18 Верасень, аўторак

Вы тут

Літаратурныя часопісы ў лютым разам адзначаюць юбілей Івана Мележа


Літаратурныя часопісы ў лютым разам адзначаюць юбілей Івана Мележа. Тут вам і ўнікальныя фотаархівы, і асабістыя ўспаміны, і погляды на самы вядомы твор “Палеская хроніка”. Але гэтым тэмы не вычэрпваюцца. Напрыканцы слотнага недалютага “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман” і “Бярозка” прапаноўваюць чытачам вялікую палітру эмоцый і пачуццяў: ад журбы да жарсці, ад настальгіі да жыццясцвярджальнай прагі падзей.


Досвед пражытага ўскладзе на плечы чытачоў часопіса “Полымя” Навум Гальпяровіч сваёй “Словаў гарачай повеззю” – вершамі, зразумела. Тут і пра жыццё паэта, і пра сланечнікі Ван Гога, што раптам “ззяюць у бацькавым двары”,  і пра творчыя ваганні… Уся літаратурная лабараторыя як на далоні. Маладыя і гарачыя, чытайце ды запамінайце. Калі раптам вершы прагу настальгіі не наталяць, можна прачытаць прозу. Алесь Марціновіч прапаноўвае паглыбіцца ў яго былое. “Былое, але не думы” – такую назву носіць “сёе-тое з пражытага і перажытага”. Тым больш, калі вы чыталі пачатак у папярэднім нумары, варта даведацца, што яшчэ ўзгадваецца аўтару. А ўзгадваецца пра першае каханне ў трэцім класе, пра тое, як правільна выбіраць урывак з рамана, калі трэба толькі 8 старонак тэксту, збягаць гарачым працоўным днём у лазню так, каб ніхто не заўважыў і г. д. Літаратурнае жыццё па-за вокладкамі кніг, за дзвярыма рэдакцый, без мармуровых помнікаў – усё як ёсць.

А далей будзе 5 старонак пакуты. Зразумела, не для чытача – для герояў апавядання “Праязны білет” Алеся Ветаха. Песімісты пакутуюць ад неідэальнасці жыцця, аптымісты – ад песімістаў, а чытач будзе пакутліва вырашаць, да каго ж яму далучыцца: і тыя і тыя маюць рацыю. А перамогуць у выніку… прачытайце, тады даведаецеся, хто.

А “Галасы свету” прапаноўваюць эквадорскую жарсць разам з паэзіяй Хорхэ Карэра Андрадэ. Той перанясе нас у паэзію магічнага рэалізму, дзе Цётка Ісаліна паэтычна мые падлогу і завіхраецца на кухні, дзе ўсе мы едзем па чыгунцы часу ў кампаніі старых каструль, распавядзе, хто ж ён – чалавек Эквадора і якая філасофія ў дыму. Паразумецца з паэтам дапамаглі Юлія Алейчанка, Уладзімір Мазго, Адам Шостак. Сапраўдны падарунак атрымаюць аматары сусветнай класікі па-беларуску. “Яўгеній Анегін” зноў размаўляе “па-мужыцку”, дзякуючы Валянціне Аколавай і Валянціне Сярых, што знайшла пераклад у архіве паэткі і сяброўкі пасля яе смерці. Тэарэтыкі літаратуры знойдуць артыкул, прысвечаны творчай індывідуальнасці Алеся Бадака ад Ірыны Шаўляковай-Барзенка, (“Паэзія рэча(ў)існасці”) і даведаюцца пра вобраз ізгоя ва ўкраінскай прозе 90-х гг мінулага стагоддзя дзякуючы Уладзіміру Даніленку.Тыя, каго цікавіць больш асабістае, могуць прачытаць успаміны Міколы Гіля “Мой сябра Міша Стральцоў”.

Часопіс “Маладосць” традыцыйна ў пачатку прапаноўвае нам зазірнуць у прыватныя фотаархівы. Сяргей Панізнік паказвае калісьці зробленае ім фота Івана Мележа. А яшчэ – уласны партрэт, падчас стварэння якога Іван Паўлавіч быў ужо ў ролі фатографа. А самае цікавае – прыгожы, мужны, шчыры верш, які Мележ прысвяціў Максіму Багдановічу. Можна прачытаць штосьці яшчэ больш асабістае: артыкул Ларысы Мележ, які таксама багата суправаджаецца архіўнымі фота.

