здае жыллё для турыстаў на суткі. Запатрабавана ўсё: ад дзяржаўнай гасцініцы і замкавых пакояў да аграсядзіб і звычайных вясковых хат. Але сёлета на месцы былога ваенкамата ў горадзе з'явіцца яшчэ адзін гатэль, які мусіць стаць не проста месцам для пражывання, а сапраўдным культурным цэнтрам з экскурсійнымі маршрутамі, музычнымі вечарынамі і гістарычнымі атракцыёнамі для замежных турыстаў.


Дзміт­рый МІ­РОН і Ві­та­ль КАР­ПА­НАЎ  у пад­валь­ным VIP-па­коі-схо­ван­цы.

Ініцыятарам пераўтварэння будынка, створанага ў першай палове мінулага стагоддзя, у сучасны шматфункцыянальны комплекс стаў прадпрымальнік Дзмітрый МІРОН. У раёне ён вядомы як кіраўнік прыватнага прадпрыемства, якое займаецца вырабам і пастаўкамі карысных дабавак у кармы для жывёл. Мясцовыя характарызуюць яго як энтузіяста, няўрымслівага, шчырага і прагнага да працы. Дарэчы, менавіта з прыбытку ад работы завода і ўзяліся грошы на рэканструкцыю будынка ваенкамата.

Хоць аб'ект і заяўлены як рэканструкцыя, насамрэч гэта, хутчэй, перабудова з намаганнямі пакінуць некранутым як мага больш з мінулага.

— Мы хацелі захаваць адметнасці архітэктуры 30-х гадоў, уласцівыя гэтай частцы Беларусі, але стан будынка быў вельмі кепскі, аднавіць яго проста фізічна было немагчыма, — адзначае Дзмітрый Мірон. — 1,5 месяца мы толькі разбіралі сцены, амаль уручную, па адной цаглінцы, бо існавала пагроза, што будынак «ляжа» на хату, што стаяла амаль упрытык да ваенкамата. Цэгла ўжо настолькі папсавалася, што была непрыдатнай для другаснага карыстання. Тым не менш што маглі, мы пакінулі некранутым, хоць гэта і даражэй, чым калі б мы проста зруйнавалі будынак і ўзвялі зусім новы аб'ект.

Сцены гасцініцы «Беласток» узводзілі на падвальным падмурку, якога на старым месцы засталося каля 30%. Астатнюю частку пашырылі ў памерах і перанеслі далей ад суседскага жылля. Некранутым засталося таксама адно з памяшканняў падвала — тут будзе VІP-пакой з антуражам сакрэтнага месца-схованкі кантрабандыстаў 30-х гадоў. Гістарычныя цагляныя сцены пакрыюць толькі празрыстым лакам, застанецца плеценая праводка, у цэнтры размесціцца стол з зялёным абрусам. Аднавілі ў будучай гасцініцы і ляпніну — крыжыкі і квадрацікі, — што была пад казырком будынка ваенкамата.

— Усе мае супрацоўнікі — гэта «эксклюзіў», аднак ёсць два асаблівыя чалавекі, якія вечна ўсім незадаволеныя. Яны, пакуль не будзе бездакорна, не адступяцца, — смяецца дырэктар. — Я часам здзіўляюся іх цярпенню і карпатлівасці. Валера над гэтай ляпнінай сядзеў пад страхой некалькі тыдняў і па чатыры крыжыкі на дзень рабіў. Затое цяпер усё выглядае дакладна, як і было. Лесвіцы ў гасцініцы таксама асаблівыя — паўкругам. Кожная зроблена ўручную.

Ад­рэ­стаў­ры­ра­ва­ны і ста­ра­жыт­ны вы­гляд фа­са­да ва­ен­ка­ма­ту.

Басанож па траве за суседскімі вішнямі

Нясвіжскі прадпрымальнік упэўнены, што рэгіёны трэба развіваць і выводзіць на новы ўзровень, таму адноўлены будынак стане шматфункцыянальным культурна-гасцінічным комплексам, арыентаваным на шырокую публіку.

— Нам ёсць што паказаць іншаземцам у Беларусі, аднак пры гэтым не павінна быць сорамна за тое, куды селім гасцей, — лічыць Дзмітрый Мірон.

Гаспадар гатэля адзначае, што арганізуе ўсё на ўзроўні не менш за чатыры «зоркі». Абслуговы персанал кухні і рэсэпшэна — усе як адзін валодаюць англійскай мовай.

У гасцініцы абяцаюць наяўнасць адэкватных цэн і адсутнасць фэйс-кантролю. Тым не менш ахова будзе сачыць, каб у рэстаран не трапіла публіка ў шортах ці спартыўных штанах.

Каб госці маглі дакрануцца да розных духоўных каштоўнасцяў, у памяшканні гасцініцы побач з рэстаранам і клубнай зонай «прапішацца» прадзюсарскі цэнтр пад кіраўніцтвам саліста групы «Дразды» Віталя КАРПАНАВА, які адначасова з'яўляецца саўладальнікам гатэля.

— З дапамогай нашага цэнтра мы будзем узнаўляць культурную гісторыю Нясвіжа і яго традыцыі. Арганізоўваць конкурсы маладых выканаўцаў, каб таленты не канцэнтраваліся толькі ў Мінску, не ехалі ў Піцер, — падзяліўся планамі спявак. — У нас музыкі знойдуць якасную стартавую пляцоўку. Напрыклад, акустыку робіць прафесійны гукарэжысёр, які потым і будзе тут працаваць.

У бу­дын­ку, які рэ­стаў­ру­ец­ца, ця­пер ідуць унут­ра­ныя ра­бо­ты.

