Вы тут

Аматарам каментаваць «сенсацыі» прысвячаецца


Як любілі пісаць нашы папярэднікі ў журналістыцы, — «зачапіла!» Гэта я пра навіну, якую спачатку растыражавалі нашы суседзі, а ўслед за імі падхапілі і айчынныя інтэрнэт-рэсурсы (прычым, здаецца, не без задавальнення). «Найгоршым горадам Еўропы аказаўся Мінск...» «Мінск прызналі найгоршым горадам Еўропы для жыцця...» — не асабліва цікавячыся падрабязнасцямі, яны перадрукавалі гэта паведамленне слова ў слова, у чым пераканалася, забіўшы ў пошукавую сістэму гэтую фразу. «Сенсацыя» ў такім выглядзе мяне, мякка кажучы, не задаволіла, бо трэба ж зразумець, адкуль у яе «ногі растуць».


Аказваецца, рэйтынг, у які патрапіла наша сталіца, штогод складае брытанская кансалтынгавая кампанія Mercer (са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку). Па якасці жыцця яны паставілі Мінск на 190 месца сярод 440 гарадоў свету, аб чым і паспяшаліся паведаміць у сваім прэс-рэлізе. Згодна з метадалогіяй, апублікаванай на афіцыйным рэсурсе кампаніі, паняцце «якасць жыцця» яны вызначаюць аж па 39 фактарах, якія дзеляцца на 10 катэгорый. Сярод іх — бяспека, даступнасць медыцыны і адукацыі, развіццё транспарту і інфраструктуры для адпачынку, наяўнасць і даступнасць спажывецкіх тавараў, банкаўскіх паслуг... Чым далей чытаеш, тым больш здзіўляешся. Нават не крыўдзішся, бо разумееш, што ацэнку па названых крытэрыях у дачыненні да нашага горада шаноўныя спецыялісты паважанай кампаніі рабілі яўна на адлегласці ў некалькі тысяч кіламетраў, спасылаючыся на паведамленні «добразычліўцаў».

Увогуле, той прэс-рэліз даволі скупы на інфармацыю — у ім толькі лідары і аўтсайдары. Напрыклад, там няма Берліна. Вельмі цікава было б дакладна ведаць нумар пазіцыі гэтага горада. Хоць і так зразумела, што сталіцу Германіі «ў хвост» не паставяць...

Зрэшты, мы не пра палітыку, а пра якасць жыцця і яго складнікі. У Берліне я апошнія гады бываю даволі часта і не па адным дні. Прычым не як уражлівы турыст — жыву ў сяброў у раёне горада, адкуль Брандэнбургскіх варот не відаць. І калі першае захапленне «Гэта ж я ў Еўропе!» (і адкуль толькі яно ў нас бярэцца?) знікае і ўключаюцца мазгі, пачынаеш заўважаць побытавыя рэчы, для жыхара «найгоршага горада Еўропы» нязвыклыя і незразумелыя.

На маіх вачах, напрыклад, чалавек ледзь не згарэў ад запалення лёгкіх. 40-гадовы мужчына, які палову сваёй зарплаты аддае на медыцынскую страхоўку, з тэмпературай 39 пайшоў да ўрача. Тая паслухала, выпісала нейкі гамеапатычны прэпарат, параіла папіць... біяёгурту. Ад такога лячэння хвораму лепш не стала, не ратаваў ужо і прывезены з Мінска парацэтамол (там без рэцэпта не купіш нават аспірын), і ён, ужо задыхаючыся, зноў пасунуўся да таго ж доктара. Яго адправілі на рэнтген у суседні квартал, «самаходам» — хворы сам выклікаў таксі. Толькі калі рэнтген паказаў двухбаковае запушчанае запаленне, яму выпісалі антыбіётыкі і адправілі дадому. Як вы ўжо зразумелі, таксі ён зноў выклікаў сам. Праваляўся дома месяц — «не было падстаў для шпіталізацыі». Дзякуй Богу, моцны яшчэ арганізм з хваробай справіўся.

