Вы тут

Дзе шукаць скарбы Чапскіх, «падарунак» шведаў і мінскія куранты?


У розныя часы ў Мінску кіравалі людзі з абсалютна супрацьлеглымі поглядамі, памкненнямі, разуменнем маралі... Якая сіла, напрыклад, можа аб'яднаць гарадскога галаву Яна Караля фон Гутэн-Чапскага і наркама дзяржбяспекі Лаўрэнція Цанаву? А між тым, такая сіла ёсць, і імя ёй — Гісторыя. Час мінуў, але горад захаваў у сабе рысы сваіх колішніх кіраўнікоў — дзесьці цвёрдакаменныя, а дзесьці — ледзьве ўлоўныя. Разам з экскурсаводам Паўлам Дзюсекавым працягваем вандраваць па сталіцы і раскрываць яе даўнія загадкі.


Так выглядаў палац Яна Караля Чапскага.

«Чараўніца» замест асабняка

Кожны мінчанін ведае гэтае месца на праспекце Незалежнасці: цяпер там размяшчаюцца кінатэатр «Цэнтральны» і ювелірная крама «Чараўніца». Замест гэтага шэрага будынка яшчэ ў пасляваенны час можна было ўбачыць палац самага славутага гарадскога галавы — Яна Караля фон Гутэн-Чапскага. Менавіта яму, які марыў стварыць у Мінску «маленькі Парыж», гараджане абавязаны з'яўленнем брукаваных вуліц, велатрэка, удасканаленнем першай электрастанцыі, паляпшэннем санітарнага стану горада, адкрыццём гімназій, шпіталёў, публічнай бібліятэкі...

«Жыццё — Айчыне, гонар — нікому» — так гучыць дэвіз роду Чапскіх, якія, трэба адзначыць, сваімі ўчынкамі сапраўды адпавядалі гэтым высокім словам. Яшчэ бацька Караля, Эмерык, міністр лясной гаспадаркі, быў шмат чым вядомы. Напрыклад, пабудаваў знакамітую радавую сядзібу ў Станькаве. Знайшоў падчас палявання дваіх медзведзянят, што засталіся без мамы, і загадаў забраць іх на двор, і з аднаго зрабілі дэгустатара, а другога навучылі насіць з ракі ваду каромыслам... А яшчэ Эмерык Чапскі быў вядомым калекцыянерам і за сваё жыццё назбіраў ажно 12 (!) чыгуначных вагонаў экспанатаў — жывапіс, археалогія, нумізматыка... Па сямейным звычаі, як толькі старэйшы сын жаніўся, бацька пакідаў радавое гняздо. Такім чынам Станькава перайшло Каралю, а Эмерык забраў «еўрапейскую» палову сваёй калекцыі і з'ехаў у Кракаў, дзе пабудаваў сабе палацык і жыў у ім да сканчэння дзён. Шэсць вагонаў экспанатаў, датычных гісторыі Вялікага Княства і Усходняй Еўропы, засталіся ў Яна Караля. Тое, што бацька звёз на Захад, цудоўна захавалася. Больш за тое, польская нумізматычная калекцыя заснавана на зборах Эмерыка Чапскага, і сам збор да сёння знаходзіцца ў яго палацы ў цэнтры Кракава. А тое, што засталося сыну на тэрыторыі Беларусі, пасля 1917 года знікла...

Аднак вернемся да мінскага палаца Яна Караля. Ёсць сведчанні, што гэта быў адзін з найпрыгажэйшых будынкаў у горадзе таго часу. Трохпавярховы дом, упрыгожаны ніжнім ярусам аркад з эркерам, які выступаў з асноўнага аб'ёму палаца на ўсю яго вышыню... Зверху размяшчаліся жылыя памяшканні, а першы паверх Чапскі адвёў пад Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, якое ачольваў фундатар касцёла ў гонар святых Сымона і Алены Эдвард Вайніловіч. У таварыства ўваходзілі самыя буйныя землеўладальнікі краю. З 1912 года, ужо пасля заўчаснай смерці графа Чапскага ў 1904-м, у палацы месцілася агульнатаварная біржа.

Пасля Другой сусветнай вайны, калі праектавалася першая чарга новай забудовы тагачаснай вуліцы Савецкай, палац Чапскага быў знесены, хоць ён зусім не замінаў трасіроўцы новага праспекта.

Трафейны 200-гадовы гадзіннік  і цяпер паказвае правільны час.

Па кім звоніць Ірэна?