Раз на тыдзень у гасцініцы будзе выступаць з праграмай аматарскі мясцовы тэатр, плануецца праводзіць і іншыя тэматычныя вечарыны. А ў кожным нумары размесцяць партрэты айчынных культурных дзеячаў. Апроч Якуба Коласа і Янкі Купалы, Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншых.

Шмат момантаў абслугоўвання Дзмітрый пераняў са сваіх вандровак па Еўропе і збіраецца рэалізаваць іх у трохпавярховым будынку гасцініцы, дзе размесціцца 21 нумар. Тут будуць не толькі звычайныя пакоі, але і два двухпавярховыя VІP, асобныя выхады з якіх павядуць у камерны тэнісны зал. На першым паверсе размесціцца нумар, зручны для пражывання інвалідаў, — да яго можна будзе дабрацца на спецыяльным пад'ёмніку з боку тэрасы.

Сучасны падыход рэалізуюць і ў афармленні падворку гасцініцы. Дзверы адной са сцен (цалкам зашклёнай) будуць весці на тэрасу. Госцю, які пажадае папіць кавы або проста пасядзець на свежым паветры, прапануюць утульны плед.

На, здавалася б, невялічкай тэрыторыі вакол гасцініцы ўладкуюць паркоўку для машын пастаяльцаў і экскурсійных аўтобусаў і нават міні-кафэ на адкрытым паветры. Апошняе — гэта чавернэ, якое выглядае як вялізная печ-шашлычніца або стыльны грыль, дзе пры вас згатуюць пэўныя стравы.

Шмат месца адведзена пад зялёную зону з альтанкамі, да якіх будуць весці дзве дарожкі. Па міні-парку, засаджанаму рабінамі, чырвонымі клёнамі, кустамі бэзу і язміну, з расстаўленымі там-сям лаўкамі, прапануецца гуляць проста па траве. Яе збіраюцца даглядаць так, каб зручна было прайсціся і басанож. Асобнае месца вылучаць і для выгулу чатырохлапых сяброў, засяляцца з якімі ў гасцініцу таксама дазваляецца.

Парт­рэ­ты куль­тур­ных дзея­чаў на сце­ны ну­ма­роў ужо пад­рых­та­ва­ны.  Іх на­пі­сан­не спе­цы­яль­на за­каз­ва­лі мас­та­ку.

Па перыметры тэрыторыя абнесена полікарбанатнай агароджай: яна празрыстая і не прапускае шум. Гэта зручна перш за ўсё для найбліжэйшых суседзяў гасцініцы — жыхароў звычайных аднапавярховых хат. Агароджа не забірае сонечнага святла і затрымлівае гукі. Увесну ўздоўж яе з'явяцца туі.

— Пакуль ладзілі агароджу, убачылі, што суседскія вішні растуць на тэрыторыі гасцініцы. Каб не сячы дрэвы, пакінулі мясцовым кавалак нашай зямлі і адсунулі плот. Затое ўвесну ягады будуць звісаць на абодва бакі і імі змогуць ласавацца і суседзі, і нашы пастаяльцы, — смяецца дырэктар.

Экскурсіі ў мінулае

Дзмітрый Мірон марыць зрабіць Нясвіж і сваю гасцініцу своеасаблівым пунктам адліку, з якога іншаземцы змогуць пачынаць культурныя экскурсіі па заходняй частцы Беларусі.

— Мы зацікаўлены, каб людзі затрымліваліся ў нас надоўга, а не прыязджалі толькі на дзень-два: паглядзець замак — і дахаты. Мы хочам прапанаваць ім насычаную і цікавую праграму, ад якой яны не змогуць адмовіцца, — падзяліўся планамі прадпрымальнік. — Думаю, палякам, напрыклад, спадабаецца своеасаблівы атракцыён-шоу. У холе ўсталюем грашовыя аўтаматы, дзе сучасныя купюры можна будзе абмяняць на сапраўдныя гістарычныя папяровыя і металічныя злотыя, што былі ва ўжытку да 1939 года. Імі можна будзе разлічвацца. Шмат хто з замежнікаў прыязджае ў Беларусь наведаць магілы продкаў і пабываць у мясцінах, дзе яны жылі. Мы гатовыя прапанаваць і такія выезды.

Дзмітрый не выключае магчымасці нават невялікай рэканструкцыі мінулага. Турыстаў, якія будуць рухацца ў бок былой мяжы з Польшчай (у напрамку Стоўбцаў, Рубяжэвічаў), сустрэнуць акцёры ў форме супрацоўнікаў НКУС і Корпуса аховы пагранічча, якія правераць пашпарты.

Нясвіжскі энтузіяст марыць таксама пра стварэнне коннай школы як дадатковага адпачынку для пастаяльцаў і занятку для мясцовых дзяцей, каб яны вучыліся даглядаць жывёл. Такое памкненне — жаданне ажыццявіць сваю дзіцячую мару. У роднай вёсцы Слабодка, што ў Стаўбцоўскім раёне каля самай Налібокскай пушчы, ён разам са стрыечным братам цішком бегаў на стайню. Малыя падабралі ключ, кармілі коней. Каталіся верхам і марылі пра ўласных скакуноў.

Урачыстае адкрыццё гасцініцы летам плануецца прымеркаваць да першага культурнага форуму-фэсту. Такім чынам уладальнікі збіраюцца заявіць, што іх гатэль — гэта месца, дзе можна не толькі пераначаваць і смачна паесці, а і духоўна ўзбагаціцца.

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Фота аўтара і з архіва Дзмітрыя Мірона

Загаловак у газеце: На ўзроўні чатырох «зорак»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.