Шасцігадовую дзяўчынку бацькі захацелі аддаць у школу з французскай мовай навучання. Малая паспяхова здала ўсе тэсты. Але колькасць месцаў у класе строга абмежаваная, ахвотных было больш. Машу не прынялі, а дзяўчынку, якая паказала тыя ж вынікі, узялі. Бо маці ў яе францужанка, а ў Машы — беларуска... Праўда, дзяўчынка сёння вучыцца ў той школе, але гэта каштавала дзве тысячы еўра — столькі яе бацька заплаціў адвакату, які дапамог уладзіць справу.

Я ведаю, што на адной са станцый восьмай лініі метро, асабліва ўвечары, лепш не выходзіць, бо там збіраюцца мясцовыя наркаманы, аб чым сведчаць размаляваныя сцены і выкарыстаныя шпрыцы на падлозе. А ў пераходзе з надземнай часткі метро на тую самую восьмую лінію падземкі ўжо каторы год жыве бяздомны са сваімі двума вялізнымі сабакамі. У метро няма турнікетаў, няма персаналу і паліцыі, стаяць толькі аўтаматы для продажу білетаў. Таму сказаць пра тое, што ў ім бяспечна, сёння, напэўна, не асмеляцца нават самыя патрыятычна настроеныя жыхары нямецкай сталіцы,

Яшчэ можна згадаць непрыбраныя вуліцы, на якіх звычайная з'ява не толькі смецце, але і выкінутая з дамоў старая мэбля. Няма каму прыбіраць, і гэта прытым, што ў кожным скверы, у кожнай кавярні — беспрацоўныя лайдакі (у большасці мігранты), якія нядрэнна сябе пачуваюць, жывучы на дапамогу, што атрымліваюць ад дзяржавы. «У нас дэмакратыя, гэта іх выбар — быць беспрацоўнымі», — тлумачылі мне месцічы, калі задала пытанне, чаму б гэтым маладым ды зраровым не даць у рукі венік ці граблі... Я ўжо не кажу пра цэлыя зграі беспародных сабак, якія тыя ж беспрацоўныя выгульваюць па вуліцах. (За кожную жывёліну належыць яшчэ пэўная даплата да дапамогі.) І ніводнага з іх я не бачыла з шуфлікам і пакецікам, затое кожны раз на парозе дома даводзіцца хвілін пяць адчышчаць падэшвы...

Цікава, на якім усё-ткі месцы ў тым рэйтынгу Берлін?..

Зрэшты, я не пра палітыку. (Хоць тут можна сказаць, што той рэйтынг і наша месца ў ім — «даважак» да санкцый, якія перасталі быць актуальнымі для Еўрасаюза ўсяго некалькі тыдняў таму.) А цяпер нават і не пра якасць жыцця. Ва ўсёй гэтай гісторыі найбольш зачапілі не вынікі таго даследавання, а рэакцыя на іх у інтэрнэт-каментарыях. Прычым суседзі нашы ў большасці сваёй сталі на абарону Мінска, а нашы суайчыннікі... узрадаваліся. Захоплена абмяркоўваючы «сенсацыю» на старонках асобных «патрыятычных» рэсурсаў», яны нібы спаборнічаюць у дасціпнасці — хто больш бруду вылье, хто больш апаганіць. А тыя, хто спрабуе запярэчыць, нібы саромеюцца ці баяцца чагосьці, і каментарыі іх пачынаюцца прыкладна так: «І праўда, Мінск не найлепшы горад, але ж...»

Задаволена пляскаць у ладкі або вінавата апраўдвацца кожны раз, калі бэсцяць і паліваюць брудам калі не цябе асабіста, дык тваю радзіму, у нашай інтэрнэт-суполцы стала ледзь не модным. Калі ўлічыць, што сеціва — самая даступная крыніца інфармацыі для тых жа кампаній, што праводзяць рознага кшталту даследаванні, чаму тады здзіўляцца? Як мыслім, тое і маем.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пахаваем сябе за плінтусам?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.