Недалёка ад кінатэатра «Цэнтральны» стаіць хоць не шляхетны, але, тым не менш, палац — жоўты будынак Камітэта дзяржбяспекі, багата аздоблены порцікам з класіцыстычнымі калонамі. Гэта было першае збудаванне, узведзенае на праспекце пасля вайны, і Краіне Саветаў вельмі важна было паказаць, што СССР не толькі выстаяў і перамог у барацьбе з ворагам, але застаўся такім жа велічным і моцным, пра што мусіла сведчыць адпаведная архітэктура. Нездарма ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе асноўным стылем у дойлідстве стаў так званы «сталінскі ампір», які і цяпер уражвае сваёй грунтоўнасцю, магутнасцю і багатым дэкорам. Гаворачы пра будынак КДБ, Павел Дзюсекаў распавядае, што, апроч наземных, ён мае яшчэ пяць падземных паверхаў. Але правяраць мы не сталі і паверылі экскурсаводу на слова.

У часы, калі будавалі гэты прыгожы палац з калонамі, наркамам дзяржбяспекі ў Беларусі быў Лаўрэнцій Цанава. Менавіта яму і належыць ідэя будаўніцтва вежы з гадзіннікам на доме насупраць «рэзідэнцыі». Шмат баек вядома пра гэтую вежу: і што наркам хацеў глядзець з яе футбол на стадыёне «Дынама», і як, спрачаючыся з архітэктарам Каралём, Цанава прамовіў сакраментальнае «Ты — кароль у архітэктуры, а я — кароль у горадзе». Але дакладна пацвярджаюцца некалькі таямніц гэтай вежы.

— Цанаву як кіраўніку вельмі хацелася мець свае куранты накшталт крамлёўскіх у Маскве. Але іх не было, і тады ён даў загад павесіць на гэтую вежу трафейны гадзіннік, які можна пабачыць і цяпер. Яму 200 гадоў, ён з Кёнігсберга, сучаснага Калінінграда, — расказвае экскурсавод.

Але якія ж куранты без звона? Таму і ён быў усталяваны ў вежы і званіў ажно да той пары, пакуль самога Цанаву не арыштавалі. Пасля гэтага ад звона адлучылі дрот, і ён сціх. Аднак не знік, ён знаходзіцца ў вежы да цяперашняга часу. Звон нават мае імя, на ім так і напісана: «Імя маё Ірэна».

— Гэта не просты звон. Калі ішла савецка-польская вайна, польскія войскі ўвайшлі ў горад і змаглі сфарміраваць тут Мінскі пяхотны полк, — працягвае экскурсавод. — Калі вайна скончылася, ён адышоў за мяжу ў Заходнюю Беларусь і стаяў у Маладзечне. У горадзе была трыумфальная арка (пазней яе знішчылі, бо праз яе... не маглі раз'ехацца два аўтобусы!), а ў арцы — палкавая каплічка. І вось да 10-годдзя палка для гэтай капліцы і быў адліты той самы звон, які пазней апынуўся на вежы па загадзе наркама дзяржбяспекі.

Шведскае ядро амаль не выбіваецца са сцяны гасцініцы.

Шведскі «сувенір»

Напрыканцы нашай вандроўкі ў мінуўшчыну сталіцы Павел Дзюсекаў нечакана запрашае нас завітаць у сэрца старога места — Верхні горад. Здавалася, тут ужо не можа быць ніякіх таямніц для мінчаніна! Мы абыходзім колішні касцёл бернардзінцаў (цяпер архіў) і трапляем у дворык, утвораны гасцініцай «Манастырская» і рэстаранам «Лаўскі». Экскурсавод падводзіць нас да сцяны гасцініцы, унізе якой — дзіўны выступ, падобны на частку няроўнага шара. Аказваецца, гэта ні што іншае, як каменнае сценабітнае ядро, пушчанае са шведскай гарматы яшчэ ў часы Паўночнай вайны, якое засела ў сцяне колішняга кляштара бернардзінцаў. Шведы былі практычнымі ваярамі: калі заваёўвалі які-небудзь замак, але мусілі адступаць, то яго проста ўзрывалі. Такім чынам загінулі, напрыклад, нашы Наваградскі, Лідскі замкі. А Мінску яны пакінулі такі своеасаблівы «падарунак», які, дзякуй Богу, захаваўся да нашых дзён. Таму не палянуйцеся даследаваць закавулкі Верхняга горада: нягледзячы на мадэрнізацыю, там яшчэ засталося шмат цікавага...

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.