Далей “Маладосць” прапаноўвае пазнаёміцца з маладой пісьменніцай Алінай Длатоўскай. У яе хутка з’явіцца сапраўдная кніжка. Дакладней, яна ўжо існуе – першыя старонкі можна сабраць ў праекце “Аповесць-канструктар” у часопісе “Бярозка”. Аліна распавядзе нам, чым кіравалася, ствараючы аповесць, заснаваную на беларускай міфалогіі, хто дапамагае ёй змагацца з творчымі сумневамі і ў чым, на яе погляд, асаблівасць твораў для дзяцей. Яна Мусвідас і Андрэй Мартыновіч прапануюць чытачам свае дзённікі – менавіта адтуль, здаецца, ўзяліся іх тэксты – назіранні і разважанні пра жыццё. А што, можа быць, і вы з нечым згодныя? А калі вас цікавіць больш прадметная размова, прачытайце матэрыял Маргарыты Дзяхцяр пра майстрыц-ткачых. Не пра нашых бабуль ды прабабуль, а пра самых сучасных, што ткуць векавыя ўзоры з сённешніх нітак.

Што да літаратурных твораў, аўтары якіх друкуюцца ўпершыню, то яны акунаюць нас у рамантыку. Часам са слядамі падлеткавага цынізма (гэта я пра вершы Дзяніса Шпіронка) ці наіўнай веры (у апавяданні “Пра каханне” Анастасіі Падрабінкінай). Аматараў сучаснай, крыху няшчаснай рамантыкі спадабаюцца вершы Таццяны Сівец: там моцныя прынцэсы змагаюцца за каханне, адорваюць сваіх выбраннікаў горамі, праходзяць усялякія выпрабаванні, што заўсёды падалі толькі на плечы жанчын. А вось Марыя Кобец у сваіх вершах запрашае паразмашляць пра рэчы больш глабальныя, філасофскія. Айцец Яўстафій таксама прапаноўвае нам шукаць ісціну – ў звароце да чысціні дзяцінства. А Уладзімір Мажылоўскі – майстар гістарычнай прозы - публікуе дзве дэтэктыўна-гістарычныя аповесці – “У цені крыжа” і “Ракавая памылка”, дзе перагукаюцца, загадкава пераплятаюцца стагоддзі.

Рубрыка “Пераклады” прапаноўвае пазнаёміцца з творамі Чарльза Дэ Лінта – прыхільніка жанра “міфалагічнай фантазіі”. Проза, зусім не падобная да нашай. Свет, дзе магія  - гэта не проста здольнасць чытаць думкі ці адшукваць збеглых сабачак па фотаздымку і касмылю поўсці. Магія – гэта штосьці натуральнае, што жыве ў крыві, у зорным небе, у пустыні за горадам… Давайце прачытаем, можа, і мы знойдзем у сабе дар прабабулі-вядзьмаркі ці адчуем адмысловую магічнасць свайго жыцця?

Часопіс “Нёман” адкрываецца раманам “Бесядзь цячэ ў акіян” Леаніда Левановіча. Хто цікавіцца савецкім палітычным закуліссем на розных узроўнях – ад кіраўніцтва звычайнага райкома да самых высокіх прадстаўнікоў улады, знойдзе штосьці цікавае.  Аматарам чытаць чужыя дзённікі даспадобы прыдуцца “Звычайныя шчаслівыя дні”. Іх аўтар  і герой – Юлія Бекер – вось хто яскрава вылучаецца ў часопісе. Без шэрай будзённасці, ваганняў і пакут, усё проста, сонечна і светла, нягледзячы ні на што. Хто яшчэ не ведае, як жыць, прачытайце і зразумееце: менавіта так.

Аляксандр Сілецкі прапаноўвае нам зазірнуць у магчымую (Не дай Божа) будучыню. Уявіце сабе: кнігі цалкам замянілі электронныя аналагі з магчымасцямі, недасяжнымі для папяровага арыгінала. Але што дзіўна: аб’ект ухвалення, калекцыянавання, захаплення – менавіта яны, папяровыя недаўгавечныя і неверагодна рэдкія зараз кнігі. Люцый-Пров Гальбовіц – наладчык электронных сістэм чытання, які палка жадае хаця б патрымаць сапраўдную кнігу ў руках. Але знаёмыя калекцыянеры хаваюць свае скарбы за шклянымі дзвярыма, толькі выхваляюцца, як моц ведаў цячэ па пальцах, калі дакранаешся да рознакаляровых карэньчыкаў. Наладчык зайздросціць сваім знаёмым, пакуль аднойчы не разгортвае адну з кніг…

