28 верасня, панядзелак

Вы тут

Хто ў доме гаспадар?


Дазвольце мужчынам быць мужчынамі...


Вы заўважылі?.. Ініцыятыўных (у сэнсе ўзаемаадносін) мужчын у нас становіцца ўсё менш, ініцыятыўных жанчын — усё больш. Што тут прычына, а што вынік, ужо немагчыма вызначыць. Аднак рэальнасць такая, што неўзабаве жанчыны канчаткова перахопяць ініцыятыву ў свае рукі і пачнуць дыктаваць мужчынам правілы гульні. Прадстаўніцы слабага полу і так наступаюць па ўсіх «франтах». Самаўпэўненыя, энергічныя, сексуальныя... Яны спадзяюцца сустрэць дастойны адпор, адэкватнае супраціўленне, урэшце, пачуць даўно забытую фразу, на якой некалі трымаўся ўвесь інстытут шлюбу: «Хто ў доме гаспадар?!» Але... не адчуваюць адпору, не бачаць жадання супраціўляцца... Мужчыны сталі пакорнымі і падатлівымі і без пярэчанняў прымаюць форму кожнай чарговай «пасудзіны», з якой зводзіць іх лёс.

Адной маёй знаёмай моцна пашанцавала. Яшчэ на трэцім курсе медуніверсітэта яна выскачыла замуж за хлопчыка з паралельнага патоку, які яшчэ займаўся бегам і плаваннем, кідаў ці то кап'ё, ці то ядро, а ў дадатак і добра вучыцца паспяваў... Ажаніўшыся, ён стаў узорным сем'янінам, ну проста з вялікай літары «С». Атрымаў другую вышэйшую адукацыю, за лічаныя гады адолеў некалькі кар'ерных прыступак, пабудаваў кватэру... Марына нарадзіла яму дваіх дзяцей, з якімі ён няньчыўся нароўні з ёю, а можа і больш.

Яго ўвага засяродзілася на двух «момантах» — доме і працы, прычым першаму ён надаваў ніколькі не менш увагі, нават праз дваццаць гадоў сумеснага жыцця. За гэты час не было ніводнага выпадку, каб бацька сям'і затрымаўся дзе-небудзь не па справе. Піва з сябрамі? Крый Божа!.. Выезд на карпаратыў без жонкі? Нават не прапаноўвайце! За ўсе гады жыцця — ніводнай нагоды для рэўнасці, ніякіх пабочных імёнаў у запісных кніжках, ніякіх «левых» званкоў на мабільным...

Словам, не мужчына, а казка. І я не стала б так падрабязна засяроджваць на ім увагу, калі б не выпадак... Сустрэла неяк сваю суседку па пад'ездзе Свету, якая таксама ведае Марыну. Слова за слова — і раптам яна пытаецца:

— Ну як там наша Марынка? Яшчэ не кінула свайго «выдатніка»? Я ўжо на другі дзень пасля вяселля застрэлілася б, калі б за такога выйшла! Зануда. Не тое што мой Славік — ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць! Расказаць, як ён аднойчы хадзіў дыванок выбіваць? Раніцай у суботу з кватэры выйшаў, а вечарам у нядзелю вярнуўся. Я якраз катлеты смажыла, патэльню ў руцэ трымала. І гэтай патэльняй яму па лысіне — трах! — расказвае яна, а ў голасе — такое замілаванне, такая радасць непрыхаваная!.. Света і цяпер чакае мужа. Бо аднойчы ён выйшаў са сваім дыванком — у трэніках і пакаёвых тапачках — і дадому больш не вярнуўся. Не, нічога дрэннага з ім не здарылася — калі, безумоўна, не лічыць бядой «прызямленне» ў іншай кватэры іншага дома, дзе пражывала іншая жанчына з дваімі дзецьмі. Трэцяе нарадзілася ў яе праз год — ужо ад Славіка. Але гэта акалічнасць Свету чамусьці не бянтэжыць. Яна верыць і спадзяецца, і спачувае Марыне, бо ў той не было ў сямейным жыцці ні экстрыму, ні драйву — нічога добрага, карацей.

...Натхнёная гэтай сустрэчай, я вырашыла правесці невялікае апытанне сярод знаёмых жанчын. Папрасіла назваць асноўныя якасці, якія, на іх думку, вылучаюць нашых мужчын з сусветнай, так бы мовіць, супольнасці... Ведаеце, што фігурыравала ў адказах часцей за ўсё? «Абыякавасць», «пафігізм», «празмерная памяркоўнасць». Так-так, аказваецца, тая самая памяркоўнасць, якая заўсёды ўзводзілася ў ступень ледзь ці не нацыянальнага здабытку, у «сцэнах сямейнага жыцця» адыгрывае далёка не станоўчую ролю...

Ёсць у мяне адзін нежанаты прыяцель — яму трыццаць з «хвастом», разумны, сімпатычны, адукаваны. Калі не працуе, то ляжыць пад сваёй машынай, даводзячы да дасканаласці нейкія нябачныя механізмы і паліруючы да бляску ўсё, што можа адпаліраваць. Калі не ляжыць пад машынай, то сядзіць за камп'ютарам, перапісваючыся з цэлым натоўпам жанчын, кожная з якіх прэтэндуе на сваю эксклюзіўнасць у яго жыцці. А ён толькі паспявае ленавата адмахвацца ад прапаноў накшталт: «Давай сустрэнемся, прыгажунчык!», «Прыязджай у госці, столік ужо накрыты!», «Ну, дзе ты там? Чаму не тэлефануеш? Кісуля суму-у-е!..» і г.д.

Ён даўно ўжо не абцяжарвае сябе нейкімі лішнімі рухамі — проста перыядычна робіць ласку сёй-той з «прэтэндэнтак», пагадзіўшыся на сустрэчу. Пры гэтым ніякай ініцыятывы не праяўляе. «А навошта? — паціскае плячыма. — Самі прыйдуць і ўсё дадуць».

Рана ці позна ён хутчэй за ўсё ажэніцца. Напэўна, з самай актыўнай са сваіх сябровак. І па-ранейшаму будзе ляжаць пад машынай ці «вісець» на якім-небудзь сайце знаёмстваў (таму што, каб змяніць звыклы лад жыцця, таксама патрэбна рашучасць). А яна... Спачатку яна будзе радавацца, што перамагла ў гэтай барацьбе за мужчыну, адваявала тое, што хацела. А потым пачне кусаць сябе за локці і скардзіцца сяброўкам, што сямейнае жыццё не ўдалося, бо ў ім не хапае чагосьці такога... такога... Ну, як у герояў амерыканскага фільма «Містар і місіс Сміт». Добрага драйву, карацей... І рэч нават не ў тым, што мужчына, які спіць у яе ложку, далёка не Брэд Піт. Ён паслухмяна і з зайздросным пастаянствам ходзіць выбіваць дыванок і гэтак жа рэгулярна вяртаецца дадому. Ён прадказальны, як прагноз надвор'я ў паўднёвых шыротах. І даўно не купляе сам сабе адзенне і абутак, бо жонка лепш ведае, які фасон і колер яму пасуюць.

...А ёй хочацца змены падзей і фарбаў. Лёгкага вар'яцтва... Маленькіх нечаканасцяў... Яна, зразумела, таксама не «місіс Сміт», але ад шэрасці стамляецца не менш. Тут ужо і да размахвання патэльняй недалёка. Сапраўды, чым не спосаб для падняцца жыццёвага тонусу, калі іншага не дадзена?

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.