Вы тут

Як карэспандэнт "Звязды" жаніха на сайце знаёмстваў шукала


На днях бацькі святкавалі сярэбранае вяселле. Віншаванні, падарункі, традыцыйнае «горка» і, зразумела, конкурс на лепшы аповед «як «маладыя» пазнаёміліся». Пераможцаў не было: усе ў адзін голас расказвалі пра адну вёску, школу і нават вуліцу. Маўляў, інакш і скласціся не магло. Гэта лёс. Пра тое, што нарачонага можна знайсці недзе за акіянам, мяне нават і слухаць не хацелі. «Ваш інтэрнэт — гэта не сур'ёзна. Не шукай ты там, Каця, сабе жаніха. Нармальныя хлопцы з дзяўчатамі на вуліцы ці ў кавярні знаёмяцца!» Спрачацца з бабуляй я не стала: бессэнсоўна. Але праверыць, ці можна знайсці на сайтах знаёмстваў таго самага, на ўсё жыццё, усё ж вырашыла паспрабаваць.


Першае, з чаго трэба пачаць...

Гэта рэгістрацыя. Па спасылках у інтэрнэце выбрала найбольш вядомы ў гэтай сферы сайт. Пачуць ад знаёмых штосьці кшталту «Я таксама тут сяджу!» мне не ўдалося, хоць і ведаю, што анкета адной з сябровак там дакладна ёсць. (Чамусьці людзі лічаць, што гэта сорамна...)

Першае, на што звярнула ўвагу, — імёны. Тут можна сустрэць і Русалку, і Супермэна, і Вернага рыцара, і проста Ганну ды Міхаіла. Я ж пазначыла сваё сапраўднае імя, разлічваючы на тое, што гэта надасць маёй анкеце сур'ёзнасці.

Для анкеты выбрала найлепшыя фотаздымкі. Тут важна ўсё: ваша ступень раскаванасці і сціпласці, фон (дыван за спінай дакладна лішні), шчырая ўсмешка і пранізлівы позірк!

Трэба ведаць, што перад тым, як вашы фотаздымкі змогуць убачыць іншыя карыстальнікі сайта, іх на сапраўднасць праверыць мадэратар. Таму выяву Анджаліны Джалі або мілавіднай рыбкі вас адразу папросяць замяніць. Не вітаюцца таксама фотаздымкі а-ля «11 «А» клас на лінейцы» або «я і мая сям'я». Знаёміць (калі пашчасціць) свайго выбранніка са сваімі роднымі будзеце пазней, а зараз уся ўвага павінна быць накіравана на вас.

«Што вы тут робіце?»

Над графою «Мая знешнасць», дзе трэба ўказаць рост, вагу, параметры фігуры, колер вачэй і валасоў, я сядзела доўга. Як раяць пастаянныя карыстальнікі падобных сайтаў, тут лепей пісаць праўду. Некалькі лішніх кілаграмаў, не ідэальная скура? Супакойцеся, усе мы людзі. Да таго ж, па той бок манітора таксама не прынцы сядзяць.

Не, тут нельга пісаць, як вы добра гатуеце або да скрыпу вымываеце посуд. Раскажыце лепей, ці ёсць у вас уласнае жыллё, аўтамабіль, дзеці. Колькі вы зарабляеце і якія мовы ведаеце — гэта нашмат цікавей, чым вашы самыя станоўчыя рысы характару.

Далей у вас запытаюць, «што вы тут робіце»? У сэнсе, ваша мэта — стварэнне сям'і, рамантычныя адносіны, сяброўства і перапіска або секс. Якую галачку лепей паставіць, каб не адштурхнуць або наадварот — не паказацца легкадумнай? Адказу на гэтае пытанне я не знайшла: на кожнага рыбака — свая рыбка. Мой статус: «Шукаю хлопца для рамантычных адносінаў».

«Я куплю табе паўсвету...»

«На сайт знаёмстваў вы павінны заходзіць, як на працу». Гэта адно з першых правілаў паспяховага палявання на жаніха. Чым часцей вы абнаўляеце сваю старонку (дадаяце фота), тым больш шанцаў патрапіць наверх спісу.

За першыя паўгадзіны знаходжання на сайце на маю старонку зайшло 86 патэнцыйных нарачоных. Напэўна, гэта поспех. Але што з гэтым усім рабіць? Як сярод амаль сотні разглядзець таго адзінага?

