Вы тут

Усё дзеля інтрыгі


Імкнучыся павысіць цікавасць да «Еўрабачання» і максімальна зменшыць прадказальнасць яго вынікаў, Еўрапейскі вяшчальны саюз унёс істотныя карэктывы ў працэдуру галасавання песеннага шоу. Афіцыйны сайт конкурсу назваў гэты крок «найвялікшымі зменамі з 1975 года».


Цяпер у фінале галасы нацыянальных журы і тэлевізійнай аўдыторыі не будуць камбінавацца ў агульны бал — гэтыя ацэнкі абвесцяць паасобку. Спачатку будуць агучаны вынікі галасавання журы, а потым — гледачоў, прычым у парадку ад найменшага бала (1) да найбольшага (12). Цікавая дэталь: калі ў нейкай краіне тэлевізійнае галасаванне не адбудзецца, замест яго ў залік пойдзе не галасаванне журы гэтай краіны, а сярэдні вынік галасавання ў некалькіх іншых краінах, выбраных арганізатарамі з загадзя падрыхтаваных кошыкаў.

Як мяркуецца, новая схема галасавання дазволіць, з аднаго боку, трымаць інтрыгу практычна да апошніх хвілін, а з другога — прыкладна на паўгадзіны скараціць працягласць трансляцыі. «Усе конкурсы толькі ўзмацняюцца, калі ў іх ёсць непрадказальны, драматычны фініш, — адзначыў шведскі прадзюсар «Еўрабачання» Крыстэр Б'ёркман. — Нам хочацца стварыць сапраўдную магію тэлебачання, якая будзе трымаць гледачоў у напружанні да апошняй хвіліны». Дэталёвыя вынікі галасавання кожнай краіны па традыцыі будуць апублікаваны пасля шоу на сайце eurovіsіon.tv.

Яшчэ адна навіна — шведскі тэлеканал SVT прадставіў дызайн сцэны, на якой у маі пройдзе «Еўрабачанне-2016». Адным з галоўных інавацыйных элементаў на пляцоўцы стане велізарная аб'ёмная LED-сцяна, якая дазволіць артыстам рухацца ўнутры яе і будзе ствараць аптычныя ілюзіі.


Тым часам...

Вызначылася са сваім музычным дэлегатам на конкурс 2016 года Украіна, дзе днямі завяршыўся нацыянальны адбор. Перамагла ў ім спявачка Джамала (Сусана Джамаладзінава), якая дзякуючы глядацкай падтрымцы абышла найбліжэйшага канкурэнта. Артыстка прадставіць у Швецыі песню «1944», прысвечаную прымусовай дэпартацыі крымскіх татар у Сярэднюю Азію.

Зусім хутка раскрые ўсе карты Расія — прэзентацыя конкурснай песні Сяргея Лазарава прызначана на 3 сакавіка, відэа папярэдне чакаецца не раней за 5 сакавіка. Што да канкурсанта ад Беларусі ІVAN'а (Аляксандра Іванова), то ён, выступіўшы ў якасці спецыяльнага госця на ўкраінскім адборы, пакуль што падрыхтоўчай актыўнасці не праяўляе. Прынамсі, як паведамляе афіцыйны сайт артыста, 25 лютага ў яго адбыўся канцэрт у Маскве, а іншых навін больш няма.

Наогул, сваіх прадстаўнікоў назвалі ўжо амаль 30 краін з 43 удзельнікаў «Еўрабачання-2016», астатнія зробяць гэта ў найбліжэйшы час. Да сярэдзіны сакавіка будуць трымаць прыхільнікаў конкурсу ў напружанні толькі Азербайджан, Францыя і краіна — гаспадыня сёлетняга конкурсу — Швецыя.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.