Рубрыка “Сябрына” прапаноўвае чытачам маладую расійскую прозу. І тут зноў змаганне аптымістаў з песімістамі. Алена Тулушава запрашае нас здзівіцца неверагодным цудоўным супадзенням, якія штодзень стварае для нас лёс. Асаблівай таямніцай яны ахутаныя тады, калі падзеі адбываюцца ў месцы, дзе з’яўляюцца новыя жыцці – ў радзільным доме. “Цудаў хочацца” – кажа Алена Тулушава і яе галоўны герой. А будуць яны ці не будуць, скажа кожны чытач. Андрэй Цімафееў глядзіць на жыццё праз акуляры больш цёмныя: ён запрашае нас на вясковае вяселле, больш падобнае на пахаванне, як піша сам аўтар.

А далей усё сур’ёзна: Ігар Аўласенка прапаноўвае адзначыць 95-годдзе Івана Мележа: перачытаць разам “Палесскую хроніку”. Паглыбіцца ў гісторыю стварэння трылогіі, якая мусіла быць пенталогіяй, разабрацца ў матывах і аўтара, і герояў, унікнуць у гістарычны кантэкст… А Міхаіл Вішнеўскі распавядзе нам пра сацыяльную філасофію А. А. Зіноўева ў артыкуле “Навуковыя ідэі і паўсядзённыя назіранні. А на развітанне паразважаем пра нацыянальныя літаратуры разам з Казбекам Султанавым.

“Бярозка” запрашае нас у музей прыроды і Экалогіі Беларусі. Паглядзім на жаўтагаловага каралька – самую маленькую птушку Беларусі, пазнаёмімся з птушкай, якая памятае маманта – пардвай, даведаемся, каго называюць беларускім папугаем і шмат яшчэ чаго цікавага.

Людміла Рубеўская – пісьменніца, паэтка, журналістка, распавядзе, як школьныя гады закалялі яе характар, як правільна крытыкаваць і хваліць творчых людзей, і як мокры п’яны енот вызначае, добры ты паэт, ці дрэнны. Дарэчы, “Бярозцы” стала цесна на сваіх папяровых старонках, таму частка матэрыялаў цяпер на старонцы электроннай. Вось і псіхалагічную дапамогу цяпер аказваюць віртуальна: першакласнік з яблыкам, прасунуты старшакласнік, шкодная настаўніца і бабуля з пруткамі, якія давалі слушныя парады ў “Сітуацыі плюс” цяпер пераехалі ў інтэрнэт. А праблему, дарэчы, гэтым разам разглядаюць сур’ёзную: лішняя вага ў школьнікаў, што з ёй рабіць? “Настаўніцкая на праслушцы” таксама паднімае важнае пытанне: выдатнікі – гэта вундэркінды ці зубрылы? Як ставяцца да “дзясятачнікаў” настаўнікі? Аказалася, не ўсё так проста, бо і выдатнікі бываюць розныя. У рубрыцы “Табе навука” пагутарым з Аляксеям Мухлям і яго вучнямі пра загадкавых істот – сірэн. Прадстаўнікі гэтага атрада – не такія ўжо грацыёзныя і прывабныя, як гаворыцца пра іх у легендах. Маса некаторых прадстаўнікоў – да 4 тон.

Новы праект часопіса, “Я ‒ мастак”, пазнаёміць чытачоў з Раманам Суставым, беларускім таленавітым сучаснікам. Аказваецца, у выяўленчае мастацтва ідуць не толькі натхнёныя юнакі, але і тыя, хто загадзя разумее, што быць мастаком – складаная праца. Усю праўду распавядзе вам Анастасія Сасноўская.  А Алеся Галота возьме на сябе практычныя заняткі: яна прапаноўвае разам намаляваць князя Вітаўта. Ксенія Куніца, што ў імправізаванай школе “Я – мастак” выконвае ролю настаўніка гісторыі мастацтваў, прааналізуе з вамі карціну Станіслава Жукоўскага “Былое. Пакой старога дома”.

Але вернемся да мастацтва слова: “Літаратурныя старонкі” прапаноўваюць вершы Міхася Пазнякова, прозу Анатоля Бензярука і Святланы Быкавай, і, як абяцалася, аповесць-канструктар “Арнаменты” Аліны Длатоўскай. А яшчэ, зразумела, самыя лепшыя творы будучыні беларускай прозы і паэзіі – сучасных школьнікаў.

Загаловак у газеце: Настальгія, жарсць і Іван Мележ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.