Дарэчы, адначасова на сайце знаходзіцца каля ста тысяч чалавек. Але спачатку вам паказваюць кандыдатуры, зыходзячы з «геаграфіі» (указалі такі ж населены пункт, як і вы). Пачала адказваць на паведамленні.

Самай доўгай аказалася перапіска з Дзімам. Хлопец сам з Беларусі, але цяпер служыць у Французскім замежным легіёне. Як яго занесла на Корсіку, мой субяседнік расказваў доўга. Гэта і стала асноўнай тэмай нашай гутаркі. Мне было цікава. Але потым Дзіма пачаў настойліва прапаноўваць прыехаць да яго: «Я здыму табе тут кватэру, куплю адзенне і буду карміць». Ён кідаўся гучнымі лічбамі свайго заробку і не супакойваўся! На хвіліну закраўся сумнеў: «Няўжо я так дрэнна выглядаю, што мяне хочацца пакарміць і апрануць?» А з іншага боку, многія дзяўчаты шукаюць менавіта такіх забяспечаных жаніхоў (нават указваюць гэта як асноўны «параметр» для кандыдата). А я тут вылузваюся...

Паша — сімпатычны хлопец з блакітнымі вачыма і спартыўным целаскладам. Ну што яшчэ трэба? А трэба Пашы трохі розуму. Я не прыдзіраюся да арфаграфіі і пунктуацыі, але калі складана разабраць, што хацеў сказаць твой субяседнік, адказваць цяжка. Паша адправіўся ў чорны спіс.

Знаёмства з Ільём пачалося з віртуальных падарункаў: кветкі, шакалад, плюшавыя зайцы. Усё, як любяць дзяўчаты. Але іх было вельмі многа! Мы два дні не маглі пачаць размову, бо Ілья ў адказ на маё «Прывітанне, як справы?» зноў і зноў дасылаў мне розныя смайлы. Я стамілася.

А вось Супермэн пракаментаваў кожны мой фотаздымак. Прычым пракаментаваў так, што большасць яго «кампліментаў» прыйшлося выдаліць, бо гучалі яны непрыстойна.

«Свае» сярод чужых

На пытанне «Чым вы займаецеся па жыцці?» я заўсёды думала, што адказаць. Дакладней, выдумляла. Была я і настаўніцай, і бухгалтарам, і нават распешчанай дачкой заможных бацькоў, якой не трэба нідзе працаваць... (Апошні варыянт, дарэчы, многім падабаўся).

Пяць «жаніхоў» расказалі мне пра свае адносіны з дзяўчатамі з сайта. «Усё было добра, але зразумеў, што не маё. Буду сядзець тут да таго часу, пакуль не знайду сваю адзіную». Верыць гэтаму «правілы» забараняюць.

Першае, на што вы павінны звярнуць увагу ў анкеце кавалера, — дата яго рэгістрацыі на сайце. Калі ён ужо шэсць гадоў нявесту выбірае, хутчэй за ўсё будзе выбіраць яшчэ доўга.

Узрост ахвотных знайсці спадарожніцу жыцця — ад 18 да 55. Выбар, як той казаў, ёсць. Звярнуць на сябе ўвагу можна не толькі дзякуючы шыкоўным фота, але і скарыстаўшыся разнастайнымі паслугамі ад сайта. (Напрыклад, падняць анкету наверх спіса з дапамогай sмs-паведамлення за 15 500 беларускіх рублёў, атрымаць VІP-статус — за 72 000. Красавацца як «самы папулярны карыстальнік сайта» будзеце цэлы дзень!)

Ваня, Руслан, Андрэй, Вова, Максім... Ты пішаш столькі паведамленняў у дзень, што пачынаеш блытацца і забываць, з кім размаўляеш! Мяне хапіла на тры дні. Вельмі стамляльным заняткам аказаўся такі пошук жаніха, а таму... Анкету выдаляю. Але дзесьці ў глыбіні душы ўсё ж такі буду верыць удзячным водгукам у адрас сайта — сярод сямі мільёнаў яго актыўнай аўдыторыі людзі часам знаходзяць «сваё».

P.S.

У аўторак напісаў Сяргей. У чацвер — патэлефанаваў. У нядзелю мы ідзём у кіно. Сёння ўвечары пачытаю «інструкцыю да першага спаткання з віртуальным жаніхом». Там шмат пунктаў. Напэўна, ёсць нюансы...

Загаловак у газеце: Шукаю хлопца для рамантычных адносін

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.